Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Иезекииль 14 глава
1 І прыйшлі да мяне некалькі чалавек з старэйшынаў Ізраілевых і селі перад абліччам Маім.
2 І было мне слова Гасподняе;
3 сыне чалавечы! Гэтыя людзі дапусьцілі ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставілі спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім: ці магу Я адказваць ім?
4 Таму гавары зь імі і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог, калі хто з дому Ізраілевага дапусьціць ідалаў сваіх у сэрца сваё і паставіць спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока, — дык Я, Гасподзь, ці магу, пры мностве ідалаў ягоных, даць яму адказ?
5 Няхай дом Ізраілеў уразумее ў сэрцы сваім, што ўсе яны праз сваіх ідалаў зрабіліся чужымі Мне.
6 Таму скажы дому Ізраілеваму: так кажа Гасподзь Бог: навярнецеся і адвярнецеся ад ідалаў вашых, і ад усіх мярзотаў вашых адвярнеце аблічча ваша.
7 Бо калі хто з дому Ізраілевага і з прыхадняў, якія жывуць у Ізраіля, адпадзе ад Мяне і дапусьціць ідалаў сваіх у сэрца сваё, і паставіць спакусу бязбожнасьці сваёй перад абліччам сваім і прыйдзе да прарока папытацца ў Мяне празь яго, — дык Я, Гасподзь, ці дам яму адказ ад Сябе?
8 Я павярну аблічча Маё супроць таго чалавека і скрышу яго ў азнаку і прыклад і вынішчу яго з народу Майго, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
9 А калі прарок дапусьціць змусьціць сябе і скажа слова так, як бы Я, Гасподзь, навучыў гэтага прарока, дык Я працягну на яго руку Маю і зьнішчу яго з народу Майго, Ізраіля.
10 І панясуць віну беззаконьня свайго. Якая віна таго, хто пытаецца, такая будзе віна і прарока,
11 каб наперад дом Ізраілеў ня ўхіляўся ад Мяне і каб больш не апаганьвалі сябе ўсякімі беззаконьнямі сваімі, а каб былі Маім народам, і Я быў іх Богам, кажа Гасподзь Бог.
12 І было мне слова Гасподняе:
13 сыне чалавечы! калі б якая зямля зграшыла перад Мною, вераломна адступіўшыся ад Мяне, і Я працягнуў на яе руку Маю і зьнішчыў у ёй хлебную апору і паслаў на яе голад і пачаў губіць на ёй людзей і быдла,
14 і калі б знайшліся ў ёй гэтыя тры мужы: Ной, Данііл і Ёў, — дык яны праведнасьцю сваёю выратавалі б толькі свае душы, кажа Гасподзь Бог.
15 Альбо, калі б Я паслаў на гэтую зямлю лютых зьвяроў, якія асірацілі б яе, і яна ад тых зьвяроў зрабілася б пустою і непраходнаю,
16 дык гэтыя тры мужы сярод яе, — жыву Я, кажа Гасподзь Бог, — ня выратавалі б ні сыноў, ні дочак, а яны, толькі яны ўратаваліся б, зямля ж зрабілася б пустыняю.
17 Альбо, калі б я навёў на тую зямлю меч і сказаў: «меч, прайдзі па зямлі!» і пачаў зьнішчаць на ёй людзей і быдла,
18 дык гэтыя тры мужы сярод яе, — жыву Я, кажа Гасподзь, — ня выратавалі б ні сыноў, ні дочак, а яны толькі ўратаваліся б.
19 Альбо, калі б Я паслаў на тую зямлю згубную пошасьць і выліў на яе лютасьць Маю ў праліваньні крыві, каб зьнішчыць на ёй людзей і быдла,
20 дык Ной, Данііл і Ёў сярод яе, — жыву Я, кажа Гасподзь Бог, — не ўратавалі б ні сыноў, ні дочак; праведнасьцю сваёй яны ўратавалі б толькі свае душы.
21 Бо так кажа Гасподзь Бог: калі і чатыры кары Мае — меч і голад, і лютых зьвяроў і згубную пошасьць — пашлю на Ерусалім, каб зьнішчыць у ім людзей і быдла,
22 і тады застанецца ў ім рэшта, сыны і дочкі, якія будуць выведзены адтуль; вось, яны выйдуць да вас, і вы ўбачыце паводзіны іх і дзеі іхнія і суцешыцеся ў тым бедстве, якое Я навёў на Ерусалім, ва ўсім, што Я навёў на яго.
23 Яны суцешаць вас, калі вы ўбачыце паводзіны іх і дзеі іхнія; і ўведаеце, што Я ня марна зрабіў усё тое, што зрабіў у ім, кажа Гасподзь Бог.
Иезекииль 14 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча