Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
2 Иоанна 1 глава
Прывітанне1 Старэйшына — да Выбранай Пані і яе дзяцей, якіх я люблю ў праўдзе, і не толькі я, але і ўсе, хто пазнаў праўду
2 дзеля праўды, якая трывае ў нас і будзе з намі навекі.
3 Ласка, міласэрнасць ды спакой ад Бога і ад Езуса Хрыста, Сына Айца, няхай будзе з намі ў праўдзе і любові.
Заклік да любові4 Я вельмі ўзрадаваўся, што знайшоў сярод тваіх дзяцей такіх, якія паступаюць згодна з праўдаю паводле запаведзі, якую мы атрымалі ад Айца.
5 І цяпер прашу цябе, Пані, не як новую запаведзь пішучы табе, але тую, якую маем ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго.
6 Любоў заключаецца ў тым, каб мы паступалі паводле Ягоных запаведзяў. А запаведзь гэтая тая, якую вы чулі ад пачатку, каб вы паступалі паводле яе.
Перасцярога перад фальшывымі настаўнікамі7 Бо шмат ашуканцаў прыйшло ў свет, якія не прызнаюць, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе. Такі ёсць ашуканцам і антыхрыстам.
8 Зважайце на сябе, каб вы не страцілі таго, над чым мы працавалі, але каб атрымалі поўную ўзнагароду.
9 Кожны, хто выходзіць наперад і не трывае ў вучэнні Хрыста, не мае Бога. Хто ж трывае ў вучэнні, той мае і Айца, і Сына.
10 Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтага вучэння, не прымайце яго ў дом і не вітайце.
11 Хто прывітае яго, той удзельнічае ў яго дрэнных справах.
Заканчэнне12 Пра многае маю напісаць вам, але не хачу на паперы атрамантам, бо спадзяюся быць у вас і паразмаўляць з вамі, каб радасць нашая была поўнай.
13 Вітаюць цябе дзеці тваёй Выбранай Сястры.
2 Иоанна 1 глава в переводах