Библия » Пераклад Антонія Бокуна
От Марка 14 глава
1 Праз два дні была Пасха і сьвята Праснакоў, і шукалі першасьвятары і кніжнікі, як узяць Яго подступам і забіць,
2 але казалі: «Не на сьвята, каб не было замяшаньня ў народзе».
3 І калі Ён быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў [за сталом], прыйшла жанчына з алябастравым збанком міра нардовага, чыстага і каштоўнага, і, пабіўшы алябастар, выліла Яму на галаву.
4 І былі некаторыя, якія абураліся ў сабе і казалі: «Навошта такое марнаваньне гэтага міра?
5 Можна ж было прадаць яго даражэй, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім». І наракалі на яе.
6 А Ісус сказаў: «Пакіньце яе! Навошта робіце ёй прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.
7 Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою і можаце ім дабро рабіць, калі захочаце, а Мяне маеце не заўсёды.
8 Яна, што магла, зрабіла: наперад памазала цела Маё на пахаваньне.
9 Сапраўды кажу вам: дзе толькі будзе абвешчана Эвангельле гэтае ў-ва ўсім сьвеце, будзе сказана і пра тое, што яна зрабіла, на ўспамін пра яе».
10 І Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім.
11 Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму грошы. І ён шукаў, як у адпаведны час Яго выдаць.
12 І ў першы дзень Праснакоў, калі заколваюць пасхальнае [ягня], кажуць Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есьці Пасху?»
13 І пасылае двух вучняў сваіх, і гаворыць ім: «Ідзіце ў горад, і сустрэнецца вам чалавек, які будзе несьці збан вады; ідзіце за ім.
14 І куды ён увойдзе, скажыце ўладальніку: “Настаўнік гаворыць: 'Дзе сьвятліца, у якой буду есьці Пасху разам з вучнямі Маімі?'”
15 І ён пакажа вам залю вялікую, засланую, падрыхтаваную; там падрыхтуйце нам».
16 І пайшлі вучні Ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як Ён сказаў ім, і падрыхтавалі Пасху.
17 І калі настаў вечар, прыходзіць з Дванаццацьцю.
18 І калі ўзлягалі за сталом і елі, Ісус сказаў: «Сапраўды кажу вам: Адзін з вас, што есьць са Мною, выдасьць Мяне».
19 Яны ж засмуціліся і пачалі адзін за адным гаварыць Яму: «Ці ня я?» І іншыя: «Ці ня я?»
20 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Адзін з Дванаццаці, што мачае са Мною ў місе.
21 Што праўда, Сын Чалавечы ідзе, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, праз якога Сын Чалавечы выдаецца! Лепш было б, каб чалавек той ня быў нарадзіўшыся».
22 І калі яны елі, Ісус узяў хлеб, дабраславіўшы, паламаў і даў ім, і сказаў: «Бярыце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё».
23 І, узяўшы келіх, падзякаваўшы, даў ім; і пілі з яго ўсе.
24 І сказаў ім: «Гэта ёсьць Кроў Мая Новага Запавету, якая за многіх праліваецца.
25 Сапраўды кажу вам, што больш ня буду піць з гэтага плоду вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць новае віно ў Валадарстве Божым».
26 І, засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.
27 І кажа ім Ісус: «Усе вы згоршыцеся праз Мяне ў гэтую ноч, бо напісана: “Удару пастуха, і будуць расьцярушаныя авечкі”,
28 але пасьля ўваскрасеньня Майго прыйду перад вамі ў Галілею».
29 А Пётар сказаў Яму: «Калі нават усе згоршацца, але ня я».
30 І кажа яму Ісус: «Сапраўды кажу табе, што ты сёньня, у гэтую ноч, перш, чым певень двойчы запяе, тройчы адрачэшся ад Мяне».
31 Але той тым мацней гаварыў: «Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, не адракуся ад Цябе». Гэтак сама і ўсе гаварылі.
32 І прыходзяць у месца, званае Гетсэманія, і гаворыць вучням Сваім: «Пасядзіце тут, пакуль Я памалюся».
33 І бярэ з Сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў тужыць і сумаваць.
34 І кажа ім: «Смутная душа Мая аж да сьмерці, застаньцеся тут і чувайце».
35 І, адыйшоўшыся трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна.
36 І гаварыў: «Абба, Ойча! Усё магчыма для Цябе, пранясі ад Мяне гэты келіх, але ня тое, што Я хачу, але што Ты!»
37 І прыходзіць, і знаходзіць іх, што яны сьпяць, і гаворыць Пятру: «Сымоне! Ты сьпіш? Ня маеш сілы аднае гадзіны чуваць?
