Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Исход 21 глава
1 А вось суды, якія ты паставіш перад абліччам іхнім.
2 Калі купіш слугу Гебрая, шэсьць гадоў няхай ён служыць, а ў сёмы год няхай выйдзе на волю дарма.
3 Калі ён адзін прыйшоў, няхай адзін і выйдзе. А калі ён жанаты, няхай выйдзе з ім жонка ягоная.
4 Калі гаспадар ягоны даў яму жонку, і яна нарадзіла яму сыноў альбо дочак, дык жонка і дзеці ейныя застануцца ў гаспадара ейнага, а ён выйдзе адзін.
5 Але калі, кажучы, скажа слуга: “Люблю гаспадара майго, жонку маю і сыноў маіх; не пайду на волю”,
6 тады прывядзе яго гаспадар ягоны да Бога, і прывядзе яго да дзьвярэй або да вушака, і праколе яму гаспадар ягоны вуха ягонае шылам, і ён застанецца слугою ягоным на вякі.
7 І калі [нейкі] чалавек прадасьць дачку сваю як служку, няхай ня выйдзе яна, як выходзяць слугі.
8 Калі ліхая яна ў вачах гаспадара ейнага, які не заручыўся з ёю, няхай дазволіць выкупіць яе; а чужому народу ня мае ўлады яе прадаць, калі адмовіцца ад яе.
9 А калі для сына свайго ён заручыць яе, няхай робіць з ёю паводле права адносна дочак.
10 Калі іншую возьме сабе, няхай ня зьменшыць жыўленьня ейнага, адзеньня ейнага і супольнага ложку.
11 А калі ён гэтых трох рэчаў ня зробіць для яе, няхай яна адыйдзе дарма, бяз выкупу.
12 Той, хто ўдарыў чалавека, і [той] памёр, няхай сьмерцю памрэ.
13 Але калі ён ня меў намеру, але Бог выдаў [таго чалавека] ў руку ягоную, Я вызначу табе месца, куды ён мае ўцякаць.
14 А калі хто намысьліў супраць бліжняга свайго, каб забіць яго падступна, ад ахвярніка Майго возьмеш яго на сьмерць.
15 Той, хто ўдарыць бацьку свайго і маці сваю, няхай сьмерцю памрэ.
16 І той, хто ўкраў чалавека і прадаў яго, альбо ён знойдзены ў руцэ ягонай, няхай сьмерцю памрэ.
17 Той, хто праклінае бацьку свайго і маці сваю, няхай сьмерцю памрэ.
18 І калі людзі спрачаюцца, і ўдарыць чалавек бліжняга свайго камянём альбо кулаком, і той не памрэ, але зьляжа ў ложак,
19 дык калі ён устане і будзе выходзіць навонкі з кійком сваім, той, хто ўдарыў, будзе без пакараньня, толькі няхай аддасьць [яму] за перапынак [у працы] і, лечачы, няхай вылечыць яго.
20 А калі хто будзе біць слугу свайго альбо служку сваю кіем, і яны памруць пад рукою ягонай, няхай помстай адпомсьціцца яму.
21 Але калі яны дзень або два дні застануцца [жыць], ён ня мае быць помшчаны, бо гэта срэбра ягонае.
22 Калі будуць біцца мужчыны і ўдараць цяжарную жанчыну, і яна спароніць дзіця сваё, але ня будзе [іншай] шкоды, [вінаваты] будзе пакараны пакараньнем, якое наложыць на яго муж той жанчыны, і мае заплаціць пры судзьдзях.
23 А калі будзе шкода, аддасі душу за душу,
24 вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу,
25 апёк за апёк, рану за рану, сіняк за сіняк.
26 І калі хто ўдарыць у вока слугу свайго альбо ў вока служку сваю, і пашкодзіць яго, няхай адпусьціць іх на волю за вока.
27 А калі выб’е зуб слузе свайму або зуб служцы сваёй, няхай адпусьціць іх на волю за зуб.
28 І калі вол забадае мужчыну альбо жанчыну, і яны памруць, вала, камянуючы, трэба ўкаменаваць, і мяса ягонага ня есьці; а гаспадар вала невінаваты.
29 А калі вол бадлівы быў і ўчора, і пазаўчора, і папярэджвалі ўласьніка ягонага, і ён не пільнаваў яго, а ён забіў мужчыну альбо жанчыну, тады вол будзе ўкаменаваны і ўласьнік ягоны таксама памрэ.
30 Калі выкуп прызначаць яму, няхай дасьць выкуп за душу сваю, які прызначаны яму.
31 Калі сына забадае, або дачку забадае, паводле гэтага суду ўчыніць з ім.
32 Калі слугу альбо служку забадае вол, тады трыццаць сыкляў срэбра даць пану іхняму, а вол будзе ўкаменаваны.
33 І калі хто адкрые яму, альбо калі выкапае яму і не накрые яе, і ўваліцца ў яе вол або асёл,
34 тады гаспадар ямы мае заплаціць, аддаць срэбра ўласьніку іхняму, а мёртвая [жывёла] будзе ягонай.
35 А калі забадае вол [нейкага] чалавека вала бліжняга ягонага, і [той] памрэ, няхай прададуць жывога вала і падзеляць папалам срэбра за яго, і таксама мёртвага няхай падзеляць папалам.
36 А калі вядома было, што вол бадлівы і ўчора, і пазаўчора, але ўласьнік ягоны не пільнаваў яго, тады мае ён заплаціць вала за вала, а мёртвы будзе ягоны.
Исход 21 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча