Библия » Пераклад Антонія Бокуна
Евреям 10 глава
1 Бо Закон, які мае цень будучага дабра, а ня сам вобраз рэчаў, тымі ахвярамі, якія нязьменна прыносяцца штогод, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць [з імі].
2 Бо іначай перасталі б прыносіць іх, бо ўжо ня мелі б сьвядомасьці грахоў тыя, што служаць, аднойчы ачышчаныя.
3 Але праз гэтыя [ахвяры] штогод узгадваецца пра грахі,
4 бо немагчыма, каб кроў валоў і казлоў забірала грахі.
5 Дзеля гэтага [Хрыстос], уваходзячы ў сьвет, кажа: «Ахвяры і дару Ты не захацеў, але цела падрыхтаваў для Мяне.
6 Цэласпаленьні і [ахвяры] за грэх Ты не ўпадабаў.
7 Тады Я сказаў: “Вось, іду (на пачатку кнігі напісана пра Мяне) учыніць, Божа, волю Тваю”».
8 Сказаўшы перш, што «ахвяры, і дару, і цэласпаленьняў, і [ахвяры] за грэх Ты не захацеў і не ўпадабаў», а яны прыносяцца паводле Закону,
9 пасьля сказаў: «Вось, іду ўчыніць, Божа, волю Тваю». Касуе першае, каб паставіць другое.
10 Гэтай воляй мы асьвячоныя праз аднакротнае прынясеньне цела Ісуса Хрыста.
11 І ўсякі сьвятар штодня стаіць, спраўляючы служэньне і шматкроць прыносячы тыя самыя ахвяры, якія ніколі ня могуць зьняць грахоў.
12 А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,
13 чакаючы яшчэ, пакуль ворагі Ягоныя будуць пакладзены як падножжа ног Ягоных.
14 Бо Ён адным дарам назаўсёды зрабіў дасканалымі тых, якіх асьвяціў.
15 Сьведчыць жа нам і Дух Сьвяты, бо пасьля прадказана:
16 «Вось запавет, які Я заключу з імі пасьля дзён тых, — кажа Госпад, — даючы законы Мае ў сэрцы іхнія, напішу іх і ў думках іхніх,
17 і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх больш не ўзгадаю».
18 А дзе адпушчэньне грахоў, ужо непатрэбны дар за іх.
19 Дык, браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвятыню праз кроў Ісуса Хрыста,
20 шляхам новым і жывым, які Ён усталяваў для нас праз заслону, гэта ёсьць цела Сваё,
21 і маючы вялікага Сьвятара над домам Божым,
22 будзем падыходзіць са шчырым сэрцам, у поўні веры, пакрапіўшы сэрцы, [каб ачысьціць] ад сумленьня злога, і абмыўшы цела чыстай вадою.
23 Будзем трымацца няўхільна вызнаньня надзеі, бо верны Той, Які абяцаў,
24 і будзем зважаць адзін на аднаго, заахвочваючы да любові і добрых учынкаў,
25 не пакідаючы зграмаджэньня свайго, як ёсьць у некаторых звычай, але заклікаючы [ў яго], і тым больш, калі бачыце, што набліжаецца дзень той.
26 Бо калі мы самахоць грашым, атрымаўшы пазнаньне праўды, ужо не застаецца ахвяра за грахі,
27 але нейкае жахлівае чаканьне суду і жару агню, які мае пажэрці супраціўнікаў.
28 Хто адкінуў Закон Майсея пры двух ці трох сьведках, бяз літасьці памірае.
29 Наколькі, думаеце, цяжэйшае кары варты той, хто Сына Божага патаптаў, і кроў запавету, якою ён асьвячоны, за звычайную палічыў, і Духа ласкі зьняважыў?
30 Бо мы ведаем Таго, Які сказаў: «“Мне помста, Я аддам”, — кажа Госпад». І ізноў: «Госпад будзе судзіць народ Свой».
31 Жахліва трапіць у рукі Бога Жывога!
32 Узгадайце ж ранейшыя дні вашыя, калі вы, прасьветленыя, вытрывалі вялікае змаганьне пакутаў,
33 ці то самі выстаўляныя на зьнявагі і зьдзекі, ці то стаўшыся супольнікамі тых, якія пераносяць такое.
34 Бо вы і маім путам спачувалі, і рабунак маёмасьці вашае з радасьцю прыймалі, ведаючы, што маеце для сябе ў небе маёмасьць лепшую, якая застанецца.
35 Дык не пакідайце адвагі вашае, якая мае вялікую нагароду.
36 Бо вам патрэбная цярплівасьць, каб, учыніўшы волю Божую, атрымаць абяцаньне.
37 Бо яшчэ крыху, зусім крыху, і надыйдзе Той, Які надыходзіць, і не замарудзіць.
38 «А праведны з веры жыць будзе»; і: «Калі хто будзе хістацца, не ўпадабае яго душа Мая».
39 Мы ж ня хісткія на загубу, але [стаім] у веры на здабыцьцё душы.
Евреям 10 глава в переводах