38 Чувайце і маліцеся, каб не ўвайсьці ў спакусу, бо дух ахвочы, а цела кволае».
39 І зноў, адыйшоўшыся, маліўся, гаворачы тое самае слова.
40 І, вярнуўшыся, знайшоў зноў, што яны сьпяць, бо вочы іхнія абцяжэлі, і ня ведалі, што Яму адказаць.
41 І прыходзіць трэці раз, і кажа ім: «Сьпіцё яшчэ і адпачываеце? Даволі! Прыйшла гадзіна. Вось Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў.
42 Уставайце! Хадзем! Вось, наблізіўся той, хто Мяне выдае».
43 І адразу, калі Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікі натоўп з мячамі і каламі ад першасьвятароў, і кніжнікаў, і старшыняў.
44 А той, што выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, гэта Ён, бярыце Яго і вядзіце асьцярожна».
45 І, прыйшоўшы, адразу падыйшоў да Яго і кажа: «Раббі! Раббі!», і пацалаваў Яго.
46 Яны ж усклалі рукі свае на Яго і схапілі Яго.
47 А адзін з тых, што стаялі там, выхапіўшы меч, ударыў слугу першасьвятара і адсек яму вуха.
48 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і каламі, каб схапіць Мяне.
49 Штодзень быў Я з вамі ў сьвятыні, навучаючы, і вы ня бралі Мяне, але няхай споўніцца Пісаньне».
50 І, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.
51 І адзін юнак, апрануўшы палатніну на голае цела, ішоў за Ім, і жаўнеры схапілі яго,
52 але ён, пакінуўшы палатніну, голы ўцёк ад іх.
53 І прывялі Ісуса да першасьвятара, і зьбіраюцца да яго ўсе першасьвятары, і старшыні, і кніжнікі.
54 І Пётар здалёк ішоў за Ім ажно на панадворак першасьвятара, і сядзеў з паслугачамі і грэўся пры агні.
55 А першасьвятары і ўвесь сынэдрыён шукалі сьведчаньня супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць, і не знаходзілі.
56 Бо шмат хто фальшыва сьведчыў супраць Яго, але іхнія сьведчаньні не былі згоднымі.
57 І некаторыя, падняўшыся, фальшыва сьведчылі супраць Яго, кажучы:
58 «Мы чулі, як Ён казаў: “Я зруйную бажніцу гэтую, зробленую рукамі, і праз тры дні збудую іншую, якая не рукамі зробленая”».
59 Але і іх сьведчаньні не былі згоднымі.
60 І першасьвятар, стаўшы на сярэдзіне, спытаўся ў Ісуса, кажучы: «Нічога не адказваеш? Што яны супраць Цябе сьведчаць?»
61 А Ён маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і гаворыць Яму: «Ці Ты — Хрыстос, Сын Дабраслаўлёнага?»
62 А Ісус сказаў: «Гэта Я, і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч Моцы і Які ідзе на аблоках нябесных».
63 Тады першасьвятар, разьдзёршы вопраткі свае, кажа: «Нашто патрэбны нам яшчэ сьведкі?
64 Вы чулі блюзьнерства? Як вам здаецца?» Тыя ж усе прысудзілі, што Ён варты сьмерці.
65 І некаторыя пачалі пляваць на Яго, і засланяць аблічча Яго, і біць Яго, і гаварыць Яму: «Прароч!» І паслугачы білі Яго па шчоках.
66 І калі Пётар быў на панадворку ўнізе, прыходзіць адна са служак першасьвятара
67 і, убачыўшы Пятра, які грэўся, і прыгледзеўшыся да яго, кажа: «І ты быў з Ісусам з Назарэту?»
68 Але ён адрокся, кажучы: «Ня ведаю і не разумею, што ты гаворыш». І выйшаў вонкі на пярэдні панадворак, і запяяў певень.
69 І служка, зноў убачыўшы яго, пачала казаць тым, што стаялі побач: «Гэты адзін з іх».
70 А ён зноў адрокся. І, неўзабаве, тыя, што там стаялі, зноў кажуць Пятру: «Праўда, ты з іх, бо ты — Галілеец, і гаворка твая падобная».
71 А ён пачаў клясьціся і прысягаць: «Ня ведаю Чалавека Гэтага, пра Якога гаворыце».
72 І другі раз запяяў певень, і ўзгадаў Пётар слова, якое сказаў яму Ісус: «Перш, чым певень двойчы запяе, ты тройчы адрачэшся ад Мяне». І пачаў плакаць.
От Марка 14 глава в переводах