Читай и изучай

Библия » Пераклад Анатоля Клышкi

От Марка 12 глава

1 І пачаў Ён казаць ім у прыпавесцях: Пасадзіў чалавек вінаграднік і абнёс агароджаю, і выкапаў выцікальню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.
2 І ў пэўны час паслаў да вінаградараў слугу, каб ён узяў у вінаградараў ад пладоў вінаградніка;
3 а тыя, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.
4 І ён зноў паслаў да іх другога слугу і таго ранілі ў галаву і зняважылі.
5 І паслаў іншага; і таго забілі, і многіх іншых — каго збілі, каго забілі.
6 У яго быў яшчэ адзін — улюбёны сын; ён паслаў яго апошнім да іх, кажучы: Пасаромеюцца майго сына.
7 А тыя вінаградары сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемец; хадзем заб’ём яго, і спадчына будзе наша.
8 І, схапіўшы, яны забілі яго і выкінулі яго за вінаграднік.
9 [Дык] што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і знішчыць вінаградараў і аддасць вінаграднік іншым.
10 Няўжо вы і гэтага ў Пісанні не чыталі: «Камень, які адкінулі будаўнікі, — ён зрабіўся галавою вугла;
11 ад Госпада зрабілася гэта, і яно дзіўнае ў нашых вачах»?
12 І стараліся Яго схапіць, ды баяліся натоўпу, бо зразумелі, што, маючы іх на ўвазе, сказаў Ён прыпавесць. І, пакінуўшы Яго, адышлі.
13 І пасылаюць да Яго некаторых з фарысеяў і з ірадыян, каб прылавіць Яго на слове.
14 І тыя, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і ні на кога не зважаеш: бо не глядзіш на аблічча людзей, а па праўдзе вучыш Божай дарозе; ці дазваляецца даваць падаткі кесару ці не? Даваць нам ці не даваць?
15 Ён жа, ведаючы іх крывадушнасць, казаў ім: Што вы Мяне спакушаеце? Нясіце Мне дынарый, каб я паглядзеў.
16 Яны і прынеслі. І Ён кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? — І яны сказалі Яму: Кесаравы.
17 Ісус жа сказаў ім: Кесарава аддавайце кесару, а Божае — Богу. — І яны вельмі здзіўляліся Яму.
18 І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы:
19 Настаўніку, Маісей напісаў нам, што калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку і не пакіне дзіцяці, то няхай яго брат возьме жонку і ўзновіць патомства свайму брату.
20 Было сем братоў: і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў патомства;
21 і другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы патомства; і трэці таксама;
22 і сем не пакінулі патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына.
23 [Дык] пры ўваскрэсенні, [калі яны ўваскрэснуць], каго з іх яна будзе жонкаю? Бо яна была ў сямі.
24 Ісус сказаў ім: Ці не таму вы памыляецеся, што не ведаеце ні Пісанняў, ані сілы Божай?
25 Бо калі ўваскрэснуць з мёртвых, не жэняцца і не выходзяць замуж, а будуць, як Анёлы ў нябёсах.
26 Пра мёртвых жа, што яны ўваскрэснуць, хіба не чыталі вы ў Маісеевай кнізе, як Бог пры кусце прамовіў яму, кажучы: «Я Бог Аўраамаў, і Бог Ісаакаў, і Бог Іякаваў»?
27 Ён Бог не мёртвых, а жывых; вы вельмі памыляецеся.
28 І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрачаюцца, і бачачы, што добра Ён адказаў ім, спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх?
29 Ісус адказаў: Першая [з усіх запаведзяў]: «Слухай, Ізраіле! Госпад, наш Бог, — Госпад адзіны;
30 і любі Госпада, твайго Бога, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім тваім розумам, і ўсёю тваёю сілай», [— вось першая запаведзь].
31 Другая гэта: «Любі твайго блізкага, як самога сябе». Няма іншай запаведзі большай за гэтыя.
32 І кніжнік сказаў Яму: Добра, Настаўніку! Па праўдзе сказаў Ты, што ёсць Ён адзін і няма іншага, акрамя Яго;
33 і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім разуменнем, і ўсёю сілаю, і любіць блізкага, як самога сябе, гэта больш за ўсе ўсёспаленні і ахвяры.
34 І Ісус, убачыўшы, што ён разумна адказаў, сказаў яму: Недалёка ты ад Царства Божага. — І ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.
35 І, азваўшыся, Ісус казаў, навучаючы ў святыні: Як гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос — Давідаў сын?
36 Сам Давід сказаў у Святым Духу: «Сказаў Госпад майму Госпаду: Сядзі праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў пад Твае ногі».
37 Сам Давід называе Яго Госпадам: дык як жа Ён яго сын? — І вялікі натоўп з асалодаю слухаў Яго.
38 І ў Сваёй навуцы Ён казаў: Сцеражыцеся кніжнікаў, што любяць праходжвацца ў доўгіх шатах і каб віталі іх на рыначных плошчах,
39 і любяць першыя лавы ў сінагогах і першыя месцы на банкетах,
40 што праядаюць удовіны дамы і напаказ доўга моляцца; гэтыя атрымаюць большы прысуд.
41 І, сеўшы насупроць скарбніцы, Ён глядзеў, як натоўп кладзе грошы ў скарбніцу. І многія багацеі шмат клалі.
42 І прыйшла адна ўбогая і паклала дзве лепты, гэта значыць кадрант.
43 І, паклікаўшы Сваіх вучняў, Ён сказаў ім: Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава паклала больш за ўсіх, што клалі ў скарбніцу;
44 бо ўсе ад сваіх лішкаў клалі, яна ж ад сваёй нястачы, усё, што мела, паклала, увесь свой пражытак.

От Марка 12 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.