Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

Исход 19 глава

1 У трэці месяц пасьля выхаду сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай, у першы дзень прыйшлі яны ў пустыню Сынай.
2 І вырушылі яны з Рэфідыму, і прыйшлі ў пустыню Сынай, і сталі табарам у пустыні; і стаў табарам там Ізраіль насупраць гары.
3 А Майсей узыйшоў да Бога, і паклікаў яго ГОСПАД з гары, кажучы: «Гэтак скажы дому Якуба і паведамі сынам Ізраіля:
4 “Вы бачылі, што Я зрабіў Эгіпту, а вас насіў на крылах арліных, і прынёс вас да Сябе.
5 І цяпер, калі вы, слухаючы, будзеце слухаць голас Мой і будзеце захоўваць запавет Мой, дык вы будзеце Маёй уласнасьцю з усіх народаў, бо Мая ўся зямля.
6 І вы будзеце Маім валадарствам сьвятароў і народам сьвятым”. Гэта словы, якія ты прамовіш да сыноў Ізраіля».
7 І прыйшоў Майсей, і паклікаў старшыняў народу, і прадставіў перад імі ўсе тыя словы, якія загадаў яму ГОСПАД.
8 І адказаў увесь народ разам, і сказалі: «Усё, што сказаў ГОСПАД, зробім». І перадаў Майсей ГОСПАДУ словы народу.
9 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось, Я прыйду да цябе ў густым воблаку, каб чуў народ, як Я буду гаварыць з табою, і каб таксама паверылі табе на вякі». І пераказаў Майсей ГОСПАДУ словы народу.
10 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Ідзі да народу і асьвяці яго сёньня і заўтра; і няхай памыюць адзеньне сваё,
11 і няхай будуць гатовыя да трэцяга дня; бо ў трэці дзень зыйдзе ГОСПАД перад вачыма ўсяго народу на гару Сынай.
12 І правядзі мяжу народу наўкола, кажучы: “Сьцеражыцеся, каб узыходзіць на гару і дакранацца да краю яе; кожны, хто дакранецца да гары, сьмерцю памрэ.
13 Няхай не дакранецца да яе рука, бо камянуючы, укамянуюць яго альбо прабіваючы, праб’юць стралою; жывёла гэта ці чалавек, ня будуць жыць”. Калі працягла затрубіць рог, могуць узыйсьці на гару».
14 І зыйшоў Майсей з гары да народу, і асьвяціў народ, і яны памылі адзеньне сваё.
15 І сказаў народу: «Будзьце гатовыя да трэцяга дня; не набліжайцеся да жанчыны».
16 І сталася ў трэці дзень, прыйшла раніца, і былі грымоты, і маланкі, і воблака цяжкае над гарою, і гук трубы вельмі моцны; і задрыжаў увесь народ, які быў у табары.
17 І вывеў Майсей народ з табару насустрач Богу, і стаялі ля падножжа гары.
18 А гара Сынай уся дымілася, бо зыйшоў на яе ГОСПАД у агні; і ўзыходзіў ад яе дым, як дым з печы, і ўся гара вельмі хісталася.
19 І быў гук трубы, і павялічваўся, і мацнеў. Майсей гаварыў, а Бог адказаваў яму голасам.
20 І зыйшоў ГОСПАД на гару Сынай, на вяршыню гары, і паклікаў ГОСПАД Майсея на вяршыню гары, і ўзыйшоў Майсей.
21 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Зыйдзі, папярэдзь народ, каб ня рваўся да ГОСПАДА, каб убачыць, і не загінула з яго мноства.
22 І таксама сьвятары, якія набліжаюцца да ГОСПАДА, няхай асьвяцяцца, каб ня выгубіў іх ГОСПАД».
23 І сказаў Майсей ГОСПАДУ: «Ня можа народ узыйсьці на гару Сынай, бо Ты папярэдзіў нас, кажучы: “Правядзі мяжу наўкола гары і асьвяці яе”».
24 І сказаў яму ГОСПАД: «Ідзі, зыйдзі і ўзыйдзі ты і Аарон з табою; а сьвятары і народ няхай ня рвуцца ўзыйсьці да ГОСПАДА, каб Я ня выгубіў іх».
25 І зыйшоў Майсей да народу і сказаў ім.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.