Библия » Пераклад Антонія Бокуна
2 Паралипоменон 13 глава
1 У васямнаццатым годзе валадара Ерабаама заваладарыў Абія над Юдаю.
2 Тры гады ён валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай — Міхая, дачка Урыэля з Гівы. І была вайна паміж Абіям і Ерабаамам.
3 І скіраваў Абія на вайну войска, ваяроў спраўных чатырыста тысячаў выбранцоў; а Ерабаам выйшаў супраць яго на вайну з васьмістамі тысячамі выбранцоў, ваяроў мужных.
4 І стаў Абія на вяршыні гары Цэмараім, якая ў гарах Эфраіма, і сказаў: «Паслухайце мяне, Ерабаам і ўвесь Ізраіль!
5 Ці ж вы ня ведаеце, што ГОСПАД, Бог Ізраіля, даў валадарства Давіду над Ізраілем на вякі, яму і сынам ягоным, як запавет солі?
6 І паўстаў Ерабаам, сын Навата, слуга Салямона, сына Давіда, і збунтаваўся супраць гаспадара свайго.
7 І сабраліся да яго людзі пустыя, сыны Бэліяла, і ўмацаваліся супраць Рэхабаама, сына Салямона. А Рэхабаам быў малады і слабы сэрцам, і ня вытрымаў перад абліччам іхнім.
8 І цяпер вы кажаце, што вытрымаеце перад абліччам валадарства ГОСПАДА, [якое] ў руцэ сыноў Давіда, і вас вялікае мноства, і з вамі быкі залатыя, якіх Ерабаам зрабіў для вас як багоў.
9 Ці ж ня вы выгналі сьвятароў ГОСПАДА, сыноў Аарона, і лявітаў, і нарабілі для сябе сьвятароў, як [робяць] народы земляў [гэтых]? Кожны, хто прыходзіць, каб напоўніць руку сваю, з цялём, маладым бычком і з сямёма баранамі, становіцца сьвятаром для таго, хто ня ёсьць Богам.
10 А мы [маем] ГОСПАДА, Бога нашага, і мы не пакінулі Яго, і сьвятары, якія служаць ГОСПАДУ — сыны Аарона, і лявіты пры працы сваёй.
11 І яны складаюць ГОСПАДУ цэласпаленьні кожную раніцу, і кожны вечар — пахкае кадзіла, і хлябы пакладныя — на стале чыстым, і сьвечнік залаты і лямпы ягоныя запальваюць кожны вечар, бо мы захоўваем загады ГОСПАДА, Бога нашага, а вы пакінулі Яго.
12 І вось, з намі на чале Бог, і сьвятары Ягоныя, і трубы гучныя, каб трубіць супраць вас. Сыны Ізраіля, не ваюйце з ГОСПАДАМ, Богам бацькоў вашых, бо не пераможаце».
13 І Ерабаам выправіў засаду, каб зайшла ззаду іх, і быў ён перад абліччам Юды, а засада — ззаду іх.
14 І павярнуўся Юда, і вось, у іх бітва сьпераду і ззаду. І клікалі яны да ГОСПАДА, і сьвятары затрубілі ў трубы.
15 І закрычалі людзі Юды. І сталася, калі закрычалі людзі Юды, Бог ударыў Ерабаама і ўсяго Ізраіля перад абліччам Абіі і Юды.
16 І ўцяклі сыны Ізраіля перад абліччам Юды, і аддаў іх Бог у руку іхнюю.
17 І ўдарылі іх Абія і народ ягоны паразаю вялікаю, і ўпала забітых у Ізраілі пяцьсот тысячаў мужоў выбраных.
18 І былі ўпакораныя сыны Ізраіля ў той час, і былі ўмацаваныя сыны Юды, бо яны абапіраліся на ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.
19 І гнаўся Абія за Ерабаамам, і здабыў у яго гарады: Бэтэль і вёскі ягоныя, і Ешану і вёскі ейныя, і Эфрон і вёскі ягоныя.
20 І не аднавіў ужо сілу Ерабаам у дні Абіі. І ўдарыў яго ГОСПАД, і ён памёр.
21 І ўмацаваўся Абія, і ўзяў чатырнаццаць жонак, і нарадзіў дваццаць два сыны і шаснаццаць дачок.
22 А рэшта дзеяньняў Абіі, і шляхі ягоныя, і словы ягоныя запісаныя ў гісторыі прарока Іддо.
2 Паралипоменон 13 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча