Читай и изучай

Библия » Пераклад Васіля Сёмухі

Иезекииль 7 глава

1 І было мне слова Гасподняе:
2 І ты, сын чалавечы, скажы: так кажа Гасподзь Бог: зямлі Ізраілевай канец, — канец прыйшоў на чатыры краі зямлі.
3 Вось — канец табе; і пашлю на цябе гнеў Мой, і буду судзіць цябе паводле шляхоў тваіх, і ўскладу на цябе ўсе гідоты твае.
4 І не ўмілажаліцца зь цябе вока Маё, і не памілую, і аддам табе паводле шляхоў тваіх, і гідоты твае з табою будуць, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
5 Так кажа Гасподзь Бог: бяда адзіная, вось, ідзе бяда.
6 Канец прыйшоў, прыйшоў канец, стаў на цябе; вось дайшла,
7 дайшла ліхата да цябе, жыхар зямлі! прыходзіць час, набліжаецца дзень смуты, а не вясёлых гуканьняў у горах.
8 Вось, неўзабаве вылью на цябе лютасьць Маю і зьдзейсьню над табою гнеў Мой, і буду судзіць цябе паводле ўчынкаў тваіх і ўскладу на цябе ўсе гідоты твае.
9 І не ўмілажаліцца зь цябе вока Маё, і не памілую. Паводле ўчынкаў тваіх дам табе, і гідоты твае з табою будуць; і ўведаеце, што Я — Гасподзь каральнік.
10 Вось дзень! вось прыйшла, настала ліхата! жазло вырасла, ганарлівасьць разраслася.
11 Паўстае сіла на жазло няверства; нічога не застанецца ад іх, і ад багацьця іхняга і ад шуму іхняга, і ад пышнаты іхняй.
12 Прыйшоў час, настаў дзень; хто купіў, ня радуйся, і хто прадаў, ня плач, бо гнеў — над усім мноствам іх.
13 Бо, хто прадаў, ня вернецца да прададзенага, хоць бы і засталіся яны жывыя; бо прарочая ўява пра ўсё мноства іх не адменіцца, і ніхто сваім беззаконьнем не ўмацуе свайго жыцьця.
14 Затрубяць у трубу, і ўсё рыхтуецца, але ніхто ня йдзе на вайну; бо гнеў Мой над усім мноствам іх.
15 Па-за домам меч, а ў доме — пошасьць і голад. Хто ў полі, той памрэ ад меча; а хто ў горадзе, таго зжаруць голад і згубная пошасьць.
16 А ацалелыя зь іх уцякуць і будуць на горах, як галубы далін; усе яны будуць стагнаць, кожны за сваё беззаконьне.
17 Ва ўсіх рукі апусьцяцца, і ва ўсіх калені задрыжаць, як вада.
18 Тады яны апярэжуцца вярэтаю, і ахопіць іх трымценьне: і ва ўсіх на тварах будзе сорам, і ва ўсіх на галовах плешына.
19 Срэбра сваё яны выкінуць на вуліцы, і золата ў іх будзе ў пагардзе. Срэбра іхняе і золата іхняе ня мецьме сілы выратаваць іх у дзень лютасьці Госпада. Яны не насыцяць імі душаў сваіх і не напоўняць нутробаў сваіх, бо яно было прычынаю беззаконьня іхняга.
20 І ў чырвоных уборах сваіх яны ператваралі яго ў гонар і рабілі зь яго выявы гнюсных сваіх ідалаў; затое і зраблю яго нячыстым для іх.
21 і аддам яго ў рукі чужым на здабычу і беззаконцам землі на рабаваньне, і яны апаганяць яго.
22 І адвярну ад іх аблічча Маё, і апаганяць запаветнае Маё; і прыйдуць туды рабаўнікі і апаганяць яго.
23 Зрабі ланцуг, бо зямля гэтая напоўнена крывавымі зладзействамі, і горад поўны гвалту.
24 Я прывяду найзлосьнейшых з народаў, і завалодаюць дамамі іхнімі. І пакладу канец пагардлівасьці моцных, і будуць апаганены сьвятыні іхнія.
25 Ідзе пагібель: будуць шукаць міру, і ня знойдуць.
26 Бяда пойдзе за бядою і вестка за весткаю; і будуць прасіць у прарока ўявы, і ня будзе вучэньня ў сьвятара і рады ў старцаў.
27 Цар будзе бедаваць, і князь апранецца ў жудасьць, і ў народу зямлі будуць дрыжаць рукі. Учыню зь імі паводле ўчынкаў іхніх, паводле судоў іхніх буду судзіць іх; і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.