Библия » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
2 Коринфянам 11 глава
Фальшывыя апосталы1 Каб жа вы хоць крыху былі паблажлівыя да маёй неразважлівасці. Але вы і так паблажлівыя да мяне!
2 Бо я руплюся пра вас рупнасцю Божаю. Я заручыў вас з адзіным мужам, каб паставіць вас перад Хрыстом як чыстую дзеву.
3 Аднак баюся, каб так, як змей хітрасцю сваёй падмануў Еву, не былі зведзеныя думкі вашыя ад прастаты і беззаганнасці, што ў Хрысце.
4 Бо вы ахвотна прымаеце таго, хто прыходзіць і прапаведуе вам іншага Езуса, якога мы не прапаведавалі, прымаеце іншага духа, а не таго, якога ўжо атрымалі, ці іншае Евангелле, а не тое, якое ўжо прынялі.
5 Але думаю, што я зусім не ніжэйшы за найвышэйшых Апосталаў.
6 Хоць я і невук у красамоўстве, але не ў пазнанні. Урэшце, усяляк і ва ўсім мы адкрыліся вам.
7 Ці зграшыў я тым, што прыніжаў сябе, каб узвысіць вас, бо бескарысліва прапаведаваў вам Божае Евангелле?
8 Я абіраў іншыя Касцёлы, прымаючы плату, дзеля служэння вам.
9 Будучы ў вас ды церпячы нястачу, нікому не дакучаў, бо патрэбы мае пакрылі браты, якія прыйшлі з Македоніі. Ды і ва ўсім я стараўся і стараюся не быць для вас цяжарам.
10 Як ёсць ува мне праўда Хрыстовая, так гэтая пахвала мая не сціхне ў землях Ахаі.
11 Чаму? Ці таму, што не люблю вас? Бог ведае!
12 Але тое, што раблю, буду рабіць далей, каб не даць жадаючым нагоду хваліцца тым, чым хвалімся мы.
13 Бо гэта фальшывыя апосталы, крывадушныя працаўнікі, якія ўдаюць з сябе апосталаў Хрыста.
14 І не дзіва, бо паколькі сам сатана ўдае з сябе анёла святла,
15 то і слугі яго ўдаюць слугаў справядлівасці. Канец іх будзе паводле іх учынкаў.
Цярпенні дзеля Евангелля16 Ізноў кажу, каб ніхто не палічыў мяне неразумным. А калі не, то прыміце мяне як неразумнага, каб і мне крыху чым пахваліцца.
17 Што кажу, тое кажу не паводле Пана, але як бы ў шаленстве, маючы падставу для пахвалы.
18 Паколькі многія хваляцца паводле цела, я таксама буду хваліцца.
19 Бо вы, будучы разумнымі, ахвотна церпіце неразумных.
20 Церпіце, калі хтосьці вас знявольвае, калі хтосьці аб’ядае, калі хтосьці выкарыстоўвае, калі хтосьці ўзвышаецца, калі хтосьці б’е вас па твары.
21 Кажу з сорамам, што мы як быццам знясіленыя. Калі хто адважваецца нечым хваліцца, то, кажучы неразважліва, адважуся і я.
22 Яны габрэі? Я таксама. Яны ізраэльцяне? Я таксама. Яны патомства Абрагама? І я.
23 Яны слугі Хрыста? Нібы шалёны кажу, я больш: больш у працы, больш у цямніцах, у ранах празмерных і шмат разоў пры смерці.
24 Ад юдэяў атрымаў я пяць разоў па сорак удараў без аднаго.
25 Тройчы мяне білі кіямі, аднойчы каменавалі, тройчы я цярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень прабыў я ў марской глыбіні.
26 Часта быў у падарожжах, у небяспецы на рэках, у небяспецы ад разбойнікаў, у небяспецы ад суайчыннікаў, у небяспецы ад язычнікаў, у небяспецы ў горадзе, у небяспецы на пустыні, у небяспецы на моры, у небяспецы сярод фальшывых братоў,
27 у працы і знямозе, часта ў недасыпанні, у голадзе і смазе, часта ў посце, у холадзе і галечы.
28 Акрамя іншых рэчаў, на мне штодня ляжыць клопат аб усіх Касцёлах.
29 Калі хто знемагае, ці я не знемагаю? Калі хто зазнае згаршэнне, ці я не пакутую?
30 Калі трэба хваліцца, то буду хваліцца сваёю слабасцю.
31 Бог і Айцец Пана Езуса, благаслаўлены навекі, ведае, што я не хлушу.
32 У Дамаску намеснік караля Арэты пільнаваў горад дамаскійцаў, жадаючы мяне схапіць,
33 але ў кашы мяне спусцілі праз адтуліну ў муры, і я ўцёк ад ягоных рук.
2 Коринфянам 11 глава в переводах