Библия » Пераклад Антонія Бокуна
2 Паралипоменон 15 глава
1 Дух Божы быў на Азарыі, сыне Адэда.
2 І выйшаў ён перад аблічча Асы, і сказаў яму: «Паслухайце мяне, Аса і ўвесь Юда і Бэн’ямін. ГОСПАД з вамі, калі вы будзеце з Ім; і калі будзеце шукаць Яго, Ён дасьць вам знайсьці Сябе; калі ж вы пакінеце Яго, Ён пакіне вас.
3 І шмат дзён Ізраіль быў бяз Бога праўдзівага, і без сьвятара-вучыцеля, і без Закону.
4 І зьвярнуліся яны ў прыгнёце сваім да ГОСПАДА, Бога Ізраіля, і шукалі Яго, і Ён даў ім знайсьці Сябе.
5 А ў тыя часы не было супакою ані таму, хто выйшаў, ані таму, хто прыйшоў, бо вялікая трывога была ў-ва ўсіх жыхароў зямлі.
6 І ваяваў народ супраць народу, і горад супраць гораду, таму што Бог бянтэжыў іх усякімі бядотамі.
7 Але вы будзеце моцныя, і няхай ня слабнуць рукі вашыя, бо ёсьць нагарода за ўчынкі вашыя».
8 І калі Аса пачуў словы гэтыя і прароцтва [сына] Абэда, прарока, ён умацаваўся і выкінуў брыдоту з усёй зямлі Юды, і з Бэн’яміна, і з гарадоў, якія ён здабыў на гары Эфраіма, і аднавіў ахвярнік ГОСПАДА, які перад прысенкам ГОСПАДА.
9 І сабраў ён усяго Юду і Бэн’яміна, і тых, што жылі з імі з Эфраіма, з Манасы і з Сымона, бо мноства іх перайшло з Ізраіля, калі яны ўбачылі, што ГОСПАД, Бог ягоны, з ім.
10 І сабраліся яны ў Ерусаліме ў трэці месяц пятнаццатага году валадараньня Асы.
11 І ахвяравалі яны ГОСПАДУ ў той дзень са здабычы, якую прывялі, з валоў — сямсот і з авечак — сем тысячаў,
12 і ўвайшлі ў запавет, каб шукаць ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, усім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй.
13 І кожны, хто ня будзе шукаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, мае памерці, ад малога аж да вялікага і ад мужчыны аж да жанчыны.
14 І прысягалі яны ГОСПАДУ голасам вялікім з гуканьнем, з гукам] трубаў і [гукам] рагоў.
15 І радаваўся ўвесь Юда з прысягі гэтай, бо яны прысягалі ўсім сэрцам сваім, і ўсім жаданьнем сваім шукалі Яго, і Ён даў ім знайсьці Сябе. І даў ім ГОСПАД супакой навокал.
16 І нават Мааху, маці Асы, валадар пазбавіў годнасьці валадарскай за тое, што яна зрабіла ідала Астарты. І пасек Аса ідала, і патоўк, і спаліў каля ручая Кедрон.
17 Але ўзгоркі не былі зьнішчаныя ў Ізраілі, аднак сэрца Асы было цалкам [з Госпадам] усе дні ягоныя.
18 І прынёс ён у Дом Божы рэчы пасьвячоныя бацькі свайго і рэчы пасьвячоныя свае — срэбра і золата, і посуд.
19 І не было вайны да трыццаць пятага году валадараньня Асы.
2 Паралипоменон 15 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча