Читай и изучай

Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

1 Коринфянам 15 глава

ВАКОЛ ПРАЎДЫ АБ УВАСКРАСЕННІУваскрасенне Хрыста1 Нагадваю вам, браты, Евангелле, якое я абвяшчаў вам і якое вы прынялі, і ў якім трываеце,
2 і праз якое таксама збавіцеся, калі цвёрда захаваеце тое слова, што я абвясціў вам. Калі толькі не дарма паверылі!
3 Бо спачатку я перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстус памёр за нашыя грахі паводле Пісання і
4 што быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень паводле Пісання,
5 і што з’явіўся Кефасу, а потым — Дванаццаці.
6 Пасля з’явіўся больш чым пяцістам братам адначасова, большасць з якіх жыве дагэтуль, а некаторыя памерлі.
7 Потым з’явіўся Якубу, потым — усім Апосталам.
8 Пазней за ўсіх з’явіўся і мне, як неданошанаму плоду.
9 Бо я найменшы з Апосталаў і не варты называцца Апосталам, паколькі пераследаваў Касцёл Божы.
10 Але з ласкі Божай я стаў тым, чым ёсць, і ласка Ягоная, дазеная мне, не была дарэмнаю. Наадварот, я працаваў больш за іх усіх, ды і не я, а ласка Божая, што са мною.
11 Таму ці я, ці яны, мы так прапаведуем, а вы так паверылі.
Уваскрашэнне веруючых у Хрысце12 Калі прапаведуюць, што Хрыстус уваскрос, то чаму некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрашэння памерлых?
13 Калі ж няма ўваскрашэння памерлых, то і Хрыстус не ўваскрос!
14 А калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная.
15 Тады б мы аказаліся фальшывымі сведкамі Бога, бо сведчылі б супраць Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, якога Ён не ўваскрашаў, паколькі памерлыя не ўваскрасаюць.
16 Бо калі памерлыя не ўваскрасаюць, то і Хрыстус не ўваскрос.
17 А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная і вы далей у грахах вашых.
18 Тады і тыя, што памерлі ў Хрысце, згінулі.
19 Калі мы спадзяёмся на Хрыста толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей.
20 Але Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі.
21 Паколькі праз чалавека прыйшла смерць, так праз Чалавека — і ўваскрашэнне памерлых.
22 Бо, як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены.
23 Кожны ў свой час: першы Хрыстус, потым тыя, хто належыць Хрысту, падчас прыйсця Ягонага.
24 Канец настане тады, калі Ён перадасць Валадарства Богу і Айцу, калі знішчыць усялякае панаванне і ўсялякую ўладу, і сілу.
25 Бо трэба, каб Ён валадарыў, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі свае.
26 Як апошні вораг будзе знішчана смерць,
27 бо ўсё пакладзена пад ногі Ягоныя. Калі ж скажа, што ўсё падпарадкавана, то відавочна, за выключэннем таго, хто падпарадкаваў Яму ўсё.
28 Калі ж усё будзе Яму падпарадкавана, тады і сам Сын падпарадкуецца таму, хто падпарадкаваў Яму ўсё, каб Бог быў усё ва ўсім.
29 Бо што ж зробяць тыя, хто прымае хрост за памерлых? Калі памерлыя зусім не ўваскрасаюць, то навошта яны прымаюць за іх хрост?
30 Навошта і мы пастаянна трапляем у небяспеку?
31 Я кожны дзень паміраю. Сведчаннем гэтаму ваша пахвала, браты, якую маю ў Езусе Хрысце, Пану нашым!
32 Калі я, як чалавек, змагаўся ў Эфесе з дзікімі звярамі, то якая мне карысць? Калі памерлыя не ўваскрасаюць, будзем есці і піць, бо заўтра памром.
33 Не падманвайце сябе. Дрэнныя размовы псуюць добрыя звычаі.
34 Абудзіцеся па-сапраўднаму і не грашыце! Бо некаторыя з вас не ведаюць Бога. Кажу гэта вам на сорам.
Цела пасля ўваскрашэння35 Хтосьці скажа: «Як памерлыя ўваскрэснуць? У якім целе яны прыйдуць?»
36 Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажыве, перш чым не памрэ.
37 Тое, што ты сееш, сееш не як будучае цела, але як голае зерне, напрыклад, пшаніцы ці чаго іншага.
38 Бог жа дае яму такое цела, як хоча, і кожнаму насенню ўласнае цела.
39 Не ўсе целы аднолькавыя, але адно ў людзей, іншае ў жывёл, іншае таксама ў птушак, яшчэ іншае ў рыб.
40 Ёсць целы нябесныя і целы зямныя, але іншая слава нябесных, а іншая — зямных.
41 Іншая слава сонца, іншая — месяца, іншая таксама слава зорак, бо зорка ад зоркі адрозніваецца славай.
42 Так і ўваскрашэнне памерлых. Сеецца ў тленні, паўстае ў нятленнасці.
43 Сеецца ў пагардзе, паўстае ў славе. Сеецца ў слабасці, паўстае ў моцы.
44 Сеецца цела зямное, паўстае цела духоўнае. Калі ёсць зямное цела, ёсць і духоўнае.
45 Так і напісана: «Першы чалавек Адам стаў жывой істотай», апошні Адам — жыватворным духам.
46 Але не духоўнае першае, а зямное, потым духоўнае.
47 Першы чалавек з зямлі ёсць пылам; другі Чалавек — з неба.
48 Які быў з пылу, такія і тыя, што з пылу; які нябесны, такія і нябесныя.
49 І як мы насілі вобраз таго, што з пылу, так будзем насіць вобраз нябеснага.
50 Але кажу вам, браты, што цела і кроў не могуць атрымаць у спадчыну Валадарства Божае, і тленнае не атрымае ў спачыну нятленнасць.
Перамога над смерцю51 Вось, я кажу вам таямніцу: не ўсе мы памром, але ўсе будзем перамененыя,
52 адразу, у імгненне вока, на гук апошняй трубы. Калі яна загучыць, памерлыя ўваскрэснуць як нятленныя, а мы пераменімся.
53 Бо трэба, каб тленнае апранулася ў нятленнасць, а смяротнае апранулася ў несмяротнасць.
54 Калі ж тленнае апранецца ў нятленнасць, а смяротнае апранецца ў несмяротнасць, тады споўніцца напісанае слова: «Перамога паглынула смерць.
55 Смерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала?»
56 Джала смерці — грэх, а сіла граху — Закон.
57 Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста.
58 Таму, мае ўмілаваныя браты, будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будзьце цалкам адданымі справе Пана і ведайце, што не дарэмная праца ваша ў Пану.

1 Коринфянам 15 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.