Библия » Пераклад Антонія Бокуна
1 Паралипоменон 10 глава
1 І Філістынцы ваявалі з Ізраілем, і ўцяклі Ізраільцяне ад Філістынцаў, і падалі забітыя на гары Гільбоа.
2 І атакавалі Філістынцы Саўла і сыноў ягоных, і забілі Філістынцы Ёнатана, Абінадава і Малькішуа, сыноў Саўла.
3 І была цяжкая бітва з Саўлам, і знайшлі яго лучнікі, і ён быў паранены лучнікамі.
4 І сказаў Саўл збраяносцу свайму: «Выцягні меч твой і забі мяне ім, каб не прыйшлі гэтыя неабрэзаныя і ня зьдзекваліся з мяне». Але збраяносец не адважыўся, бо вельмі спалохаўся. І ўзяў Саўл меч, і ўпаў на яго.
5 І ўбачыў збраяносец, што Саўл памёр, і сам упаў на меч, і памёр.
6 І памёр Саўл, і тры сыны ягоныя разам з ім памерлі.
7 І ўбачылі ўсе людзі Ізраіля, якія былі ў даліне, што [ўсе] ўцякаюць, і што забітыя Саўл і сыны ягоныя, і пакінулі яны гарады свае, і разьбегліся. І прыйшлі Філістынцы, і пасяліліся ў іх.
8 І сталася назаўтра, што прыйшлі Філістынцы рабаваць забітых, і знайшлі Саўла і сыноў ягоных, забітых на гары Гільбоа.
9 І абрабавалі яго, і ўзялі галаву ягоную і зброю ягоную, і насілі па зямлі Філістынскай навокал, каб паведаміць ідалам сваім і народу.
10 І палажылі зброю ягоную ў доме багоў сваіх, і чэрап ягоны зьмясьцілі ў доме Дагона.
11 І пачуў увесь Ябэш у Гілеадзе ўсё, што зрабілі Філістынцы Саўлу,
12 і ўсталі ўсе людзі мужныя, і забралі цела Саўла і целы сыноў ягоных, і прынесьлі іх у Ябэш, і пахавалі косткі іхнія пад дубам у Ябэшы, і посьцілі сем дзён.
13 І памёр Саўл за правіну сваю, якою правініўся супраць ГОСПАДА, супраць слова ГОСПАДА, якога ён не пільнаваў, і таксама за тое, што пытаўся ў чараўніцы, каб шукаць рады,
14 а не шукаў рады ў ГОСПАДА. І Ён усьмерціў яго, і перадаў валадарства Давіду, сыну Есэя.
1 Паралипоменон 10 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча