Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Деяния 14 глава
1 Сталася ж у Іконіі, што ўвайшлі яны разам у сынагогу Юдэйскую і гаварылі гэтак, што паверыла вялікае мноства Юдэяў і Грэкаў.
2 А Юдэі, якія ня верылі, паднялі і раз’юшылі супраць братоў душы паганаў.
3 Аднак яны былі там даволі часу, адважна гаворачы пра Госпада, Які сьведчыў пра слова ласкі Сваёй і чыніў знакі і цуды праз рукі іхнія.
4 І падзялілася мноства ў горадзе, і адны былі з Юдэямі, а другія — з апосталамі.
5 А калі пагане і Юдэі з начальнікамі сваімі намерваліся зьняважыць і ўкаменаваць іх,
6 яны, даведаўшыся, уцяклі ў гарады Лікаонскія Лістру і Дэрбу, і ў ваколіцу,
7 і былі там, дабравесьцячы.
8 І нейкі чалавек у Лістры, немачны на ногі, сядзеў, бо ад чэрава маці сваёй быў кульгавы і ніколі не хадзіў.
9 Ён слухаў Паўла, які гаварыў, і той, глянуўшы на яго і бачачы, што ён мае веру дзеля збаўленьня,
10 сказаў моцным голасам: «Стань на ногі твае проста!» І ён падскочыў, і хадзіў.
11 А натоўп, бачачы, што зрабіў Павал, падняў голас свой, кажучы па-лікаонску: «Богі, падобныя да людзей, зыйшлі да нас!»
12 І называлі Барнабу Зэўсам, а Паўла — Гермэсам, бо ён быў правадыром у слове.
13 А сьвятар Зэўса, што стаяў перад горадам іхнім, прывёўшы валоў з вянкамі да брамаў, хацеў разам з натоўпам закалоць іх [у ахвяру].
14 Апосталы ж Барнаба і Павал, пачуўшы [пра гэта], разьдзёршы адзеньне сваё, кінуліся ў натоўп, крычучы і кажучы:
15 «Мужы! Што вы гэта робіце? І мы падобныя да вас людзі, якія дабравесьцім вам, каб адвярнуліся ад гэтых марнасьцяў да Бога Жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,
16 Які ў мінулых пакаленьнях пакінуў усе народы хадзіць сваімі шляхамі,
17 ды не пакінуў сьведчыць пра Сябе, робячы дабро, даючы нам з неба дажджы і поры ўраджайныя, напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя!»
18 І, гаворачы гэтае, ледзь супакоілі натоўп, каб не заколвалі [ахвяры] для іх.
19 А з Антыёхіі і Іконіі прыйшлі Юдэі і, намовіўшы натоўп і ўкаменаваўшы Паўла, вывалаклі яго за горад, думаючы, што ён памёр.
20 Калі ж акружылі яго вучні, ён, устаўшы, увайшоў у горад і на заўтра выйшаў з Барнабам у Дэрбу.
21 І дабравесьціўшы гэтаму гораду, і навучыўшы многіх, яны вярнуліся ў Лістру і Іконію, і Антыёхію,
22 умацоўваючы душы вучняў, просячы трываць у веры і што праз шмат мукаў мусім мы ўвайсьці ў Валадарства Божае.
23 І, ускладаючы рукі, яны [паставілі] ім старостаў у кожнай царкве, і, памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога яны паверылі.
24 І, прайшоўшы праз Пісыдыю, прыйшлі ў Памфілію.
25 І, прамовіўшы слова ў Пэргіі, зыйшлі ў Аталію.
26 Адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзеныя ласцы Божай на справу, якую выканалі.
27 Прыйшоўшы і сабраўшы царкву, яны расказалі, што ўчыніў з імі Бог і як расчыніў дзьверы веры паганам.
28 І былі яны там немалы час з вучнямі.
Деяния 14 глава в переводах