Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Есфирь 1 глава
1 І сталася [гэта] ў дні Ахашвэроша. Гэты Ахашвэрош валадарыў ад Індыі аж да Куша [і меў] сто дваццаць сем акругаў.
2 У тыя дні, калі валадар Ахашвэрош сядзеў на пасадзе валадарства свайго, які ў Шушане сталіцы,
3 у трэці год валадараньня свайго ён справіў гасьціну для ўсіх князёў сваіх і слугаў сваіх, гетманаў Пэрсаў і Мідзянаў, магнатаў і князёў акругаў, што былі перад ім,
4 паказваючы багацьце славы валадарства свайго і гонар красы велічнасьці сваёй шмат дзён, сто восемдзясят дзён.
5 Пасьля сканчэньня дзён гэтых валадар справіў гасьціну для ўсяго народу, які знаходзіўся ў Шушане сталіцы, ад вялікага аж да малога, сем дзён у садовым панадворку палацу валадара.
6 Белыя, зялёныя і блакітныя тканіны былі прымацаваныя шнурамі з вісону і пурпуру да кольцаў срэбных і слупоў мармуровых. Залатыя і срэбныя ложкі [стаялі] на падлозе з алябастру, пэрлаў і чорнага мармуру.
7 І напоі ў посудзе залатым, і посуд ад посуду адрозьніваўся, і віна валадарскага шмат, паводле [магчымасьці] рукі валадара.
8 І да піцьця паводле загаду не было прымусу, бо валадар так вызначыў усёй службе дому свайго, каб яны рабілі паводле жаданьня кожнага.
9 Таксама Вашці валадарка справіла банкет для жанчынаў у доме валадарскім, які [належаў] валадару Ахашвэрошу.
10 У сёмы дзень, калі добра стала на сэрцы валадара ад віна, ён сказаў Мегуману, Бізэце, Харбоне, Бігце і Абагце, Зэтару і Каркасу, сямём эўнухам, якія служылі перад абліччам валадара Ахашвэроша,
11 каб яны прывялі перад аблічча валадара валадарку Вашці ў кароне валадарскай, каб паказаць народу і князям прыгажосьць ейную, бо яна была вельмі прыгожая.
12 І адмовілася валадарка Вашці прыйсьці паводле слова валадара да эўнухаў. І моцна загневаўся валадар, і гнеў ягоны ўзгарэўся ў ім.
13 І сказаў валадар да мудрацоў, якія ведаюць часы, бо справа валадара [ішла] да ўсіх, што ведалі законы і суд.
14 А найбліжэйшымі да яго былі Каршэна, Шэтар, Адмата, Таршыш, Мэрэс, Марсэн і Мэмухан — сем князёў Пэрсаў і Мідзянаў, якія бачылі аблічча валадара і сядзелі першымі ў валадарстве.
15 «Што зрабіць паводле законаў з валадаркай Вашці за тое, што яна не зрабіла паводле слова валадара Ахашвэроша, [дадзенага] праз рукі эўнухаў?»
16 І сказаў Мэмухан перад абліччам валадара і князёў: «Не перад адным валадаром завінілася валадарка Вашці, а перад усімі князямі і перад усімі народамі, якія ў-ва ўсіх акругах валадара Ахашвэроша.
17 Бо разыйдзецца слова пра валадарку да ўсіх жанчынаў, і яны будуць грэбаваць мужамі сваімі, і казаць: “Валадар Ахашвэрош сказаў, каб прывялі валадарку Вашці перад аблічча сваё, а яна не прыйшла”.
18 І сёньня княгіні Пэрсаў і Мідзянаў, якія пачулі пра словы валадаркі, тое самае скажуць усім князям валадара; і будзе шмат пагарды і абурэньня, і злосьці.
19 Калі валадар [палічыць] добрым, няхай выйдзе слова валадара ад яго, і няхай будзе ўпісана ў законы Пэрсаў і Мідзянаў і ня будзе адменена, што Вашці ня прыйдзе [больш] перад аблічча валадара Ахашвэроша, і годнасьць валадарскую ейную няхай дасьць валадар іншай, лепшай за яе.
20 І пачуюць загад валадара, які ён зробіць у-ва ўсім валадарстве сваім, хоць яно вялікае, і ўсе жанчыны будуць шанаваць мужоў сваіх ад вялікага аж да малога».
21 І добрым было слова гэтае ў вачах валадара і князёў, і зрабіў валадар паводле слова Мэмухана.
22 І ён паслаў лісты ў-ва ўсе акругі валадарскія, у кожную акругу пісьмом ейным і да кожнага народу — моваю ягонай, каб кожны муж быў гаспадаром у доме сваім, і прамоўлена гэта было моваю ўсіх народаў.
Есфирь 1 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча