Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

2 Паралипоменон 30 глава

1 І паслаў Эзэкія да ўсяго Ізраіля і Юды, і таксама напісаў лісты да Эфраіма і Манасы, каб яны прыйшлі ў Дом ГОСПАДА ў Ерусалім спраўляць Пасху для ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
2 І радзіліся валадар, і князі ягоныя, і ўся царква ў Ерусаліме, каб спраўляць Пасху ў другі месяц;
3 бо не маглі справіць яе ў час свой, бо сьвятароў не асьвяцілася дастаткова, і народ не сабраўся ў Ерусаліме.
4 І была гэтая рэч слушнай у вачах валадара і ў вачах усёй царквы.
5 І яны пастанавілі абвясьціць слова ў-ва ўсім Ізраілі, ад Бээр-Шэвы аж да Дану, каб прыйшлі ў Ерусалім спраўляць Пасху для ГОСПАДА, Бога Ізраіля, бо ня часта спраўлялі [яе так], як напісана.
6 І пайшлі ганцы з лістамі ад валадара і князёў ягоных па ўсім Ізраілі і Юдзе паводле загаду валадара, кажучы: «Сыны Ізраіля! Вярніцеся да ГОСПАДА, Бога Абрагама, Ісаака і Ізраіля, і Ён павернецца, каб выратаваць тых, якія ў вас засталіся ад рукі валадароў Асірыі.
7 І ня будзьце, як бацькі вашыя і як браты вашыя, якія былі няверныя ГОСПАДУ, Богу бацькоў сваіх; і Ён аддаў іх на спусташэньне, як вы бачыце.
8 Цяпер не рабіце цьвёрдымі каркі вашыя, як бацькі вашыя, дайце руку ГОСПАДУ, і прыходзьце ў сьвятыню Ягоную, якую Ён асьвяціў на вякі; і служыце ГОСПАДУ, Богу вашаму, і Ён адверне ад вас полымя гневу Свайго.
9 Бо калі вы вернецеся да ГОСПАДА, тады браты вашыя і дзеці вашыя [знойдуць] ласку перад абліччам тых, якія забралі іх у палон, і вернуцца ў зямлю гэтую; бо літасьцівы і спагадлівы ГОСПАД, Бог ваш, і Ён не адверне аблічча ад вас, калі вы навернецеся да Яго».
10 І праходзілі ганцы з горада ў горад па зямлі Эфраіма і Манасы і аж да Завулёна; і былі [тыя, якія] сьмяяліся і зьдзекваліся з іх.
11 Толькі некаторыя з Асэра, Манасы і Завулёна ўпакорыліся і прыйшлі ў Ерусалім.
12 Таксама ў Юдзе была рука Божая, што дала ім адно сэрца, каб выканаць загад валадара і князёў, паводле слова ГОСПАДА.
13 І сабралася ў Ерусаліме мноства народу спраўляць Сьвята Праснакоў у другі месяц, царква вельмі шматлікая.
14 І ўсталі, і павалілі ахвярнікі, якія [былі] ў Ерусаліме, і ўсе [ахвярнікі] каджэньня павалілі і кінулі ў ручай Кедрон.
15 І зарэзалі пасхальнае [ягня] ў чатырнаццаты дзень другога месяца. А сьвятары і лявіты засароміліся, і асьвяціліся, і прынесьлі цэласпаленьні ў Доме ГОСПАДА,
16 і сталі на месцах сваіх паводле пастановаў іхніх, паводле Закону Майсея, чалавека Божага. Сьвятары крапілі крывёй, [узяўшы] яе з рук лявітаў.
17 А як у царкве шмат было такіх, якія не асьвяціліся, лявіты рэзалі пасхальных [ягнятаў] за кожнага нячыстага, каб асьвяціць [іх] для ГОСПАДА.
18 А таму, што мноства народу, шмат з Эфраіма і Манасы, Ісахара і Завулёна не была ачысьціўшыся, і яны елі Пасху не паводле таго, што напісана, Эзэкія памаліўся за іх, кажучы: «ГОСПАД добры няхай даруе кожнаму,
19 хто падрыхтаваў сэрца сваё шукаць Бога ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, хоць не [зрабіў] ачышчэньня сьвятога».
20 І пачуў ГОСПАД Эзэкію, і аздаравіў народ.
21 І сыны Ізраіля, якія былі ў Ерусаліме, спраўлялі Сьвята Праснакоў сем дзён з радасьцю вялікай; і хвалілі ГОСПАДА дзень пры дні лявіты і сьвятары з усёй моцай для [славы] ГОСПАДА.
22 І прамовіў Эзэкія да сэрца ўсіх лявітаў, якія мелі добрае разуменьне ГОСПАДА. І елі ўвесь час [сьвяточны] сем дзён, ахвяруючы ахвяры мірныя і славячы ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх.
23 І радзілася ўся царква, каб спраўляць [сьвята] наступныя сем дзён, і спраўлялі [сьвята] сем дзён з радасьцю;
24 бо Эзэкія, валадар Юды, даў для царквы тысячу валоў і сем тысячаў авечак, а князі далі для царквы тысячу валоў і дзесяць тысячаў авечак; і шмат сьвятароў асьвяціліся.
25 І радавалася ўся царква Юды, і сьвятары, і лявіты, і ўся царква, якая прыйшла з Ізраіля, і прыхадні, якія выйшлі з зямлі Ізраіля і жылі ў Юдзе.
26 І была радасьць вялікая ў Ерусаліме, бо ад дзён Салямона, сына Давіда, валадара Ізраіля, не было такога ў Ерусаліме.
27 І ўсталі сьвятары і лявіты, і дабраславілі народ, і быў пачуты голас іхні, і ўзыйшла малітва іхняя да Сялібы Ягонай сьвятой у небе.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.