Читай и изучай

Библия » Пераклад Анатоля Клышкi

От Марка 14 глава

1 А за два дні надыходзіла Пасха і Свята Праснакоў. І першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы Яго схапіць хітрасцю і забіць;
2 бо яны казалі: Толькі не ў свята, каб не было замяшання ў народае.
3 І калі Ён быў у Віфаніі, у доме пракажонага Сімана і ўзлягаў, прыйшла жанчына з алябастравым флаконікам міра з чыстага, найкаштоўнейшага нарда; [і] разбіўшы флаконік, яна ўзліла Яму на галаву.
4 А былі ж некаторыя, што абураліся між сабою, [кажучы]: Навошта рабіць гэткую трату міра?
5 Бо гэтае міро можна было б прадаць больш за трыста дынарыяў і раздаць убогім. — І сурова выгаворвалі ёй.
6 Ісус жа сказаў: Пакіньце яе; што вы робіце ёй прыкрасць. Добры ўчынак яна Мне зрабіла.
7 Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою і, калі хочаце, можаце ім зрабіць дабро, Мяне ж не заўсёды маеце.
8 Што магла, яна зрабіла: загадзя памазала Маё цела для пахавання.
9 Праўду ж кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Евангелле ва ўсім свеце, дык і пра тое, што зрабіла яна, будзе сказана ў яе памяць.
10 А Іуда Іскарыёт, адзін з дванаццаці, пайшоў да першасвятароў, каб выдаць Яго ім.
11 Яны ж, пачуўшы, усцешыліся і абяцалі даць яму серабра. І ён шукаў, як бы ў зручны час выдаць Яго.
12 І ў першы дзень Праснакоў, калі ў ахвяру прыносілі пасху, Яго вучні кажуць Яму: Куды хочаш, каб мы пайшлі і падрыхтавалі Табе спажыць Пасху?
13 І Ён пасылае двух са Сваіх вучняў і кажа ім: Ідзіце ў горад і сустрэнецца вам чалавек, што будзе несці збанок вады; ідзіце ўслед за ім;
14 і куды ён увойдзе, скажыце гаспадару дома: «Настаўнік кажа: «Дзе мой пакой, у якім спажыў бы пасху з Маімі вучнямі?»
15 І ён вам пакажа вялікі верхні пакой, усланы, гатовы: там і падрыхтуйце нам.
16 І пайшлі вучні і прыйшлі ў горад і знайшлі ўсё, як Ён казаў ім, і падрыхтавалі пасху.
17 І калі настаў вечар, прыходзіць Ён з дванаццаццю.
18 І калі яны ўзляглі і елі, Ісус сказаў: Сапраўды кажу вам: адзін з вас выдасць Мяне: ён есць са Мною.
19 Яны зажурыліся і пачалі казаць Яму адзін за адным: Дык не я ж? [І другі: Дык не я]?
20 Ён жа сказаў ім: Адзін з дванаццаці, што мачае са Мною ў міску.
21 Бо Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, ды бяда таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца; лепш было б таму чалавеку, калі б ён не нарадзіўся.
22 І, калі яны елі, Ён, узяўшы хлеб, добраславіўшы, разламаў і даў ім і сказаў: Вазьміце, [ешце], гэта цела Маё.
23 І, узяўшы чашу, падзякаваўшы, даў ім, і пілі з яе ўсе.
24 І Ён сказаў ім: Гэта Мая Кроў [Новага] Запавету, што праліваецца за многіх.
25 Сапраўды кажу вам, што ўжо ні ў якім разе не буду піць ад плоду вінаграднай лазы аж да таго дня, калі буду піць яго новым у Царстве Божым.
26 І, праспяваўшы гімн, яны выйшлі на Аліўную гару.
27 І Ісус кажам ім: Усе вы зняверыцеся [ўва Мне ў гэтую ноч], бо напісана: «Удару пастуха і рассеюцца авечкі».
28 Але пасля таго, як Я буду ўваскрэшаны, Я апярэджу вас у Галілеі.
29 Пётр жа сказаў Яму: Калі і ўсе зняверацца, але не я.
30 І кажа яму Ісус: Сапраўды кажу табе, што ты сёння, гэтай ночы, перш чым двойчы прапяе певень, тройчы ад Мяне адрачэшся.
31 А ён з яшчэ большым націскам казаў: Нават калі б мне належала памерці з Табою, ні ў якім разе не адракуся ад Цябе! — Тое самае казалі і ўсе.
32 І прыходзяць яны ў мясцовасць пад назваю Гефсіманія, і Ён кажа Сваім вучням: Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся.
33 І забірае з Сабою Пятра, Іякава і Іаана; і пачаў Ён жахацца і тужыць.
34 І кажа ім: Вельмі журыцца Мая душа, да смерці; застаньцеся тут і не спіце.
35 І, прайшоўшы крыху ўперад, упаў на зямлю і маліўся, каб Яго, калі можна, абмінула гэтая гадзіна,
