Библия » Пераклад Антонія Бокуна
2 Паралипоменон 20 глава
1 І сталася пасьля гэтага, прыйшлі сыны Мааву і сыны Амона, і з імі Мэуняне ваяваць з Язафатам.
2 І прыйшлі, і паведамілі Язафату, кажучы: «Ідзе на цябе вялікае мноства з таго боку мора, з Сірыі, і вось, яны ў Хацацон-Тамары, гэта Эн-Геды».
3 І спалохаўся Язафат, і зьвярнуў аблічча сваё, каб шукаць ГОСПАДА, і абвясьціў пост у-ва ўсім Юдзе.
4 І сабраўся Юда шукаць ГОСПАДА, таксама з усіх гарадоў Юды прыйшлі шукаць ГОСПАДА.
5 І стаў Язафат у царкве Юды і Ерусаліму ў Доме ГОСПАДА перад новым панадворкам,
6 і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа бацькоў нашых! Ці ня Ты — Бог у небе? І Ты пануеш над усімі валадарствамі народаў, і ў руцэ Тваёй сіла і моц, і ніхто ня можа супрацівіцца Табе!
7 Ці ня Ты, Божа наш, выгнаў жыхароў зямлі гэтай перад абліччам народу Твайго, Ізраіля, і аддаў яе насеньню Абрагама, сябра Твайго, на вякі?
8 І яны пасяліліся ў ёй, і пабудавалі Табе ў ёй сьвятыню для імя Твайго, кажучы:
9 “Калі прыйдзе на нас бяда: меч, пакараньне, пошасьць і голад, мы станем перад Домам гэтым і перад абліччам Тваім, бо імя Тваё ў Доме гэтым, і будзем клікаць да Цябе ў горы нашым, і Ты пачуеш, і выратуеш!”
10 І цяпер, вось, сыны Амона, Мааву і [жыхары] гары Сэір, праз якіх Ты не дазволіў Ізраілю перайсьці, калі ён выходзіў з зямлі Эгіпецкай, і яны абмінулі іх, і ня зьнішчылі іх.
11 І вось, яны плацяць нам тым, што прыйшлі выгнаць нас са спадчыны Тваёй, якую Ты даў нам як спадчыну.
12 Божа наш! Ці Ты ня будзеш судзіць іх? Бо няма ў нас сілы супраць мноства гэтага, якое прыйшло на нас, і мы ня ведаем, што рабіць, але да Цябе вочы нашыя!»
13 І ўвесь Юда стаяў перада абліччам ГОСПАДА, таксама дзеці іхнія, жонкі іхнія і сыны іхнія.
14 І на Яхазіэля, сына Захарыі, сына Бэнаі, сына Еіэля, сына Маттаніі, лявіта з сыноў Асафа, зыйшоў Дух ГОСПАДА сярод царквы.
15 І ён сказаў: «Слухайце, увесь Юда і жыхары Ерусаліму, і валадар Язафат! Гэта кажа вам ГОСПАД: “Ня бойцеся і не палохайцеся мноства гэтага вялікага, бо ня вашая вайна гэтая, але Божая.
16 Заўтра зыйдзіце супраць іх. Вось, яны ўзыходзяць на ўзвышша Цыц, і вы знойдзеце іх на канцы даліны, перад пустыняй Еруэль.
17 Ня вашая бітва гэтая! Вы станьце, стойце і глядзіце на збаўленьне ад ГОСПАДА для вас, Юда і Ерусалім!” Ня бойцеся і не палохайцеся. Заўтра выйдзіце перад аблічча іхняе, і ГОСПАД будзе з вамі».
18 І пакланіўся Язафат абліччам да зямлі, і ўвесь Юда і жыхары Ерусаліму ўпалі перад абліччам ГОСПАДА, каб пакланіцца ГОСПАДУ.
19 І ўсталі лявіты з сыноў Кегата і з сыноў Караха, каб хваліць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, голасам вялікім і ўзьнятым.
