Библия » Пераклад Васіля Сёмухі
Деяния 12 глава
1 Тым часам цар Ірад падняў рукі на некаторых людзей царквы, каб зрабіць ім ліха,
2 і забіў Якава, брата Янавага, мечам;
3 а ўбачыўшы, што гэта даспадобы Юдэям, сьледам за тым узяў і Пятра, — тады былі дні праснакоў, —
4 і, затрымаўшы яго, пасадзіў у цямніцу і загадаў чатыром чацьверыкам воінаў вартаваць яго, маючы намер пасьля Пасхі вывесьці яго да людзей.
5 І так Пятра вартавалі ў цемры; тым часам царква рупліва малілася за яго Богу.
6 Калі ж Ірад хацеў вывесьці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двума воінамі, скаваны двума ланцугамі, і ахова каля дзьвярэй вартавала цямніцу.
7 І вось, анёл Гасподні стаў перад ім, і сьвятло азарыла цямніцу; анёл, штурхнуўшы Пятра ў бок, разбудзіў яго і сказаў: устань хутчэй! І ланцугі апалі з рук ягоных.
8 І сказаў яму анёл: падперажыся і абуйся. Ён зрабіў так. Пасьля кажа яму: апрані адзежу тваю і ідзі за мною.
9 Пётр выйшаў і рушыў усьлед за ім, ня ведаючы, што тое, што робіць анёл, ёсьць сапраўднае, а думаючы, што бачыць уяву.
10 Мінуўшы першую і другую варту, яны падышлі да жалезнае брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася ім; яны выйшлі, і прайшлі адну вуліцу, калі раптам анёла ня стала зь ім.
11 Тады Пётр, апамятаўшыся, сказаў: цяпер я бачу напраўду, што Гасподзь паслаў анёла Свайго і выбавіў мяне з рукі Ірада і ад усяго, чаго чакаў люд Юдэйскі.
12 І, агледзеўшыся, прыйшоў да дома Марыі, маці Яна, якога звалі Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся.
13 А калі Пётр пастукаўся ў браму, дык выйшла паслухаць служанка, якую звалі Рода;
14 І, пазнаўшы Пятроў голас, ад радасьці не адчыніла брамы, а ўбегшы абвясьціла, што Пётр стаіць каля брамы.
15 А тыя сказалі ёй: ці ў сваім ты розуме? Але яна стаяла на сваім. А яны казалі: гэта анёл ягоны.
16 Тым часам Пётр стукаўся; калі ж адчынілі, дык убачылі яго і зьдзівіліся.
17 А ён, даўшы рукою знак, каб маўчалі, расказаў ім, як Гасподзь вывеў зь цямніцы, і сказаў: перакажэце ўсё гэта Якаву і братам. Пасьля выйшаў і пайшоў у іншую мясьціну.
18 Калі настаў дзень, паміж воінамі ўсчалася вялікая трывога: што сталася зь Пятром;
19 а Ірад, пашукаўшы яго і не знайшоўшы, судзіў вартавых і загадаў пакараць іх сьмерцю; потым ён выправіўся зь Юдэеі ў Кесарыю і там заставаўся.
20 Ірад быў у гневе на Тырыйцаў і Сіданійцаў: а яны, змовіўшыся, прыйшлі да яго і схіліўшы на свой бок Уласта, пасьцельніка царскага, прасілі міру, бо іх вобласьць кармілася з царскай.
21 У назначаны дзень Ірад, убраўшыся ў царскія строі, сеў на судзілішчы перад людзьмі і гаварыў да іх;
22 а люд крычаў: гэта голас Бога, а не чалавека!
23 Але раптам анёл Гасподні паразіў яго за тое, што ён ня ўзьнёс хвалы Богу; і ён заедзены чарвякамі, сканаў.
24 А слова Божае расло і пашыралася.
25 А Варнава і Саўл, выканаўшы даручэньне, вярнуліся зь Ерусаліма (ў Атныахію), узяўшы з сабою і Яна, якога звалі Маркам.
Деяния 12 глава в переводах