Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Левит 1 глава
1 І паклікаў Гасподзь Майсея і сказаў яму са скініі сходу, кажучы:
2 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі хто з вас хоча прынесьці ахвяру Госпаду, дык, калі з быдла, прыносьце ахвяру вашую з быдла буйнога і дробнага.
3 Калі ахвяра яго — цэласпаленьне з буйнога быдла, няхай прынясе яе з мужчынскага полу, без пахібы; хай прывядзе яе да дзьвярэй скініі сходу, каб здабыць яму ўпадабаньне прад Госпадам;
4 і пакладзе руку сваю на галаву ахвяры цэласпаленьня — і набудзе ён упадабаньне, дзеля ачышчэньня грахоў ягоных;
5 і заколе цяля прад Госпадам; а сыны Ааронавыя, сьвятары, прынясуць кроў і пакропяць крывёю з усіх бакоў на ахвярнік, які каля ўваходу ў скінію сходу;
6 і здыме скуру з ахвяры цэласпаленьня і разатне яе на часткі;
7 а сыны Ааронавыя, сьвятары, пакладуць на ахвярнік агонь і на агні раскладуць дровы;
8 і раскладуць сыны Ааронавыя, сьвятары, часткі, галаву і тлушч на дровах, што на агні, на ахвярніку;
9 а вантробы ахвяры і ногі яе вымые ён вадою, і спаліць сьвятар усё на ахвярніку: гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.
10 Калі ахвяра цэласпаленьня яго з дробнага быдла, з авечак, альбо з коз, няхай прынясе яе з мужчынскага полу, без пахібы,
11 і заколе яе прад Госпадам з паўночнага боку ахвярніка; і сыны Ааронавыя, сьвятары, пакропяць крывёю яе на ахвярнік з усіх бакоў;
12 і разатнуць яе на часткі, аддзеляць галаву яе і тлушч яе; і раскладзе іх сьвятар на дровах, што на агні, на ахвярніку,
13 а вантробы і ногі вымые вадою, і прынясе сьвятар усё і спаліць на ахвярніку; гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.
14 А калі з птушак прыносіць Госпаду цэласпаленьне, няхай прынясе ахвяру сваю з галубак, альбо з маладых галубоў;
15 сьвятар прынясе яе да ахвярніка, і скруціць ёй галаву, і спаліць на ахвярніку, а кроў сцэдзіць да сьценкі ахвярніка;
16 вальляк яе зь пер’ем яе адыме і кіне яго каля ахвярніка на ўсходні бок, дзе попел:
17 і надломіць яе ў крылах яе, але не аддзяляючы іх, і спаліць яе сьвятар на ахвярніку, на дровах, што на агні: гэта цэласпаленьне, ахвяра, духмянасьць прыемная Госпаду.
Левит 1 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча