Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
Римлянам 2 глава
1 Таму няма табе прабачэння, окожны чалавеча, што судзіш, бо ў тым, у чым судзіш іншага, ты асуджаеш сябе, бо, судзячы, ты робіш тое самае.
2 А мы ведаем, што суд Божы паводле праўды на тых, хто робіць такое.
3 І ты так лічыш, чалавеча, судзячы тых, што робяць такое, а сам, робячы тое ж, што ты ўцячэш ад суда Божага?
4 Ці ты пагарджаеш багаццем Яго дабрыні, спагадлівасці і доўгацярплівасці, не ведаючы, што дабрыня Божая вядзе цябе да пакаяння?
5 Але з-за тваёй жорсткасці і нераскаянага сэрца ты сам сабе збіраеш гнеў на дзень гневу і адкрыцця правасуддзя ад Бога,
6 Які аддасць кожнаму паводле яго ўчынкаў:
7 тым, хто вытрываласцю ў добрай справе шукае славы, гонару і нятлення, — вечнае жыццё;
8 тым жа, хто своекарыслівы і неслухаецца праўды, аслухаецца няправеднасці — гнеў і лютасць.
9 Гора і ўціск на душу кожнага чалавека, хто чыніць ліхое, — і іудзея, па-першае, і эліна.
10 Слава ж, і гонар, і мір — кожнаму, хто робіць дабро, і іудзею, па-першае, і эліну:
11 бо няма ў Бога зважання на асобы.
12 Бо ўсе, якія без закону саграшылі, без закону і загінуць; а ўсе, якія пад законам саграшылі, паводле закону будуць асуджаны.
13 Бо не слухачы закону праведныя ў Бога, а тыя, хто выконвае закон, будуць апраўданыя.
14 Бо, калі язычнікі, у якіх няма закону, з прыроды робяць законнае, яны, не маючы закону, самі сабе закон;
15 яны паказваюць, што змест закону напісаны ў іх сэрцах, калі сведчаць іх сумленне і развагі, на змену то абвінавачваючы, то і абараняючы іх,
16 у дзень, калі Бог будзе судзіць патаемнае людзей праз Ісуса Хрыста, паводле майго дабравешчання.
17 Калі ж ты называешся іудзеем, і абапіраешся на закон, і хвалішся Богам,
18 і ведаеш Яго волю і распазнаеш тое, што лепшае, навучаючыся з закона,
19 і ўпэўнены, што ты сам павадыр сляпых, святло для тых, хто ў цемры,
20 выхавальнік неразумных, настаўнік дзяцей, маеш узор ведання і праўды ў законе;
21 дык ты, які вучыш другога, сябе самога не вучыш? Абвяшчаючы не красці, крадзеш?
22 Кажучы не чужаложыць — чужаложыш? Брыдзячыся ідалаў, рабуеш капішчы?
23 Ты, што выхваляешся законам, пераступаючы закон, зневажаеш Бога!
24 Бо «імя Божае з-за вас блюзнерыцца між язычнікаў», як напісана.
25 Бо абразанне дае карысць, калі ты выконваеш закон, калі ж ты парушальнік закону, то тваё абразанне зрабілася не абразаннем.
26 Дык калі неабрэзаны выконвае патрабаванні закону, хіба яго неабразанне не залічыцца ў абразанне?
27 І неабрэзаны з прыроды, калі выконвае закон, будзе судзіць цябе, таго, хто праз літару і абразанне — парушальнік закону.
28 Бо іудзей не той, хто такі з выгляду, і абразанне не тое, што звонку, на целе;
29 а той іудзей, хто такі ўнутры, і абразанне — гэта абразанне сэрца, у духу, не ў літары; яму пахвала — не ад людзей, а ад Бога.
Римлянам 2 глава в переводах