Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Притчи 10 глава
1 Выслоўі Саламона. Сын мудры радуе бацьку, а сын бязглузды — засмучэньне маці ягонай.
2 Не даюць карысьці скарбы няправедныя, а праўда ратуе ад сьмерці.
3 Не дапусьціць Гасподзь, каб галадала душа праведнага, а зьдзірства бязбожных адкіне.
4 Лянівая рука робіць бедным, а рука руплівая ўзбагачае.
5 Хто зьбірае летам — сын разумны, а хто сьпіць у жніва — сын шалапутны.
6 Дабраславеньні — на галаву праведнага, а вусны бязбожным затуліць насільле.
7 Памяць пра праведнага дабраславёная будзе, а імя бязбожных спаганьбіцца.
8 Мудры сэрцам прымае запаведзі, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.
9 Хто ходзіць у беззаганнасьці, той ходзіць бясьпечна; а хто скрыўляе шляхі свае, той будзе выкрыты.
10 Хто міргае вачыма, той чыніць прыкрасьць, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.
11 Вусны праведніка — крыніца жыцьця, а вусны бязбожным затуліць насільле.
12 Нянавісьць будзіць разлад, любоў акупае ўсе грахі.
13 На вуснах у разумнага мудрасьць, а на целе ў дурнога — дубец.
14 Мудрыя зьберагаюць веды, а вусны немысьля — блізкая пагібель.
15 Маёмасьць багатага — моцны горад яго, бяда бедным — іхняе ўбоства.
16 Праца праведнага — на жыцьцё, прыбытак бязбожнага — на грэх.
17 Хто захоўвае настаўленьне, той на дарозе да жыцьця; а хто пагарджае засьцярогай — блукае.
18 Хто хавае нянавісьць, у таго вусны ілжывыя; і хто пашырае паклёпы — неразумны.
19 Пры шматслоўі ня ўнікнуць грэху, а хто стрымлівае вусны свае — разумны.
20 Чыстае срэбра — язык праведнага, а сэрца бязбожных — нікчэма.
21 Вусны праведнага пасьвяць многіх, а неразумныя мруць ад нястачы глузду.
22 Дабраславеньне Гасподняе — яно ўзбагачае і смутку з сабой ня прыносіць.
23 Радуе немысьля — учынак ганебны, а чалавека разумнага — мудрасьць.
24 Чаго баіцца бязбожнік, тое спасьцігне яго, а жаданьне праведнікаў збудзецца.
25 Як падымецца бура, так і няма бязбожнага; а ў праведніка — аснова вечная.
26 Што воцат зубам і дым вачам, тое гультай тым, хто пасылае яго.
27 Страх Гасподні дадае дзён, а гады бязбожных скароцяцца.
28 Спадзяваньне праведнікам — радасьць, а надзея бязбожных загіне.
29 Шлях Гасподні — цьвярдыня нявінным і пагібель бязбожным.
30 Праведнік вавек не пахісьнецца, а бязбожныя не пажывуць на зямлі.
31 З вуснаў праведніка крынічыць мудрасьць, а язык шкодлівы будзе вырваны.
32 Вусны праведніка любяць богаспадобнае, а вусны бязбожных — разбэшчанае.
Притчи 10 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча