Библия » Пераклад Анатоля Клышкi
Евреям 10 глава
1 Бо закон, маючы цень будучага дабра, а не сам вобраз рэчаў, ніколі не можа аднымі і тымі ж ахвярамі штогод, якія заўсёды прыносяць, зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць;
2 а то хіба не перасталі б іх прыносіць, бо тыя, што прыносяць ахвяры, будучы адзін раз ачышчаныя, ужо не мелі б усведамлення грахоў?
3 Але ў гэтых ахвярах — напамінанне пра грахі штогод;
4 бо немагчыма, каб кроў быкоў і казлоў забірала грахі.
5 Таму Ён, уваходзячы ў свет, кажа: «Ахвяры і прынашэння Ты не захацеў, а падрыхтаваў Мне цела;
6 усеспаленні і ахвяры за грэх не былі даспадобы Табе.
7 Тады Я сказаў: «Вось, Я прыйшоў (як у скрутку кнігі напісана пра Мяне) каб выканаць, Божа, Тваю волю».
8 Кажучы перад гэтым: «Ахвяраў, і прынашэнняў, і ўсеспаленняў, і ахвяраў за грэх Ты не захацеў і Табе яны не былі даспадобы (гэта тыя, што прыносяццца паводле закона),
9 Ён тады сказаў: «Вось, іду, каб выканаць, [Божа], Тваю волю». Ён адмяняе першае, каб паставіць другое.
10 І гэтай воляю мы асвечаны прынясеннем цела Ісуса Хрыста раз і назаўсёды.
11 І кожны святар стаіць штодня, служачы і прыносячы шматразова адны і тыя ж ахвяры, якія ніколі не могуць зняць грахі,
12 а Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,
13 чакаючы далей, пакуль Яго ворагі не будуць пакладзены ў падножжа Яго ног.
14 Бо Ён адным прынашэннем зрабіў назаўсёды дасканалымі тых, хто асвечваецца.
15 І Святы Дух таксама сведчыць нам, бо пасля таго, як Ён сказаў:
16 «Вось запавет, які Я заключу з імі пасля тых дзён, — кажа Госпад, — Я ўкладу Мае законы ў іх сэрца, і ў іх розуме Я напішу іх»,
17 Ён кажа: «І іх грахоў і іх беззаконняў не ўспомню болей».
18 А дзе дараванне гэтага, там ужо непатрэбна прынашэння за грэх.
19 Дык, браты, маючы ўпэўненасць для ўваходу ў святое святых праз Кроў Ісуса,
20 які Ён адкрыў нам як новую і жывую дарогу праз заслону, гэта значыць праз Сваё цела,
21 і маючы вялікага Святара над домам Божым,
22 прыступайма да святога святых са шчырым сэрцам, з поўнаю верай, акрапіўшы сэрцы ад заганнага сумлення і абмыўшы цела чыстаю вадою;
23 трымаймася непахісна вызнання надзеі, бо верны Той, Хто абяцаў;
24 і будзьма ўважлівыя адзін да аднаго, заахвочваючы да любові і добрых учынкаў,
25 не пакідаючы свайго сходу, як сталася звычкаю ў некаторых, а падбадзёрваючы адзін аднаго; і тым больш, чым больш вы бачыце, што набліжаецца той дзень.
26 Бо калі самохаць грашым пасля таго, як атрымалі пазнанне праўды, ужо не застаецца ахвяры за грахі,
27 а застаецца нейкае страшнае чаканне суда і лютасць агню, які павінен пажэрці праціўнікаў.
28 Калі хто-небудзь адкінуў закон Маісея, памірае без спачування на падаставе паказанняў двух або трох сведак;
29 наколькі горшай кары, падумайце вы, будзе варты той, хто патаптаў Сына Божага і палічыў за звычайную Кроў запавету, якою быў асвечаны, і Духа ласкі зняважыў?
30 Бо мы ведаем Таго, Хто сказаў:«Мне належыць помста, Я адплачу», [кажа Госпад]. І яшчэ: «Госпад будзе судзіць Свой народ».
31 Страшна трапіць у рукі жывога Бога.
32 Але ўспамінайце ранейшыя [вашы] дні, калі вы, ужо асвечаныя, выстаялі ў вялікай барацьбе ў пакутах,
33 то выстаўленыя напаказ на знявагі і здзекі, то знаходзячыся з тымі, з кім так абыходзіліся.
34 Бо вы і зняволеным спачувалі, і рабаванне вашай маёмасці прынялі з радасцю, ведаючы, што ў саміх вас ёсць маёмасць лепшая і непераходная.
35 Дык не адкідайце вашай упэўненасці, у якой ёсць вялікая ўзнагарода.
36 Бо вам патрэбна вытрываласць, каб вы, выканаўшы волю Божую, атрымалі абяцанае.
37 «Бо яшчэ няшмат, зусім няшмат — і прыйдзе Той, Хто павінен прыйсці, і не замарудзіць.
38 А праведны Мой будзе жыць вераю; і калі ён адступіць, то яго не ўпадабае Мая душа».
39 Але мы не з тых, хто адступае на пагібель, а з тых, хто стаіць у веры для выратавання душы.
Евреям 10 глава в переводах