Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Авдий 1 глава
1 Відзеж Абадыі. Гэтак сказаў Госпад ГОСПАД да Эдому. Вестку мы пачулі ад ГОСПАДА, і пасол між народаў пасланы: «Устаньце, і станьма на вайну супраць яго!»
2 Вось, малым Я зраблю цябе сярод народаў, ты [будзеш] вельмі пагарджаны.
3 Пыхлівасьць сэрца твайго зьвяла цябе, які жывеш у расколінах скалы, які на вышыні [маеш] сялібу і кажаш у сэрцы тваім: «Хто скіне мяне на зямлю?»
4 Калі ўздымешся, як арол, і калі між зоркамі зробіш гняздо сваё, адтуль Я скіну цябе, кажа ГОСПАД.
5 Калі б злодзеі прыйшлі да цябе, калі б рабаўнікі ўночы так панішчылі цябе, ці ня ўкралі б яны, колькі ім трэба? Калі б зьбіральнікі вінаграду прыйшлі да цябе, ці не пакінулі б яны недазьбіранае?
6 Як абшуканы Эзаў! Як перагледжаны сховы ягоныя!
7 Аж да мяжы прагналі цябе; усе мужы запавету твайго ашукалі цябе, перамаглі цябе мужы супакою твайго; тыя, што [елі] хлеб твой, паставілі пастку на цябе, [думаючы, што] няма разважлівасьці ў цябе.
8 Ці ня [станецца] ў той дзень, кажа ГОСПАД, што Я вынішчу мудрых з Эдому і разважлівасьць — з гары Эзава?
9 І спалохаюцца волаты твае, Тэмане, каб быў зьнішчаны забіваньнем кожны [чалавек] з гары Эзава.
10 За ліхадзейства супраць брата твайго Якуба пакрые цябе сорам, і ты будзеш зьнічшаны на вякі.
11 У той дзень, калі ты стаяў супраць [яго], у дзень, калі чужынцы бралі ў палон багацьце ягонае і чужыя ўвайшлі ў брамы ягоныя і адносна Ерусаліму кідалі жэрабя, ты таксама [быў] як адзін з іх.
12 І ты глядзі на дзень брата твайго, на дзень няшчасьця ягонага; і ты ня цешся з сыноў Юды ў дзень бедства іхняга і не раскрывай вусны свае ў дзень загубы.
13 Не ўваходзь у брамы народу Майго ў дзень няшчасьця іхняга, таксама не глядзі на гора ягонае ў дзень няшчасьця ягонага, і не выцягвай [руку тваю] на багацьце ягонае ў дзень няшчасьця ягонага.
14 І ня стой на скрыжаваньнях, каб забіваць уцекачоў ягоных, і не выдавай пазасталых ягоных у дзень нядолі.
15 Бо блізкі дзень ГОСПАДА на ўсе народы. Як ты зрабіў, будзе зроблена табе. Аднагарода твая вернецца на галаву тваю.
16 Бо як вы пілі на гары Маёй сьвятой, так будуць піць заўсёды ўсе народы. І будуць піць, і будуць хлябтаць; і стануцца яны, нібы іх не было.
17 А на гары Сыён будзе выбаўленьне, і будзе яна сьвятая; і дом Якуба возьме ў спадчыну валоданьні іхнія.
18 І станецца дом Якуба агнём, а дом Язэпа — полымем, а дом Эзава — саломай, і яны будуць палаць супраць іх, і ня будзе пазасталых у доме Эзава, бо ГОСПАД прамовіў [гэта].
19 І ўспадкаемяць [жыхары] Нэгеву гару Эзава, а [жыхары] Шэфэлі — Філістынцаў; і ўспадкаемяць поле Эфраіма і поле Самарыі, а Бэн’ямін [успадкаеміць] Гілеад.
20 І палонныя войска гэтага, сыны Ізраіля, [успадкаемяць] Хананейцаў аж да Царфату, і палонныя з Ерусаліму, якія ў Сэфарадзе, успадкаемяць гарады Нэгеву.
21 І ўзыйдуць вызваліцелі на гару Сыён, каб судзіць гару Эзава, і станецца валадарства ГОСПАДА.
Авдий 1 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча