Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Деяния 12 глава
Смерць Якуба і арышт Пятра1 У той час кароль Ірад пачаў пераследаваць некаторых з Касцёла.
2 Забіў мячом Якуба, брата Яна.
3 А калі ўбачыў, што гэта спадабалася юдэям, схапіў таксама і Пятра. А былі дні Праснакоў.
4 Затрымаўшы яго, пасадзіў у вязніцу і загадаў чатыром чацвёркам жаўнераў вартаваць яго, маючы намер пасля Пасхі выдаць яго народу.
5 Так Пятра вартавалі ў вязніцы, а Касцёл рупліва маліўся за яго да Бога.
Цудоўнае вызваленне Пятра6 У тую ноч, калі Ірад хацеў выдаць яго, ён спаў паміж двума жаўнерамі, скаваны падвойнымі ланцугамі, і ахоўнікі каля брамы вартавалі вязніцу.
7 І вось анёл Пана з’явіўся перад ім, а ў цямніцы заззяла святло. Штурхнуўшы Пятра ў бок, ён разбудзіў яго і сказаў: «Уставай хутчэй!» Ланцугі апалі з ягоных рук.
8 Анёл сказаў яму: «Падперажыся і завяжы свае сандалі!» Той так і зрабіў. Пасля сказаў яму: «Адзень свой плашч і ідзі за мною!»
9 Калі выйшаў, пайшоў следам за ім, не ведаючы, ці праўдзівае тое, што робіць анёл. Думаў жа, што гэта з’ява.
10 Мінуўшы першую і другую варту, яны падышлі да жалезнай брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі. Выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, і раптам анёл пакінуў яго.
11 Тады Пётр, апрытомнеўшы, сказаў: «Цяпер сапраўды ведаю, што Пан паслаў анёла свайго і ўратаваў мяне ад рукі Ірада і ад усяго, што задумаў юдэйскі народ».
12 Зразумеўшы гэта, ён прыйшоў да дома Марыі, маці Яна, якога звалі Маркам, дзе многія сабраліся на малітве.
13 Калі Пётр пастукаў у дзверы брамы, выйшла спытацца служанка па імені Рода.
14 Пазнаўшы голас Пятра, яна ад радасці не адчыніла брамы, а пабегла сказаць, што Пётр стаіць ля брамы.
15 Яны ж сказалі ёй: «Ты звар’яцела!» Але яна настойвала, што так ёсць. Яны ж казалі: «Гэта яго анёл».
16 Тым часам Пётр стукаў далей. А калі адчынілі, убачылі яго і здзівіліся.
17 Ён жа, даўшы знак рукою, каб маўчалі, расказаў, як Пан вывеў яго з вязніцы. Потым сказаў: «Паведаміце пра гэта Якубу і братам». Затым выйшаў і адправіўся ў іншае месца.
18 Калі настаў дзень, сярод жаўнераў пачалося немалое хваляванне ад таго, што здарылася з Пятром.
19 Ірад жа, пашукаўшы яго і не знайшоўшы, аддаў вартаўнікоў пад суд і загадаў зняволіць, а сам накіраваўся з Юдэі ў Цэзарэю і спыніўся там.
Смерць Ірада Агрыпы І20 Ірад быў раззлаваны на жыхароў Тыра і Сідона. Тады яны з агульнай згоды прыйшлі да яго. Дабіўшыся прыхільнасці Бласта, каралеўскага ўрадніка, прасілі міру, таму што іх краіна кармілася ад каралеўскай зямлі.
21 У вызначаны дзень Ірад, апрануўшыся ў каралеўскія шаты, сеў на ўзвышэнні і прамаўляў да іх,
22 а народ усклікаў: «Гэта голас Бога, а не чалавека!»
23 Але раптам анёл Пана ўдарыў яго, бо ён не аддаў хвалы Богу. І, з’едзены чарвякамі, ён памёр.
Барнаба і Саўл вяртаюцца ў Антыёхію24 Слова ж Божае расло і пашыралася.
25 Барнаба і Саўл, выканаўшы сваё служэнне ў Ерузалеме, вярнуліся і ўзялі з сабою Яна, якога звалі таксама Маркам.
Деяния 12 глава в переводах