Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Деяния 9 глава
Пакліканне Саўла1 Саўл усё яшчэ жыў пагрозамі і забойствамі вучняў Пана. Ён прыйшоў да першасвятара
2 і папрасіў у яго лісты да сінагогаў у Дамаску, каб, калі знойдзе якіх-небудзь прыхільнікаў гэтага шляху, мужчын ці жанчын, мог звязаць іх і прывесці ў Ерузалем.
3 Калі падчас падарожжа ён набліжаўся да Дамаска, раптам святло з неба асвятліла яго.
4 Ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: «Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?»
5 Ён жа сказаў: «Хто Ты, Пане?» А той адказаў: «Я Езус, якога ты пераследуеш.
6 Устань і ідзі ў горад, там скажуць табе, што ты павінен зрабіць».
7 Людзі, якія ішлі разам з ім, анямелі, бо чулі голас, але нікога не бачылі.
8 Саўл падняўся з зямлі і, хоць вочы былі адкрытыя, нічога не бачыў. Узяўшы за руку, павялі яго ў Дамаск.
9 Тры дні ён не бачыў, не еў і не піў.
10 У Дамаску быў адзін вучань па імені Ананія. Пан у бачанні сказаў яму: «Ананія». Той адказаў: «Гэта я, Пане».
11 Сказаў яму Пан: «Устань і пайдзі на вуліцу, якая завецца Простай, і спытайся ў доме Юды пра Саўла з Тарса, бо ён цяпер моліцца».
12 А Саўл у візіі ўбачыў чалавека па імені Ананія, які ўвайшоў і ўсклаў на яго рукі, каб ён зноў мог бачыць.
13 Ананія адказаў: «Пане, шмат ад каго я чуў пра гэтага чалавека, колькі ён учыніў зла Тваім святым у Ерузалеме.
14 І тут ён мае ад першасвятароў уладу зняволіць усіх, хто заклікае Тваё імя».
15 Але Пан сказаў яму: «Ідзі, бо гэты чалавек — Маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам, каралям і сынам Ізраэля.
16 Я пакажу яму, колькі ён павінен выцерпець дзеля Майго імя».
17 Тады пайшоў Ананія і ўвайшоў у дом. І, усклаўшы на яго рукі, сказаў: «Браце Саўле, Пан Езус, які з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў мог бачыць і напоўніўся Духам Святым».
18 Адразу нібы луска спала з ягоных вачэй, і ён стаў бачыць, падняўся і быў ахрышчаны.
19 А калі спажыў ежу, набраўся сілы. Саўл у Дамаску Некалькі дзён Саўл быў з вучнямі ў Дамаску.
20 І адразу пачаў абвяшчаць у сінагогах пра Езуса, што Ён — Сын Божы.
21 Усе, хто чуў, здзіўляліся і казалі: «Ці не той гэта, які пераследаваў у Ерузалеме вызнаўцаў гэтага імя? А сюды прыйшоў для таго, каб зняволіць іх і прывесці да першасвятароў».
22 Але Саўл умацоўваўся яшчэ больш і прыводзіў у замяшанне юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даказваючы, што Езус ёсць Хрыстом.
23 Калі прайшло шмат дзён, юдэі вырашылі забіць яго.
24 Але Саўл даведаўся пра іх намер. Яны ж удзень і ўначы пільнавалі яго ў брамах, каб забіць.
25 Тады вучні ўзялі яго ўначы і спусцілі ў кашы праз мур.
Саўл у Ерузалеме26 Калі ж ён прыйшоў у Ерузалем, спрабаваў далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго і не верылі, што ён вучань.
27 Тады Барнаба ўзяў яго і прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як у дарозе ён убачыў Пана, і што Пан сказаў яму, і як у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Езуса.
28 Як разам з імі ён выходзіў і ўваходзіў у Ерузалем, і адважна прапаведаваў у імя Пана.
29 Таксама размаўляў і спрачаўся з эліністамі, якія хацелі забіць яго.
30 Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю і паслалі ў Тарс.
31 А Касцёл па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі меў спакой, развіваўся і жыў у боязі перад Панам, і напаўняўся суцяшэннем Духа Святога.
Пётр у Ліддзе і Яфе. Аздараўленне Энэя і ўваскрашэнне Табіты32 Калі Пётр абыходзіў усіх, прыйшоў таксама да святых, якія жылі ў Ліддзе.
33 Там ён знайшоў аднаго чалавека па імені Энэй, які ўжо восем гадоў ляжаў у ложку паралізаваны. Пётр сказаў яму:
34 «Энэй, Езус Хрыстус аздараўляе цябе, устань і засцялі свой ложак». Той адразу ўстаў.
35 Бачылі яго ўсе, хто жыў у Ліддзе і Сароне, і навярнуліся да Пана.
36 У Яфе была адна вучаніца па імені Табіта, што азначае «сарна». Яна рабіла шмат добрых учынкаў і раздавала міласціну.
37 У тыя дні яна захварэла і памерла. Яе абмылі і паклалі ў святліцы.
38 Лідда была недалёка ад Яфы, і калі вучні даведаліся, што Пётр там, паслалі да яго двух мужоў з просьбаю: «Прыйдзі неадкладна да нас!»
39 Пётр устаў і пайшоў з імі. А калі ён прыбыў, увялі яго ў святліцу. Усе ўдовы абступілі яго з плачам і паказвалі яму тунікі і вопраткі, якія рабіла Сарна, жывучы з імі.
40 Пётр, адправіўшы ўсіх са святліцы, стаў на калені і памаліўся. Затым павярнуўся да цела і сказаў: «Табіта, устань!» Яна адкрыла свае вочы і, убачыўшы Пятра, села.
41 Ён падаў ёй руку і падняў яе. Пасля паклікаў святых і ўдоваў, і яны ўбачылі яе жывую.
42 Пра гэта стала вядома ва ўсёй Яфе, і многія паверылі ў Пана.
43 А Пётр даволі доўга заставаўся ў Яфе ў нейкага Сымона, гарбара.
Деяния 9 глава в переводах