Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
От Луки 10 глава
Місія сямідзесяці двух1 Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці.
2 І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё.
3 Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
4 Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце.
5 У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!”
6 Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас.
7 Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
8 Калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць.
9 Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.
10 Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце:
11 “Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”.
12 Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым гораду таму.
Гора галілейскім гарадам13 Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся.
14 Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам.
15 І ты, Кафарнаум, ці аж да неба будзеш узвышаны? Аж да адхлані нізрынешся!
16 Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне».
Вяртанне сямідзесяці двух17 Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: «Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!»
18 А Ён сказаў ім: «Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка.
19 Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам.
20 Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах».
Езус праслаўляе Айца21 У тую гадзіну Ён узрадаваўся ў Духу Святым і сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы.
22 Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць».
Прывілея вучняў23 І, звярнуўшыся асобна да вучняў, сказаў: «Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце.
24 Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі бачыць, што вы бачылі, і не ўбачылі, і чуць, што вы чуеце, і не пачулі».
Найбольшая запаведзь25 Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?»
26 Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?»
27 Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе».
28 Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць».
29 Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?»
Прыпавесць пра міласэрнага самараніна30 На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога.
31 Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
32 Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма.
33 А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся.
34 Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім.
35 А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”.
36 Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?»
37 Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі так».
Марыя і Марта38 Калі былі ў дарозе, Ён зайшоў у адно паселішча. Нейкая жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго.
39 У яе была сястра імем Марыя, якая села каля ног Пана і слухала Ягоныя словы.
40 Марта ж, занятая многімі паслугамі, падышоўшы, сказала: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне».
41 Але Пан сказаў ёй у адказ: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае,
42 а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе».
От Луки 10 глава в переводах