Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
2 Коринфянам 10 глава
АПАЛОГІЯ ПАЎЛААдказ на абвінавачванне ў слабасці1 Я, Павел, які сярод вас ціхі, а калі далёка — суровы да вас, асабіста прашу праз далікатнасць і лагоднасць Хрыста.
2 Прашу, каб мне, калі буду сярод вас, не быць занадта суровым, як думаюць пра мяне, што адважваюся выступіць супраць некаторых, якія лічаць, быццам бы мы жывем паводле цела.
3 Жывучы ў целе, мы ваюем не паводле цела,
4 бо зброя нашага змагання не цялесная, але моцная Богам для зруйнавання цвярдыняў. Ёй мы руйнуем задумы
5 і ўсякае ўзвышэнне, што паўстае супраць пазнання Божага, і бяром у палон усякую думку для паслухмянасці Хрысту.
6 Мы гатовыя таксама караць кожную непаслухмянасць, пакуль вашая паслухмянасць не стане поўнай.
7 Глядзіце на тое, што перад вамі. Хто ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстовы, той няхай прызнае, што як ён Хрыстовы, так і мы.
8 Калі б я больш стаў хваліцца нашай уладай, якую Пан даў для будавання, а не для знішчэння вас, то не буду асаромлены.
9 Не думайце, што я палохаю вас пасланнямі.
10 Бо хтосьці кажа: «Яго пасланні цяжкія і вострыя, а калі сам прыходзіць, то бяссільны, а яго словы слабыя».
11 Такі няхай ведае, што, якія мы ў словах паслання, калі не з вамі, такія і ў чынах, калі знаходзімся сярод вас.
Адказ на абвінавачванне ў пахвальбе. Хваліцца ў Пану12 Бо мы не адважваемся ставіць сябе побач з тымі, якія самі сябе хваляць, ці раўнацца з імі. Тыя, што мераюць сябе сабою і параўноўваюць сябе з сабою, неразумныя.
13 А мы не будзем хваліцца без меры, але ў той меры, якую вызначыў нам Бог, каб дасягнуць і вас.
14 Бо мы не высільваемся праз меру, як быццам бы не дайшоўшы да вас, таму што мы дайшлі да вас з Евангеллем Хрыста.
15 Мы не хвалімся празмерна чужой працай, але спадзяемся, што з узрастаннем вашай веры і мы больш узрасцём паводле нашай меры
16 і не будзем хваліцца тым, што было зроблена іншымі.
17 Хто хваліцца, няхай хваліцца ў Пану,
18 бо правераны не той, хто сам сябе хваліць, але той, каго хваліць Пан.
2 Коринфянам 10 глава в переводах