Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

Исход 10 глава

1 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Увайдзі да фараона, бо Я закамяніў сэрца ягонае і сэрца слугаў ягоных, каб рабіць гэтыя знакі Мае пасярод яго,
2 і каб ты распавядаў у вушы сына твайго і сына сына твайго пра тое, што Я зрабіў у Эгіпце, і пра знакі Мае, якія Я ўчыніў ім, і каб вы ведалі, што Я — ГОСПАД».
3 І ўвайшлі Майсей і Аарон да фараона, і сказалі яму: «Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Гебраяў: “Дакуль ты будзеш адмаўляцца скарыцца перада Мною? Адпусьці народ Мой, і яны будуць служыць Мне.
4 Бо калі адмовішся адпусьціць народ Мой, вось, Я прывяду заўтра саранчу ў межы твае.
5 І яна пакрые паверхню зямлі, і нельга будзе бачыць зямлі, і паесьць рэшту, што ацалела, што засталося ў вас пасьля граду, і паесьць кожнае дрэва, якое расьце ў вас на полі.
6 І яна напоўніць дамы твае, і дамы ўсіх слугаў тваіх, і дамы ўсіх Эгіпцянаў, чаго ня бачылі бацькі твае і бацькі бацькоў тваіх з дня, як былі на зямлі, аж да дня гэтага”». І павярнуўся [Майсей], і выйшаў ад фараона.
7 І сказалі слугі фараонавы яму: «Дакуль гэта будзе для нас пасткаю? Адпусьці людзей гэтых, і няхай яны служаць ГОСПАДУ, Богу свайму. Няўжо ты яшчэ не разумееш, што гіне Эгіпет?»
8 І вярнулі Майсея і Аарона да фараона, і ён сказаў ім: «Ідзіце, служыце ГОСПАДУ, Богу вашаму. Але хто мае пайсьці?»
9 І сказаў Майсей: «Пойдзем з малымі нашымі і са старымі нашымі, з сынамі нашымі і дочкамі нашымі, пойдзем з авечкамі нашымі і валамі нашымі, бо сьвята ГОСПАДУ ў нас».
10 І сказаў ім [фараон]: «Няхай так будзе ГОСПАД з вамі! Як я адпушчу вас і дзяцей вашых? Глядзіце, бо ліхое [маеце] перад абліччам сваім.
11 Не, [ня будзе] так. Ідзіце мужчыны і служыце ГОСПАДУ, бо вы гэтага жадалі». І выгналі іх ад аблічча фараона.
12 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Выцягні руку тваю на зямлю Эгіпецкую дзеля саранчы, і яна прыйдзе на зямлю Эгіпецкую, і паесьць усю траву зямлі, усё, што пакінуў град».
13 І выцягнуў Майсей кій свой на зямлю Эгіпецкую; і ГОСПАД прывёў на зямлю ўсходні вецер увесь той дзень і ўсю ноч. Настала раніца, і ўсходні вецер прынёс саранчу.
14 І прыйшла саранча на ўсю зямлю Эгіпецкую, і асела ў-ва ўсіх межах Эгіпецкіх вельмі ўцяжліва; уперад не было такой саранчы, як гэта, і пасьля яе ня будзе такой.
15 І яна пакрыла паверхню ўсёй зямлі, і зямля пацямнела, і яна паела ўсю траву зямную і ўсе плады дрэваў, якія засталіся пасьля граду; і не засталося ніякай зеляніны на дрэвах і на траве палявой у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
16 І пасьпяшаўся фараон паклікаць Майсея і Аарона, і сказаў: «Саграшыў я перад ГОСПАДАМ, Богам вашым, і перад вамі.
17 І цяпер даруйце, прашу, грэх мой хаця б у гэты раз, і прасіце ГОСПАДА, Бога вашага, каб толькі Ён прыбраў ад мяне гэтую сьмерць».
18 І выйшаў [Майсей] ад фараона, і прасіў ГОСПАДА.
19 І павярнуў ГОСПАД заходні вецер, вельмі моцны, і ён панёс саранчу, і ўкінуў яе ў Мора Чырвонае; не засталося аніводнае саранчы ў-ва ўсіх межах Эгіпецкіх.
20 І ГОСПАД зрабіў цьвёрдым сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраіля.
21 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Выцягні руку тваю да неба, і станецца цемра на зямлі Эгіпецкай, і будзе адчувацца цемра».
22 І ён выцягнуў руку сваю да неба, і сталася густая цемра ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай тры дні.
23 Ня бачылі людзі адзін аднаго, і ніхто не ўставаў з месца свайго тры дні; а ў-ва ўсіх сыноў Ізраіля было сьветла ў сядзібах іхніх.
24 І паклікаў фараон Майсея, і сказаў: «Ідзіце, служыце ГОСПАДУ, толькі авечкі вашыя і валы вашыя няхай застануцца, і таксама дзеці вашыя няхай ідуць з вамі».
25 І сказаў Майсей: «Таксама ты павінен даць у рукі нашыя ахвяры і цэласпаленьні, і мы зробім [служэньне] гэта ГОСПАДУ, Богу нашаму.
26 І таксама статак наш пойдзе з намі, і не застанецца ані капыта; бо з яго мы возьмем для служэньня ГОСПАДУ, Богу нашаму; але мы ня ведаем, чым будзем служыць ГОСПАДУ, пакуль ня прыйдзем туды».
27 І зрабіў цьвёрдым ГОСПАД сэрца фараона, і ён не захацеў адпусьціць іх.
28 І сказаў [Майсею] фараон: «Ідзі ад мяне! Сьцеражыся, каб ты ня бачыў больш аблічча маё, бо ў той дзень, калі ты ўбачыш аблічча маё, памрэш».
29 І сказаў Майсей: «Так [станецца, як] ты сказаў. Я больш ня буду бачыць аблічча тваё».
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.