Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

Евреям 1 глава

1 Бог, Які шмат разоў і шматлікімі спосабамі здаўна гаварыў да бацькоў праз прарокаў,
2 у апошнія гэтыя дні прамовіў да нас праз Сына, Якога паставіў за спадкаемцу ўсяго, праз Якога і вякі ўчыніў.
3 Ён, будучы зьзяньнем славы і выразам існасьці Ягонай і ўсё словам моцы Сваёй трымаючы, учыніўшы праз Сябе ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышынях,
4 стаўшыся лепшым за анёлаў нагэтулькі, наколькі слаўнейшае за іх успадкаеміў імя.
5 Бо каму з анёлаў сказаў Ён калі: «Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»?
6 А калі ізноў уводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: «І няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя».
7 А наконт анёлаў кажа: «Ён робіць анёламі Сваімі духаў і служыцелямі Сваімі — полымя агню».
8 А наконт Сына: «Пасад Твой, Божа, на век вечны; кій правасьці — кій валадарства Твайго.
9 Ты палюбіў праведнасьць і зьненавідзеў беззаконьне. Дзеля гэтага памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем весялосьці больш за таварышаў Тваіх».
10 І: «Ты напачатку, Госпадзе, умацаваў зямлю, і неба — справа рук Тваіх;
11 яны загінуць, а Ты застаешся; і ўсе, як шаты, састарэюць,
12 і, як адзеньне, Ты скруціш іх, і яны зьменяцца; а Ты — Той Самы, і гады Твае ня скончацца».
13 А наконт каго з анёлаў сказаў Ён калі: «Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх»?
14 Ці ня ўсе яны — паслугавальныя духі, якія пасланыя на служэньне дзеля тых, якія маюць успадкаеміць збаўленьне?
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.