Библия » Пераклад праваслаўнай царквы
Римлянам 12 глава
1 Дык я прашу вас, браты, міласэрнасцю Божаю аддаць целы вашы ў ахвяру жывую, святую, угодную Богу, на разумнае служэнне ваша;
2 і не прыстасоўвайцеся да веку гэтага, а пераўтвара́йцеся абнаўле́ннем розуму вашага, каб распазнава́ць вам, у чым воля Божая добрая, і ўгодная, і дасканалая.
3 Па благадаці, да́дзенай мне, кажу кожнаму з вас: не думайце пра сябе вышэй, чым нале́жыць думаць, а, думайце са сціпласцю, у адпаведнасці з тою мераю веры, якую кожнаму вызначыў Бог.
4 Бо, як у адным целе ў нас многа членаў, але не ўсе члены выконваюць аднолькавае дзе́янне,
5 так і мы многія — адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены.
6 І паколькі па благадаці, да́дзенай нам, мы маем розныя дары, то калі маеш прароцтва, дык прароч згодна з вераю;
7 калі маеш служэнне, дык будзь у служэнні; калі навучаеш — дык у навучанні;
8 калі суцяшаеш — дык у суцяшэнні; калі даеш — дык шчыра; калі начальствуеш — дык дбайна; калі мíлуеш — дык з радасцю.
9 Любоў няхай будзе некрываду́шнаю; ухіля́йцеся ад зла, імкніцеся да дабра;
10 любíце адзін аднаго братняю любоўю; пашанаю адзін аднаго апярэ́джвайце;
11 у руплівасці не спыняйцеся; духам палымнейце; Госпаду служы́це;
12 у надзеі радуйцеся; у прыгнечанасці будзьце стойкімі; у малітве — пастаяннымі;
13 дапамагайце святым у іх патрэбах; пра гасціннасць дбайце;
14 благаслаўляйце ганіцеляў вашых; благаслаўляйце, а не праклінайце.
15 Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.
16 Будзьце аднадумнымі паміж сабою; не ўзносьце сябе ў думках, а імкніцеся за пакорлівымі; не лічы́це самі сябе мудрымі;
17 нікому не плацíце злом за зло, а клапаціцеся пра дабро для ўсіх людзей.
18 Калі магчыма, наколькі гэта ад вас залежыць, з усімі людзьмі будзьце ў міры.
19 Не помсціце за сябе, узлю́бленыя, а дайце месца гневу Божаму. Бо напíсана: «Мая помста, Я адплачу́, — кажа Гасподзь».
20 Дык вось, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі сма́гне, напаí яго; бо, робячы гэта, ты збярэш гара́чае вуголле на галаву яго.
21 Не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром.
Римлянам 12 глава в переводах