Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

2 Паралипоменон 11 глава

1 І прыйшоў Рэхабаам у Ерусалім, і сабраў з дому Юды і Бэн’яміна сто восемдзясят тысячаў выбраных ваяроў, каб ваяваць з Ізраілем і вярнуць валадарства Рэхабааму.
2 І было слова ГОСПАДА да Шэмаі, чалавека Божага, кажучы:
3 «Скажы Рэхабааму, сыну Салямона, валадару Юды, і ўсяму Ізраілю ў Юдзе і Бэн’яміне, кажучы:
4 “Гэтак кажа ГОСПАД. Не выходзьце і не ваюйце з братамі сваімі. Вярніцеся кожны ў дом свой, бо ад Мяне сталася рэч гэтая”». І яны паслухалі словаў ГОСПАДА, і вярнуліся з паходу на Ерабаама.
5 І жыў Рэхабаам у Ерусаліме, і пабудаваў цьвярдыні ў гарадах Юды.
6 І ён пабудаваў [іх] у Бэтлееме, Этаме, Тэкоа,
7 Бэтцуры, Сахо, Адуляме,
8 Гаце, Марэшы, Зіфе,
9 Адараіме, Ляхішы, Азэцы,
10 Цоры, Аялоне і Хеўроне, якія былі ў Юдзе і Бэн’яміне гарадамі ўмацаванымі.
11 І ўмацаваў ён гэтыя крэпасьці, і даў ім начальнікаў, і склады харчоў, алею і віна,
12 і ў-ва ўсіх гарадах злажыў шчыты і дзіды, і вельмі моцна іх умацаваў. І былі ў яго Юда і Бэн’ямін.
13 І сьвятары і лявіты, якія [былі] ў-ва ўсёй зямлі Ізраіля, зьбіраліся да яго з усіх межаў сваіх;
14 бо пакінулі Лявіты пашы свае і ўласнасьць сваю, і прыйшлі ў Юду і ў Ерусалім, бо Ерабаам і сыны ягоныя адсунулі іх ад сьвятарства ГОСПАДАВАГА,
15 і прызначылі ў сябе сьвятароў для ўзгоркаў і для казлоў, і для быкоў, якіх ён зрабіў.
16 А за імі з усіх каленаў Ізраіля тыя, што аддалі сэрцы свае, каб шукаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, прыходзілі ў Ерусалім, каб складаць ахвяры ГОСПАДУ, Богу бацькоў сваіх.
17 І ўмацавалі яны валадарства Юды, і зрабілі за тры гады мацнейшым Рэхабаама, сына Салямона, бо хадзілі шляхам Давіда і Салямона гэтыя тры гады.
18 І ўзяў сабе Рэхабаам за жонку Махалят, дачку Ерымота, сына Давіда, і Абігайль, дачку Эліява, сына Есэя.
19 І яна нарадзіла яму сыноў: Еуша, Шэмарыю і Загама.
20 А пасьля яе ён узяў Мааху, дачку Абсалома, і яна нарадзіла яму Абію, Аттая, Зізу і Шэляміта.
21 І любіў Рэхабаам Мааху, дачку Абсалома, больш за ўсіх жонак сваіх і наложніцаў сваіх, бо ён узяў васямнаццаць жонак і шэсьцьдзясят наложніцаў, і нарадзіў дваццаць восем сыноў і шэсьцьдзясят дачок.
22 І паставіў Рэхабаам Абію, сына Маахі, за начальніка над братамі ягонымі, каб паставіць яго за валадара.
23 І ён дзейнічаў разумна, і разьмясьціў усіх сыноў па ўсіх землях Юды і Бэн’яміна, у-ва ўсіх гарадах умацаваных, і даў ім шмат харчоў, і пазнаходзіў [ім] шмат жонак.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.