Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

Исход 8 глава

1 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Прыйдзі да фараона і скажы яму: “Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне.
2 Калі ж ты адмаўляешся адпусьціць, вось, Я ўдару ўсе межы твае жабамі.
3 І будзе раіцца рака жабамі, і яны выйдуць, і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і на ложак твой, і ў дом слугі твайго, і ў народ твой, і ў печы твае, і ў дзежы твае.
4 І на цябе, і на народ твой, і на ўсіх слугаў тваіх узыйдуць жабы”».
5 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону: “Выцягні руку тваю з кіем тваім на ручаі, і на рэкі, і на азёры, і ўзьвядзі жабаў на зямлю Эгіпецкую”».
6 І выцягнуў Аарон руку сваю на воды Эгіпецкія, і выйшлі жабы, і пакрылі зямлю Эгіпецкую.
7 І зрабілі так варажбіты варажбою сваёю, і ўзьвялі жабаў на зямлю Эгіпецкую.
8 І паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў: «Прасіце ГОСПАДА, каб Ён аддаліў жабаў ад мяне і ад народу майго, і я адпушчу народ, і яны складуць ахвяры ГОСПАДУ».
9 І сказаў Майсей фараону: «Прызнач мне, калі прасіць за цябе, і за слугаў тваіх, і за народ твой, каб жабы былі зьнішчаны ў цябе, у дамах тваіх, і засталіся толькі ў рацэ».
10 Ён сказаў: «Заўтра». І сказаў [Майсей]: «Паводле слова твайго, каб ты даведаўся, што няма [нікога] як ГОСПАД, Бог наш.
11 І адыйдуць жабы ад цябе, ад дамоў тваіх, і ад слугаў тваіх, і ад народу твайго, толькі ў рацэ застануцца».
12 І выйшлі Майсей і Аарон ад фараона, і Майсей клікаў да ГОСПАДА адносна жабаў, якіх узьвёў на фараона.
13 І зрабіў ГОСПАД паводле слова Майсея, і здохлі жабы ў дамах, і ў дварах, і на палях.
14 І пазьбіралі іх купы купаў, і засьмярдзелася зямля.
15 І ўбачыў фараон, што сталася палёгка, і закамяніў сэрца сваё, і не паслухаў іх, як і гаварыў ГОСПАД.
16 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону: “Выцягні кій твой і ўдар у пыл зямлі, і станецца пыл камарамі ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай”».
17 І яны зрабілі так, і выцягнуў Аарон руку сваю з кіем сваім, і ўдарыў у пыл зямлі, і зьявіліся камары на людзях і на скаціне. Увесь пыл зямлі стаўся камарамі ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
18 І рабілі так варажбіты варажбою сваёй, каб зьявіліся камары, але не змаглі. І былі камары на людзях і на скаціне.
19 І сказалі варажбіты фараону: «Палец Божы гэта». Але сэрца фараона зацьвярдзела, і ён не паслухаў іх, як і гаварыў ГОСПАД.
20 І сказаў ГОСПАД Майсею: «Устань раніцаю і стань перад фараонам. Вось, ён ідзе да вады, і ты скажы яму: “Гэтак кажа ГОСПАД: "Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне.
21 Бо калі не адпусьціш народ Мой, вось, Я пашлю на цябе, і на слугаў тваіх, і на народ твой, і на дамы твае мухаў, і напоўняцца дамы Эгіпцянаў мухамі, і таксама грунты, на якіх яны.
22 І Я аддзялю ў той дзень зямлю Гашэн, у якой жыве народ Мой, каб ня было там мухаў, каб ты даведаўся, што Я — ГОСПАД пасярод зямлі.
23 І Я зраблю розьніцу паміж народам Маім і народам тваім. Заўтра станецца знак гэты"”».
24 І зрабіў ГОСПАД гэтак, і наляцелі ўцяжлівыя мухі на дом фараона, і на дом слугаў ягоных, і на ўсю зямлю Эгіпецкую; гінула зямля ад мухаў.
25 І паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, складзіце ахвяру Богу свайму ў гэтай зямлі».
26 І сказаў Майсей: «Не належыцца рабіць гэтак, бо агіду для Эгіпцянаў мы складзем у ахвяру ГОСПАДУ, Богу нашаму; вось, мы будзем складаць у ахвяру тое, што агіднае ў Эгіпцянаў, перад вачыма іхнімі, і ці не ўкамянуюць яны нас?
27 На тры дні дарогі мы пойдзем у пустыню і складзем ахвяру ГОСПАДУ, Богу нашаму, як Ён скажа нам».
28 І сказаў фараон: «Я адпушчу вас, і вы складзеце ахвяру Богу свайму ў пустыні; толькі аддаляючыся, не аддаляйцеся, каб зыйсьці. Прасіце за мяне».
29 І сказаў Майсей: «Вось, я выйду ад цябе, і буду прасіць ГОСПАДА, і адыйдуць мухі ад фараона, і ад слугаў ягоных, і ад народу ягонага заўтра. Толькі няхай фараон больш не падманвае, не адпускаючы народ скласьці ахвяру ГОСПАДУ».
30 І выйшаў Майсей ад фараона, і прасіў ГОСПАДА.
31 І зрабіў ГОСПАД паводле слова Майсея, і адвёў мухаў ад фараона, ад слугаў ягоных і ад народу ягонага; не засталося аніводнай.
32 Але фараон закамяніў сэрца сваё таксама гэтым разам і не адпусьціў народ.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.