Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Иезекииль 10 глава

1 І бачыў я: і вось на скляпеньні, якое над галовамі ў херувімаў, як бы камень сапфір, як бы нешта падобнае на прастол відаць было над імі.
2 І гаварыў Ён чалавеку, які быў апрануты ў ільняную вопратку, і сказаў: увайдзі паміж калёсамі херувімаў і вазьмі поўныя прыгаршчы жару, і кінь на горад; і ён увайшоў на маіх вачах.
3 А херувімы стаялі па правы бок Дома, калі ўвайшоў той чалавек, і воблака напаўняла ўнутраны двор.
4 І паднялася слава Гасподняя з херувіма да парога Дома, і дом напоўніўся воблакам, і двор напоўніўся зьзяньнем славы Госпада.
5 І шум ад крылаў херувімаў чутны быў нават на зьнешнім двары, як бы голас Бога Ўсемагутнага, калі Ён гаворыць.
6 І калі Ён даў загад чалавеку, апранутаму ў ільняную вопратку, сказаўшы: «вазьмі агню паміж коламі, паміж херувімамі», і калі ён увайшоў і стаяў каля кола,
7 тады спасярод херувімаў адзін херувім працягнуў руку сваю да агню, які паміж херувімамі, і ўзяў і даў у прыгаршчы апранутаму ў ільняную вопратку. Ён узяў, і выйшаў.
8 І відаць было ў херувімаў падабенства рук чалавечых пад крыламі іхнімі.
9 І бачыў я: вось чатыры колы каля херувімаў, па адным коле каля кожнага херувіма, і колы з выгляду — як бы з каменя тапаза.
10 І з выгляду ўсе чатыры падобныя, быццам кола было ў коле.
11 Калі ішлі яны, дык ішлі па чатыры свае бакі; падчас шэсьця свайго не азіраліся, але да таго месца, куды павернута была галава, і яны туды ішлі; падчас шэсьця свайго не азіраліся.
12 І ўсё цела іх і сьпіна іх, і рукі іх і крылы іх, і колы навокал былі поўныя вачэй, — усе чатыры колы іхнія.
13 Колы гэтыя, як я чуў, былі названы: «галгал».
14 І ў кожнае жывёліны чатыры твары: першы твар — твар херувімавы, другі твар — твар чалавечы, трэці твар — ільвіны і чацьвёрты — твар арліны.
15 Херувімы падняліся. Гэта былі тыя самыя жывёліны, якіх бачыў я каля ракі Хавар.
16 І калі ішлі херувімы, тады ішлі каля іх і колы; і калі херувімы падымалі крылы свае, каб падняцца ад зямлі, і колы не аддзяляліся, а былі каля іх.
17 Калі тыя стаялі, стаялі і яны; калі тыя падымаліся, падымаліся і яны, бо ў іх быў дух жывёлін.
18 І адышла слава Гасподняя ад парога Дома і стала над херувімамі.
19 І паднялі херувімы крылы свае і падняліся на маіх вачах ад зямлі; калі яны адыходзілі, дык і колы каля іх; і сталі каля ўваходу ва ўсходнюю браму Дома Гасподняга, і слава Бога Ізраілевага ўгары над імі.
20 Гэта былі тыя самыя жывёліны, якіх бачыў я каля падножжа Бога Ізраілевага каля ракі Хавар. І я пазнаў, што гэта — херувімы.
21 У кожнага — па чатыры твары, і ў кожнага — па чатыры крылы, і пад крыламі ў іх падабенства рук чалавечых.
22 А падабенства твараў іхніх — тое самае, якія твары бачыў я каля ракі Хавар, — і выгляд у іх, і самыя яны. Кожны ішоў проста ў той бок, які быў перад абліччам ягоным.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.