Читай и изучай

Библия » Пераклад Антонія Бокуна

Евреям 12 глава

1 Дык і мы, маючы навокал нас гэткае воблака сьведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і грэх, які нас аблытвае, з цярплівасьцю будзем бегчы ў змаганьні, што ляжыць перад намі,
2 углядаючыся на Пачынальніка і Завяршальніка веры, Ісуса, Які замест радасьці, што была перад Ім, вытрываў крыж, пагардзіўшы сорамам, і сеў праваруч пасаду Божага.
3 Бо паразважайце пра Таго, Які вытрываў гэтакую супраць Сябе варажнечу ад грэшнікаў, каб вы не зьнемагаліся, саслабеўшы душамі вашымі.
4 Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху,
5 і забыліся пра пацяшэньне, якое зьвяртаецца да вас, як да сыноў: «Сыне мой! Ня грэбуй настаўленьнем Госпадавым і не слабей, калі Ён цябе дакарае.
6 Бо каго любіць Госпад, таго карае, і бічуе ўсякага сына, якога прыймае».
7 Калі вы зносіце пакараньне, Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Бо ці ёсьць гэтакі сын, якога не карае бацька?
8 А калі вы без пакараньня, удзельнікамі якога сталіся ўсе, дык вы — байструкі, а не сыны.
9 Да таго, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас каралі, і саромеліся перад імі, ці ня шмат больш маем падпарадкоўвацца Айцу духаў і будзем жыць?
10 Бо тыя каралі, як самі думалі, на некалькі дзён; а Ён — на карысьць [нашую], каб нам удзельнічаць у сьвятасьці Яго.
11 Усякае ж пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, але смуткам; а пасьля дае навучаным праз яго мірны плод праведнасьці.
12 Дзеля гэтага выпрастуйце рукі, што апусьціліся, і калені, што самлелі,
13 і сьцежкі простыя рабіце нагамі вашымі, каб кульгавае нікуды ня збочыла, а лепш было аздароўленае.
14 Імкніцеся да супакою з усімі і да сьвятасьці, без якое ніхто ня ўбачыць Госпада,
15 гледзячы, каб хто ня страціў ласкі Божае; каб які корань горычы, вырасшы ўверх, не зрабіў шкоды, і каб праз яго не занячысьціліся многія;
16 каб не было якога распусьніка ці паганага, як Эзаў, які за адну ежу аддаў першародзтва сваё.
17 Бо ведаеце, што і пасьля ён, хочучы ўспадкаеміць дабраслаўленьне, быў адкінуты, бо не знайшоў месца навяртаньня, хоць і шукаў яго са сьлязьмі.
18 Бо не падыйшлі вы да гары, да якой [можна] дакрануцца і якая палае агнём, ані да віхуры, і цемры, і буры,
19 ані да гуку трубы і голасу словаў, пра якія тыя, што чулі, прасілі, каб да іх не было больш слова,
20 бо ня вытрымалі перасьцярогі: «Калі і зьвер кранецца гары, будзе ўкаменаваны ці стралою забіты»,
21 і гэткая жахлівая была тая праява, што Майсей сказаў: «Я напалоханы і трасуся».
22 Але вы падыйшлі да гары Сыён і да гораду Бога Жывога, да нябеснага Ерусаліму і да дзясяткаў тысячаў анёлаў,
23 да вальнага зграмаджэньня і царквы першародных, якія запісаныя ў небе, і да Бога, Судзьдзі ўсіх, і да духаў праведных і дасканалых,
24 і да Пасярэдніка новага запавету, Ісуса, і да крыві пакрапленьня, якая лепш за Абэлеву гаворыць.
25 Глядзіце, не адвярніцеся ад Таго, Які гаворыць. Бо калі не ўцяклі тыя, што адвярнуліся ад таго, які прамаўляў на зямлі, тым больш мы, калі адкінем Таго, Які з неба,
26 голас Якога тады захістаў зямлю, а цяпер абяцаў, кажучы: “Яшчэ раз страсяну ня толькі зямлю, але і неба”.
27 А [словы] “яшчэ раз” паказваюць на зьмену таго, што хістаецца, як створанага, каб засталося тое, што не хістаецца.
28 Дзеля гэтага мы, прыймаючы Валадарства непарушнае, будзем мець ласку, праз якую будзем служыць Богу, падабаючыся [Яму], з сарамлівасьцю і багабойнасьцю,
29 бо Бог наш — агонь, які паглынае.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.