36 і казаў: Авва Татухна! Усё мажліва Табе; аднясі гэтую чашу ад Мяне; ды не чаго я хачу, але чаго Ты.
37 І прыходзіць і знаходзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: Сімане, ты спіш? Аднае гадзіны не змог не паспаць?
38 Не спіце і маліцеся, каб не трапіць у спакусу: дух дзейны, а цела нямоглае.
39 І зноў, адышоўшы, Ён памаліўся, кажучы тое самае слова.
40 І зноў, прыйшоўшы, Ён знайшоў, што яны спяць, бо іх вочы ацяжэлі; і яны не ведалі, што Яму адказаць.
41 І прыходзіць трэці раз і кажа ім: Вы ўсё спіце і адпачываеце? Скончана! Надышла гадзіна: вось Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
42 Уставайце, хадзем, вось наблізіўся мой здраднік.
43 І адразу, пакуль Ён яшчэ казаў, прыходзіць Іуда, адзін з дванаццаці, і з ім натоўп з мячамі і каламі — ад першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын.
44 А Яго здраднік даў ім умоўны знак, кажучы: «Каго пацалую, Ён і ёсць: схапіце Яго і вядзіце надзейна».
45 І, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Равві! [Равві!] — і пацалаваў Яго.
46 А яны наклалі рукі на Яго і схапілі Яго.
47 А адзін з тых, што стаялі побач, выхапіўшы меч, ударыў першасвятаровага слугу і адсек яму вуха.
48 І, азваўшыся, Ісус сказаў ім: Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб узяць Мяне?
49 Штодня быў Я з вамі ў святыні, навучаючы, і вы не схапілі Мяне; але няхай спраўдзяцца Пісанні.
50 І ўсе, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
51 А адзін юнак ішоў далей за Ім, ахінуты пакрывалам на голае цела; і яны хапаюць яго.
52 Ён жа, пакінуўшы пакрывала, уцёк голы [ад іх].
53 І адвялі Ісуса да першасвятара; і сходзяцца [да яго] ўсе першасвятары, і старэйшыны, і кніжнікі.
54 І Пётр здалёку ішоў услед за Ім аж у двор першасвятара; і сядзеў разам са слугамі і грэўся пры агні.
55 А першасвятары і ўвесь сінедрыён шукалі супроць Ісуса сведчання, каб аддаць Яго на смерць, і не знаходзілі,
56 бо многія лжыва сведчылі супроць Яго, але сведчанні не супадалі.
57 І некаторыя, устаўшы, ілжыва сведчылі супроць Яго, кажучы:
58 Мы чулі, як Ён казаў: «Я зруйную гэты рукатворны храм і за тры дні збудую іншы, нерукатворны».
59 Але і ў гэтым іх сведчанне не супала.
60 І першасвятар, стаўшы пасярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: Ты нічога не адказваеш, што сведчаць яны супроць Цябе?
61 Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар пытаўся ў Яго, і кажа Яму: Ці Ты Хрыстос, Сын Добраславёнага?
62 І Ісус сказаў: Я; і вы ўбачыце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Божай Сілы і прыходзіць з нябеснямі воблакамі.
63 Першасвятар жа, разарваўшы свае шаты, кажа: Якую яшчэ патрэбу мы маем у сведках?
64 Вы пачулі богазнявагу. Як вам здаецца? — І ўсе асудзілі Яго, што варты смерці.
65 І некаторыя пачалі пляваць у Яго, і закрываць Яму твар, і біць па шчоках, і казаць Яму: Прароч! — І слугі, б’ючы ў твар, узялі Яго.
66 І калі Пётр быў унізе на двары, прыходзіць адна з першасвятаровых служанак
67 і, убачыўшы, што Пётр грэецца, угледзелася ў яго і кажа: І ты быў з Назаранінам, Ісусам.
68 Ён жа адрокся, кажучы: Я не ведаю і не разумею, што ты кажаш. — І выйшаў адтуль на пярэдні двор [і запяяў певень].
69 І служанка, убачыўшы яго, зноў пачала казаць тым, што стаялі побач: Гэты — адзін з іх.
70 Ён жа зноў адрокся. І неўзабаве зноў тыя, што стаялі побач, казалі Пятру: Сапраўды ты з іх, бо і ты галілеец [і гаворка твая падобная].
71 Ён жа пачаў заракацца і клясціся: Не ведаю я Гэтага Чалавека, пра Якога вы кажаце.
72 І адразу другі раз запяяў певень. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Ісус: «Перш, чым двойчы прапяе певень, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І выбухнуў плачам.

От Марка 14 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.