Библия » Пераклад Антонія Бокуна
2 Паралипоменон 3 глава
1 І пачаў Салямон будаваць Дом ГОСПАДА ў Ерусаліме, на гары Морыя, дзе ГОСПАД зьявіўся Давіду, бацьку ягонаму, на месцы, якое падрыхтаваў Давід, на таку Арнана Евусэя.
2 І пачаў ён будаваць у другі [дзень] другога месяца, у чацьвёртым годзе валадараньня свайго.
3 І гэта падмурак, які заклаў Салямон для будаўніцтва Дому Божага: даўжыня — шэсьцьдзясят локцяў, і шырыня паводле меры старадаўняй дваццаць локцяў;
4 і прысенак, які сьпераду, у даўжыню паводле шырыні Дому — дваццаць локцяў, а ў вышыню — сто дваццаць. І ашаляваў яго ўнутры чыстым золатам.
5 І Дом вялікі накрыў дрэвам кіпарысавым, і ашаляваў шчырым золатам, і парабіў на ім пальмы і ланцужкі.
6 І пакрыў Дом камянямі каштоўнымі дзеля аздабленьня; а золата — золата Парваімскае.
7 І ашаляваў ён Дом, бэлькі, парогі, сьцены ягоныя і дзьверы ягоныя золатам; і выразаў херувімаў на сьценах.
8 І пабудаваў дом для Сьвятога Сьвятых; даўжыня ягоная, паводле шырыні Дому — дваццаць локцяў, і шырыня ягоная — дваццаць локцяў; і ашаляваў яго шчырым золатам, на шэсьцьсот талентаў.
9 А вага цьвікоў — пяцьдзясят сыкляў золата. І верхнія пакоі ашаляваў золатам.
10 І зрабіў у доме Сьвятога Сьвятых двух херувімаў разьбярскай работы, і пакрыў іх золатам.
11 Крылы херувімаў у даўжыню — дваццаць локцяў. Адно крыло ў пяць локцяў дакраналася сьцяны дому, а другое крыло ў пяць локцяў дакраналася да крыла другога херувіма;
12 І крыло другога херувіма ў пяць локцяў дакраналася сьцяны дому, а другое крыло ў пяць локцяў дакраналася да крыла іншага херувіма.
13 Крылы гэтых херувімаў былі расхінутыя на дваццаць локцяў; і яны стаялі на нагах сваіх, і абліччы іхнія — у бок Дому.
14 І зрабіў завесу з блакіту, пурпуру, кармазыну і вісону, і выгафтаваў на ёй херувімаў.
15 І зрабіў перад Домам два слупы, трыццаць пяць локцяў у вышыню, і галавіцу, якая на версе іх, — у пяць локцяў.
16 І зрабіў ланцужкі, як у Давіры, і зьмясьціў на версе слупоў, і зрабіў сто яблыкаў гранатовых, і зьмясьціў на ланцужках.
17 І паставіў слупы перад сьвятыняй, адзін з правага боку, другі — з левага, і назваў імя правага Яхін, а імя левага — Боаз.
2 Паралипоменон 3 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча