Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

2 Паралипоменон 9 глава

1 І валадарка Шэвы пачула пра славу Салямона, і прыйшла ў Ерусалім, каб выспрабаваць Салямона загадкамі, з вельмі вялікім багацьцем і з вярблюдамі, якія несьлі пахошчы і мноства золата і каштоўных камянёў. І прыйшла яна да Салямона, і размаўляла з ім пра ўсё, што было ў яе ў сэрцы.
2 І растлумачыў Салямон ёй усе пытаньні ейныя, і не было нічога невядомага Салямону, што ён не патлумачыў ёй.
3 І ўбачыла валадарка Шэвы мудрасьць Салямона і дом, які ён пабудаваў,
4 і ежу на стале ягоным, і дамы слугаў ягоных, і паставу паслугачоў ягоных, і адзеньні іхнія; таксама чашнікаў ягоных і адзеньне іхняе, і сходы, па якіх ён узыходзіў у Дом ГОСПАДА, і была яна ў захапленьні.
5 І сказала яна валадару: «Праўдзівае тое слова, якое я чула ў зямлі маёй пра справы твае і пра мудрасьць тваю.
6 І я ня верыла словам пра іх, пакуль не прыйшла і ня ўбачыла вачыма сваімі. І вось, не распавялі мне нават паловы пра мноства мудрасьці тваёй. Ты пераўзыходзіш тыя весткі, якія я чула.
7 Шчасьлівыя людзі твае, і шчасьлівыя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад абліччам тваім і слухаюць мудрасьць тваю!
8 Няхай будзе дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог твой, Які меў ласку для цябе, каб даць табе пасад Свой як валадару ў ГОСПАДА, Бога твайго, паводле любові Бога твайго да Ізраіля, каб умацаваць яго на вякі, і Ён паставіў цябе як валадара над ім, каб чыніць суд і праведнасьць».
9 І яна падаравала валадару сто дваццаць талентаў золата і вялікае мноства пахошчаў і камянёў каштоўных; і не было такіх пахошчаў, як тыя, што падаравала валадарка Шэвы валадару Салямону.
10 І таксама слугі Хурама і слугі Салямона, якія прывозілі золата з Афіру, прывезьлі дрэва сандалавае і камяні каштоўныя.
11 І зрабіў валадар з дрэва сандалавага сходы ў Доме ГОСПАДА і ў доме валадара, і гусьлі, і псалтыры для сьпевакоў. І ня бачна было падобнага да іх уперад у зямлі Юды.
12 І валадар Салямон даў валадарцы Шэвы ўсё, што яна зажадала і што прасіла, апрача таго, што яна прывезла валадару. І яна выправілася [назад], і пайшла ў зямлю сваю, яна і слугі ейныя.
13 А вагі золата, якое прыходзіла да Салямона за адзін год, было шэсьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талентаў золата,
14 акрамя таго, што прыносілі падарожнікі і купцы. І ўсе валадары Арабскія, і намесьнікі Краю прыносілі золата і срэбра Салямону.
15 І зрабіў Салямон дзьвесьце вялікіх шчытоў з кутага золата, шэсьцьсот [сыкляў] золата ішло на адзін шчыт,
16 і трыста шчытоў малых з кутага золата, трыста [сыкляў] золата ішло на адзін шчыт; і паставіў іх валадар у доме з лесу Лібанскага.
17 І зрабіў валадар вялікі пасад з косьці слановай, і пацягнуў яго чыстым золатам,
18 і шэсьць прыступак да пасаду, і падножжа з золата, прымацаванае да пасаду, і парэнчы паабапал месца сядзеньня, і два ільвы, якія стаяць каля парэнчаў.
19 І дванаццаць ільвоў стаяла там на шасьці прыступках з аднаго і другога боку. Не было такога зроблена ў-ва ўсіх [іншых] валадарствах.
20 І ўсе начыньні да піцьця ў валадара Салямона [былі] з золата, і ўсе начыньні ў доме з лесу Лібанскага [былі] з золата шчырага; нічога [не было] са срэбра. Яго ў дні Салямона мелі за нішто,
21 бо караблі валадара хадзілі ў Таршыш са слугамі Хурама, і раз на тры гады прыходзілі караблі з Таршышу, і прывозілі золата і срэбра, косьць слановую і малпаў, і паваў.
22 І перавышаў валадар Салямон усіх валадароў зямлі багацьцем і мудрасьцю.
23 І ўсе валадары зямлі шукалі аблічча Салямона, каб паслухаць мудрасьць ягоную, якую ўлажыў Бог у сэрца ягонае.
24 І прыносілі яны кожны дар свой, начыньні срэбныя, і начыньні залатыя, і адзеньне, і зброю, і пахошчы, і коней, і мулаў, [адпаведную] рэч з году ў год.
25 І меў Салямон чатыры тысячы стайняў для коней і калясьніцаў і дванаццаць тысячаў коньнікаў, і памясьціў іх у гарадах калясьнічных і пры валадары ў Ерусаліме.
26 І панаваў ён над усімі валадарамі ад ракі аж да зямлі Філістынскай і аж да межаў Эгіпту.
27 І зрабіў валадар срэбра ў Ерусаліме як камяні, і кедры зрабіў як сікаморы, якіх мноства ў Шэфэлі.
28 І прыводзілі для Салямона коней з Эгіпту і з усіх земляў.
29 А рэшта дзеяньняў Салямона, першых і апошніх, вось, яны запісаныя ў дзеях Натана прарока, і ў прароцтве Ахіі з Шыло, і ў відзежах Іддо відушчага пра Ерабаама, сына Навата.
30 І валадарыў Салямон у Ерусаліме над усім Ізраілем сорак гадоў.
31 І супачыў ён з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда, бацькі ягонага. І валадарыў Рэхабаам, сын ягоны, замест яго.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.