20 І ўсталі яны рана раніцаю, і вырушылі ў пустыню Тэкоа. І калі яны выходзілі, устаў Язафат і сказаў: «Паслухайце мяне, Юда і жыхары Ерусаліму! Верце ў ГОСПАДА, Бога вашага, і будзеце непахісныя; верце прарокам Ягоным, і будзеце мець посьпех».
21 І, радзіўся ён з народам, і паставіў сьпевакоў для ГОСПАДА, тых, якія хваляць у велічы сьвятасьці, каб яны ішлі перад узброенымі і казалі: «Выслаўляйце ГОСПАДА, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная!»
22 І ў той час, калі яны пачалі сьпевы і хвалу, ГОСПАД учыніў нязгоду ў сыноў Амона, Мааву і [жыхароў] гары Сэір, якія выйшлі супраць Юды, і яны былі пабітыя.
23 І паўсталі сыны Амона і Мааву на жыхароў гары Сэір, каб выбіць і зьнішчыць; а калі скончылі з жыхарамі Сэіру, паўсталі адны на адных, каб зьнішчыць.
24 І Юда прыйшоў да вартавой вежы ў пустыні, і зьвярнуўся да мноства гэтага, і вось, мёртвыя, якія ляжаць на зямлі, і няма ўратаванага.
25 І прыйшоў Язафат і народ ягоны, каб зрабаваць здабычу іхнюю, і знайшлі ў іх мноства маёмасьці, і мёртвых, і начыньняў каштоўных, і набралі сабе [столькі], што не маглі несьці. І тры дні яны рабавалі здабычу, бо яе было шмат.
26 А ў чацьвёрты дзень яны сабраліся ў даліне Бэраха, бо там яны дабраславілі ГОСПАДА. Дзеля гэтага назвалі імя месца таго даліна Бэраха аж да сёньня.
27 І павярнуліся ўсе мужы Юды і Ерусаліму, і Язафат на чале іх, каб вярнуцца ў Ерусалім з радасьцю, бо ўзрадваў іх ГОСПАД [збаўленьнем] ад ворагаў іхніх.
28 І прыйшлі яны ў Ерусалім з псалтырамі, гусьлямі і трубамі ў Дом ГОСПАДА.
29 І быў страх Божы на ўсіх валадарствах зямлі гэтай, калі яны пачулі, што ГОСПАД ваяваў супраць ворагаў Ізраіля.
30 І было ў супакоі валадарства Язафата, і даў яму Бог ягоны супакой навакол.
31 І валадарыў Язафат над Юдам. Меў ён трыццаць пяць гадоў, калі заваладарыў, і валадарыў дваццаць пяць гадоў у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Азува, дачка Шыльхі.
32 І хадзіў ён шляхам бацькі свайго Асы, і не ўхіляўся з яго, робячы тое, што слушнае ў вачах ГОСПАДА.
33 Толькі ўзгоркі не былі прыбраныя, і народ яшчэ не падрыхтаваў сэрца свайго [быць] пры Богу бацькоў сваіх.
34 А рэшта дзеяньняў Язафата, першыя і апошнія, вось, яны запісаныя ў дзеях Егу, сына Ханані, якая далучана да Кнігі валадароў Ізраіля.
35 А пасьля гэтага Язафат, валадар Юды, злучыўся з Ахазіем, валадаром Ізраіля, які дзейнічаў злачынна.
36 І ён злучыўся з ім, каб будаваць караблі і хадзіць у Таршыш. І яны будавалі караблі ў Эцыён-Гэбэры.
37 І прарочыў Эліэзэр, сын Дадавіі з Марэшы, пра Язафата, кажучы: «За тое, што ты злучыўся з Ахазіем, ГОСПАД зруйнуе працу тваю». І разьбіліся караблі, і не маглі ісьці ў Таршыш.
2 Паралипоменон 20 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча