Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

Евреям 11 глава

1 А вера ёсьць пэўнасьць у тым, чаго спадзяемся, перакананасьць у рэчах нябачных.
2 Бо ў ёй засьведчаны старэйшыя [нашыя].
3 Вераю разумеем, што вякі наладжаны словам Божым, каб з няяўнага сталася бачнае.
4 Вераю Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сьведчаньне, што ён — праведны, [бо гэта] засьведчыў Бог пра дары ягоныя; і праз яе ён, памёршы, яшчэ гаворыць.
5 Вераю Энох быў перанесены, што ня ўбачыў сьмерці; і не знайшлі яго, бо перанёс яго Бог. Бо перад перанясеньнем ягоным было засьведчана, што ён спадабаўся Богу.
6 А бяз веры спадабацца [Богу] немагчыма, бо той, хто прыходзіць да Бога, мусіць верыць, што Ён ёсьць і тым, хто шукае Яго, нагароду дае.
7 Вераю Ной, атрымаўшы слова пра тое, што яшчэ не было бачным, у багабойнасьці пабудаваў каўчэг дзеля збаўленьня дому свайго; ёю ён асудзіў сьвет і паводле веры стаўся спадкаемцам праведнасьці.
8 Вераю Абрагам, калі быў пакліканы, падпарадкаваўся, каб ісьці ў месца, якое меў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не разумеючы, куды ідзе.
9 Вераю вандраваў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, жывучы ў намётах з Ісаакам і Якубам, суспадчыньнікамі таго самага абяцаньня;
10 бо ён чакаў гораду, які мае падмуркі, якога майстар і дойлід — Бог.
11 Вераю і сама Сара атрымала сілу на зачацьце насеньня і не па часе веку нарадзіла, бо верным прызнавала Таго, Які абяцаў.
12 І дзеля гэтага ад аднаго, і пры гэтым амярцьвелага, нарадзілася гэтак шмат, як зорак у небе і як незьлічоны пясок на ўзьбярэжжы мора.
13 Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, але толькі здалёк бачачы іх, і маючы пэўнасьць, і вітаючы [іх], і прызнаючы, што яны — чужынцы і вандроўнікі на зямлі.
14 Бо тыя, што гэтак кажуць, паказваюць, што яны бацькаўшчыну шукаюць.
15 І, калі б яны памяталі тую, з якое выйшлі, мелі б час вярнуцца.
16 Але яны лепшага жадалі, гэта ёсьць нябеснага; дзеля гэтага Бог не саромеецца іх, каб іхнім Богам называцца, бо Ён падрыхтаваў ім горад.
17 Вераю Абрагам, спакушаны, прынёс [у ахвяру] Ісаака, і прынёс адзінароднага, якога прыняў як абяцаньне,
18 пра якога было сказана: «У Ісааку будзе названае насеньне табе»,
19 бо ён лічыў, што Бог мае моц і з мёртвых уваскрасіць, дзеля чаго і атрымаў яго як прыклад.
20 Вераю ў будучае Ісаак дабраславіў Якуба і Эзава.
21 Вераю Якуб, паміраючы, дабраславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся на верх кія свайго.
22 Вераю Язэп, паміраючы, нагадаў пра выхад сыноў Ізраіля і загадаў наконт костак сваіх.
23 Вераю Майсей па нараджэньні тры месяцы быў хаваны бацькамі сваімі, бо яны бачылі, што хлопчык мілы [Богу], і не спалохаліся валадарскага загаду.
24 Вераю Майсей, стаўшыся дарослым, адмовіўся называцца сынам дачкі фараона
25 і выбраў лепш пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую прыемнасьць грэху,
26 зьнявагу Хрыстовую палічыўшы большым багацьцем, чым скарбы эгіпецкія; бо ён на нагароду ўглядаўся.
27 Вераю пакінуў ён Эгіпет, не спалохаўшыся ярасьці валадарскай, бо непахісны быў, быццам бачачы Нябачнага.
28 Вераю ўчыніў ён Пасху і праліцьцё крыві, каб не крануў іх той, які нішчыў першародных.
29 Вераю перайшлі яны праз Чырвонае мора, як па сухому; на што спакусіўшыся, Эгіпцяне былі патопленыя.
30 Вераю ўпалі муры Ерыхону, як абыходзілі [іх] сем дзён.
31 Вераю Рахаў распусьніца, з супакоем прыняўшы выведчыкаў, не загінула з тымі, якія не скарыліся.
32 І што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, Барака, пра Самсона і Ефтая, пра Давіда і Самуэля, і пра прарокаў,
33 якія вераю перамагалі валадарствы, чынілі праведнасьць, атрымлівалі абяцаньні, загароджвалі пашчы ільвоў,
34 тушылі сілу агню, уцякалі ад вострыва мяча, умацоўваліся ад слабасьці, ставаліся дужымі ў бітве, прымушалі ўцякаць табары чужынцаў,
35 жонкі атрымлівалі памёршых сваіх уваскрошанымі; а іншыя былі замучаныя, не дачакаўшыся адкупленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрашэньне,
36 іншыя паспыталі зьдзекаў і тартураў, а яшчэ путаў і вязьніцы,
37 былі каменаваныя, пілаваныя, спакушаныя, былі забіваныя мячом, бадзяліся ў авечых і казіных скурах, маючы нястачу, прыгнёт, нягоды;
38 тыя, якіх сьвет ня быў варты, туляліся па пустынях і горах, па пячорах і шчылінах зямлі.
39 І ўсе яны, што засьведчаныя вераю, не атрымалі абяцаньня,
40 бо Бог прадугледзеў адносна нас нешта лепшае, каб яны не бяз нас асягнулі дасканаласьць.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.