Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

Иакова 2 глава

1 Браты мае! Не ўзіраючыся на аблічча, мейце веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста праслаўленага.
2 Бо калі ў збор ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у сьветлым адзеньні, і ўвойдзе ўбогі ў брудным адзеньні,
3 і вы глянеце на таго, які носіць сьветлае адзеньне, і скажаце яму: «Табе добра сесьці тут», а ўбогаму скажаце: «Ты стань там», ці: «Сядай тут, ля падножжа майго»,
4 ці не ўчынілі вы розьніцы ў саміх сабе і ці ня сталіся судзьдзямі са злымі думкамі?
5 Паслухайце, браты мае ўлюбёныя, ці ж ня ўбогіх сьвету гэтага выбраў Бог быць багатымі ў веры і спадкаемцамі Валадарства, якое Ён абяцаў тым, што любяць Яго?
6 А вы зьняважылі ўбогага. Ці ж не багатыя прыгнятаюць вас, і ці ж не яны цягаюць вас у суды?
7 Ці ж не яны блюзьняць на добрае імя, якое вы прызываеце?
8 Калі, аднак, вы спаўняеце валадарскі закон паводле Пісаньня: «Любі бліжняга твайго як самога сябе», добра робіце;
9 а калі на аблічча ўзіраецеся, чыніце грэх і дакараныя законам як парушальнікі.
10 Бо хто захоўвае ўвесь Закон, але спатыкнецца ў [нечым] адным, той стаўся вінным у-ва ўсім.
11 Бо Той, Які сказаў: «Не чужалож», сказаў таксама: «Не забівай». Дык калі ты не чужаложыш, але заб’еш, ты стаўся парушальнікам Закону.
12 Гэтак гаварыце і гэтак рабіце, як тыя, што маюць быць суджаны паводле закону свабоды.
13 Бо суд бяз літасьці для таго, хто не ўчыніў літасьці; і ласка па-над суд вывышаецца.
14 Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што мае веру, а ўчынкаў ня мае? Ня можа гэтая вера збавіць яго.
15 Калі брат ці сястра ня маюць адзеньня і не хапае ім ежы на дзень,
16 а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце ў супакоі, грэйцеся і насычайцеся», але ня дасьць ім патрэбнага для цела, якая карысьць?
17 Гэтак і вера, калі ня мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая.
18 Але нехта скажа: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі». Пакажы мне веру тваю без учынкаў тваіх, і я з маіх учынкаў пакажу табе маю веру.
19 Ты верыш, што Бог адзін, — добра робіш. І дэманы вераць і дрыжаць.
20 Але ці хочаш ведаць, чалавек нікчэмны, што вера без учынкаў мёртвая?
21 Ці ж не праз учынкі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, узьнёсшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?
22 Бачыш, што вера дапамагала ўчынкам ягоным, і праз учынкі вера завяршылася.
23 І споўнілася Пісаньне, якое кажа: «Паверыў Абрагам Богу, і залічана яму за праведнасьць», і: «Сябрам Богу быў ён названы».
24 Дык паглядзіце, што чалавек апраўдваецца праз учынкі, а не праз веру толькі.
25 Падобна і Рахаў распусьніца ці не праз учынкі была апраўданая, прыняўшы пасланцоў і выправіўшы [іх] другой дарогаю?
26 Бо, як цела бяз духа мёртвае, гэтак і вера мёртвая без учынкаў.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.