Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Аггей 2 глава
1 У сёмы месяц, у дваццаць першы дзень месяца, было слова ГОСПАДА праз Агея прарока, кажучы:
2 «Скажы цяпер Зэрубабэлю, сыну Шэалтыэля, ваяводзе Юды, і Егошуа, сыну Егацадака, сьвятару вялікаму, і рэшце народу, кажучы:
3 “Хто застаўся між вамі, што бачылі Дом гэты ў першай славе ягонай? І якім вы бачыце яго цяпер? Ці ня ёсьць ён у вачах вашых у параўнаньні з тым як нішто?
4 Але цяпер вось умацуйся, Зэрубабэлю, кажа ГОСПАД, і ўмацуйся, Егошуа, сын Егацадака, сьвятар вялікі, і ўмацуйся, увесь народ зямлі, кажа ГОСПАД, і рабіце; бо Я з вамі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
5 Паводле слова, якім Я ўмовіўся з вамі, калі вы выйшлі з Эгіпту, Дух Мой сярод вас. Ня бойцеся.
6 Бо гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў: 'Яшчэ раз, і неўзабаве, Я ўзварухну неба і зямлю, мора і сухазем’е,
7 і ўзварухну ўсе народы, і прыйдзе жаданьне ўсіх народаў, і напоўню Дом гэты славаю, кажа ГОСПАД Магуцьцяў'.
8 Маё срэбра і Маё золата, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
9 Большая будзе слава гэтага Дому апошняга, чым першага, кажа ГОСПАД Магуцьцяў; і на гэтым месцу Я дам супакой, кажа ГОСПАД Магуцьцяў”».
10 У дваццаць чацьвёрты дзень, у дзявяты месяц, у сёмы год Дарыя было слова ГОСПАДА да Агея прарока, кажучы:
11 «Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Спытайся цяпер у сьвятароў пра Закон, кажучы:
12 "Калі хто нёс асьвячонае мяса ў крысе адзеньня свайго і дакрануўся крысом сваім да хлеба, або да стравы, або да віна, або да алею, або да якой ежы, ці будуць яны асьвячоныя?"”» І сьвятары адказалі: «Не».
13 І сказаў Агей: «А калі занячышчаны нябожчыкам дакранецца да нечага з гэтых [рэчаў], ці будуць яны нячыстымі?» І адказалі сьвятары, і сказалі: «Яны будуць нячыстымі».
14 І адказаў Агей, і сказаў: «Такія людзі гэтыя, і такі народ гэты перад абліччам Маім, кажа ГОСПАД, і такая кожная праца рук іхніх. Тое, што яны прыносяць у ахвяру, — нячыстае.
15 А цяпер зьвярніце сэрцы вашыя адгэтуль і назад, перш, чым быў пакладзены камень на камяні ў сьвятыні ГОСПАДА.
16 Было, што калі хто прыходзіў да капы ў дваццаць [мераў], было там дзесяць; і калі хто прыходзіў да тоўчні, каб выціснуць пяцьдзясят [мераў] з тоўчні, было там дваццаць.
17 Я караў вас сушаю, і іржою, і градам усю працу рук вашых, але вы не навярнуліся да Мяне, кажа ГОСПАД.
18 Зьвярніце сэрцы вашыя адгэтуль і назад, ад дваццаць чацьвёртага дня дзявятага месяца, ад дня, у які закладзеная сьвятыня ГОСПАДА, зьвярніце сэрцы вашыя.
19 Ці ёсьць яшчэ насеньне ў сьвірне? Ці яшчэ вінаград, і дрэва фігавае, і дрэва гранатовае, і дрэва аліўнае давалі плод? Ад гэтага дня Я дабраслаўлю».
20 І было слова ГОСПАДА другі раз да Агея ў дваццаць чацьвёрты дзень таго самага месяца, кажучы:
21 «Скажы Зэрубабэлю, ваяводзе Юды, кажучы: “Я ўзварухну неба і зямлю;
22 Я перавярну пасады валадарстваў, і выгублю моц валадарстваў паганаў, і перавярну калясьніцы і тых, якія едуць у іх, і паваляцца коні і вершнікі іхнія, кожны ад мяча брата свайго.
23 У той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Я вазьму цябе, Зэрубабэлю, сыне Шэалтыэля, слугу Майго, кажа ГОСПАД, і зраблю цябе, як пячатку, бо Я выбраў цябе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў”».
Аггей 2 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча