Библия » Пераклад Яна Станкевіча
Иезекииль 14 глава
1 І прышлі да мяне людзі із старцоў ізраельскіх, і селі перад імною.
2 І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
3 «Сыну людзкі! гэтыя людзі ўнесьлі балваны ў сэрца свае й пастанавілі спадман бяспраўя свайго перад відам сваім: ці дазволіць Імне каб яны запраўды пыталіся ў Мяне?
4 Затым гукай ім і скажы ім: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Кажнаму з дому Ізраелявага, што ўзносе балваны свае ў сэрца свае, і станове спадман бяспраўя свайго перад відам сваім, і прыходзе да прарокі, Я, СПАДАР, адкажу таму, хто прыходзе, подле множасьці балваноў ягоных,
5 Што Я схаплю дом Ізраеляў у сэрцу іхным, бо яны адвярнуліся ад мяне з прычыны балваноў сваіх’".
6 Затым кажы дому Ізраеляваму: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Лякайцеся й адвярніцеся ад балваноў сваіх, і ад усіх агідаў сваіх адвярніце віды свае;
7 Бо кажнай людзіне з дому Ізраелявага альбо чужаземцу, што жывець у Ізраелю, каторы адхінаецца ад Мяне і ўносе балваны свае ў сэрца свае, і станове спадман бяспраўя свайго перад відам сваім, ды прыходзе да прарокі папытацца ў яго празь Мяне, — Я, СПАДАР, адкажу яму Сам,
8 І зьвярну від Свой супроці тае людзіны, і ўчыню яе знакам а прыказямі, і адатну яе ад люду Свайго; і пазнаеце, што Я — СПАДАР.
9 І прарока, калі ён зьведзены й гукае слова, — Я, СПАДАР, ізьвёў таго прароку; Я выцягну руку Сваю на яго й выгублю яго з пасярод люду Свайго Ізраеля.
10 І яны будуць пакараны за бяспраўе свае: кара прароку будзе, як кара пытаючаму,
11 Каб наперад дом Ізраеляў ня блудзіў ад Мяне, і наперад ня плюгавілі сябе ўсімі выступамі сваімі, але каб яны былі людам Імне, а Я быў Богам ім’, — агалашае Спадар СПАДАР"».
12 І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
13 «Сыну людзкі! калі зямля ізгрэша перад Імною, ізрадліва ізраджаючы, тады Я выцягну руку Сваю на яе і патрышчу падпору хлеба ейнага, і пашлю галадоў на яе, і выгублю зь яе чалавека й статак.
14 Хоць бы гэтыя тры мужы, — Ной, Данель а Ёў, — былі ў ёй, яны сваёй справядлівасьцю спасьлі б толькі душы свае, — агалашае Спадар СПАДАР. —
15 Каліб Я напусьціў благія зьвяры на зямлю, і яны прычынілі спабыцьцё дзяцей яе, ажно яна запусьцела, што ні водная людзіна не магла прайсьці з прычыны зьвяроў;
16 Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — і гэтыя тры мужы ў ёй ня выратавалі б ані сыноў, ані дачок, адно ўратаваліся б яны, але зямля будзе спусьцелаю.
17 Альбо калі б Я навёў меч на гэтую зямлю й сказаў: "Мечу! прайдзі па зямлі, ажно адцяў бы людзіну й жывёлу зь яе";
18 Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — і гэтыя тры мужы ў ёй ня выратавалі б ані сыноў, ані дачок, але адно ўратаваліся б самы.
19 Альбо ліпучку паслаў бы на гэтую зямлю й выліў на яе палкі гнеў Свой у крыві, каб выгубіць ізь яе людзіну й жывёлу;
20 Хоць бы Ной, Данель а Ёў былі ў ёй, жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — яны ня вывальнілі б ані сына, ані дачкі; яны вывальнілі б справядлівасьцяй сваёй толькі душы свае»;
21 Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Як шмат болей, як Я пашлю на Ерузалім Свае чатыры балючыя суды: меч а галадоў а дзікія зьвяры а ліпучку, каб адцяць ізь яго людзіну й жывёлу;
22 Але гля, застанецца ў ім астача, што будзе выведзена, сынове й дачкі; вось, яны прыйдуць да вас, і вы абачыце дарогу іхную а ўчынкі іхныя, і вы пацешыцеся зь ліха, каторае Я навёў на Ерузалім, з усёга, што Я навёў на яго.
23 І яны пацешаць вас, як абачыце дарогі іхныя а ўчынкі іхныя, і вы даведаецеся, што не бяз прычыны Я ўчыніў усе, што Я ўчыніў у ім», — агалашае Спадар СПАДАР.
Иезекииль 14 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча