Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Исход 7 глава
1 Але Гасподзь сказаў Майсею: глядзі, Я паставіў цябе Богам фараону; а Аарон, брат твой, будзе тваім прарокам:
2 ты будзеш гаварыць усё, што Я загадаю табе, а Аарон, брат твой, будзе гаварыць фараону, каб ён адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй;
3 але Я зраблю і ачарсьцьвее сэрца фараонавае і акажу мноства азнакаў Маіх і цудаў Маіх у зямлі Егіпецкай;
4 фараон не паслухаецца вас, і Я накладу руку Маю на Егіпет і выведу войска Маё, народ Мой, сыноў Ізраілевых, зь зямлі Егіпецкай — судамі вялікімі;
5 тады ўведаюць Егіпцяне, што Я Гасподзь, калі працягну руку Маю на Егіпет і выведу сыноў Ізраілевых з асяродзьдзя іхняга.
6 І зрабілі Майсей і Аарон: як загадаў ім Гасподзь, так яны і зрабілі.
7 Майсею было восемдзесят, а Аарону восемдзесят тры гады, калі пачалі гаварыць яны фараону.
8 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:
9 калі фараон скажа вам: зрабеце цуд, дык ты скажы Аарону: вазьмі посах твой і кінь перад фараонам, — ён зробіцца зьмеем.
10 Майсей і Аарон прыйшлі да фараона і зрабілі так, як сказаў ім Гасподзь. І кінуў Аарон посах свой перад фараонам і перад рабамі ягонымі, і ён зрабіўся зьмеем.
11 І паклікаў фараон мудрацоў і чарадзеяў; і гэтыя магі зрабілі тое самае сваімі чарамі:
12 кожны зь іх кінуў свой посах, і яны зрабіліся зьмеямі; але посах Ааронаў праглынуў іхнія посахі.
13 Сэрца фараонава ачарсьцьвела, і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.
14 І сказаў Гасподзь Майсею: зацялося сэрца фараонавае: ён ня хоча адпусьціць народ.
15 Ідзі да фараона заўтра, вось, ён выйдзе да вады, ты стань на дарозе ў яго, на беразе ракі, і посах, які ператвараецца ў зьмея, вазьмі ў руку тваю,
16 і скажы яму: Гасподзь, Бог Габрэяў, паслаў мяне сказаць табе: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне ў пустыні: але вось, ты дагэтуль не паслухаўся.
17 Так кажа Гасподзь: з гэтага ўведаеш, што Я Гасподзь: вось гэтым посахам, які ў руцэ маёй, я ўдару па вадзе, якая ў рацэ, і яна ператворыцца ў кроў,
18 і рыба ў рацэ памрэ, і рака засьмярдзіць, і Егіпцянам агідна будзе піць ваду з ракі.
19 І сказаў Гасподзь Майсею: скажы Аарону: вазьмі посах твой і працягні руку тваю на воды Егіпцянаў: на рэкі іхнія, на патокі іхнія, на азёры іхнія і на ўсякае зьмясьцілішча водаў іхніх, — і ператворацца ў кроў, і будзе кроў па ўсёй зямлі Егіпецкай і ў драўляным і ў каменным посудзе.
20 І зрабілі Майсей і Аарон, як сказаў Гасподзь. І падняў посах і ўдарыў па вадзе рачной на вачах у фараона і на вачах у рабоў ягоных, і ўся вада ў рацэ ператварылася ў кроў,
21 і рыба ў рацэ вымерла, і рака засьмярдзела, і Егіпцяне не маглі піць з ракі; і была кроў на ўсёй зямлі Егіпецкай.
22 І магі Егіпецкія чарамі сваімі зрабілі тое самае. І зацялося сэрца ў фараона, і не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь.
23 І павярнуўся фараон і пайшоў у дом свой; і сэрца ягонае не пранялося і гэтым.
24 І пачалі капаць усе Егіпцяне каля ракі, каб знайсьці ваду на піцьцё, бо не маглі піць вады з ракі.
25 І споўнілася сем дзён пасьля таго, як Гасподзь ударыў раку.
Исход 7 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча