Библия » Пераклад Яна Станкевіча
Иезекииль 23 глава
1 І было слова СПАДАРОВА імне, кажучы:
2 «Сыну людзкі! дзьве жонкі, дачкі аднае маці былі.
3 І бязулілі яны ў Ягіпце, бязулілі ў маладосьці сваёй; там уцісьнены грудзі іхныя, і там зьмяты пелькі дзявоцтва іхнага.
4 І ймёны іхныя: Агола — старшай, і Аголіва — сястра ейная. І былі яны Мае, і радзілі сыноў а дачкі; і ймёны іхныя: Самара — Агола, а Ерузалім — Аголіва.
5 І бязуліла Агола пры Імне, і шалела за каханкамі сваімі, Асурам, блізкім,
6 Што адзяваўся ў сінь, вайводцы а дзяржаўцы, усі яны жаданыя маладзёны, усі яны коньнікі, коньмі езьдзячыя.
7 І бязуліла зь імі, — выборныя сынове Асуру ўсі яны, — і з усімі імі яна шалела, усімі балванамі іхнымі сплюгавілася.
8 І бязулства свайго зь Ягіпцянмі не пакінула яна, бо ў маладосьці яе яны ляжалі зь ёю, і зьмялі дзявушчыя пелькі ейныя, і вылілі сваё бязулства на ёй.
9 За тое я аддаў яе ў руку каханкаў ейных, у руку сыноў Асуру, за каторымі яна шалела.
10 Яны адкрылі голасьць ейную, сыноў ейных і дачкі ейныя ўзялі, а яе забілі мячом. І яна адзяржала благое імя меж жанок, бо яны суд над ёй.
11 І бачыла сястра ейная Аголіва, і болей за яе папсавалася ў сваім надзвычайным шале, і бязулства ў яе было болей, чымся бязулства сястры ейнае.
12 І за сынамі Асуравымі яна шалела, за блізкімі вайводцамі а дзяржаўцамі, што пазорна адзяваліся, за коньнікамі, коньмі езьдзячымі; усі яны жаданыя маладзёны.
13 І Я бачыў, што яна была сплюгаўлена, у іх абедзьвіх адна дарога.
14 І яна павялічыла бязулствы свае, бо як яна бачыла мужчынаў, выразаных на сьцяне, абразы Хальдэяў, намаляваныя хварбамі,
15 Што былі паперазаўшыся паясамі па сьцёгнах сваіх, з хварбаванымі турбанамі на галавах сваіх, усі яны князі на пагляд, падобныя да сыноў Бабілёну, Хальдэя зямля нараджэньня іхнага, —
16 Дык шалела за імі ад пагляду ачыма сваімі і паслала паслоў сваіх да іх да Хальдэі.
17 І прышлі сынове Бабілёну на ложак любові, і сплюгавілі яе бязулствам сваім, і яна сплюгавілася зь імі, і душа ейная зьбезахоцілася імі.
18 Як яна адкрыла бязулства сваё й адкрыла голасьць сваю, тады Мая душа зьбезахоцілася ёю, як Мая душа зьбезахоцілася сястрою яе;
19 Нават яна памножыла бязулствы свае, успамінаючы дні маладосьці свае, калі яна бязуліла ў зямлі Ягіпецкай;
20 Бо яна шалела за каханкамі сваімі, каторых цела — цела асьлінае, а вытак коні — вытак іх.
21 Дык ты ўспомнела распусту маладосьці свае, калі Ягіпцяне любіліся з табою дзеля пелькаў дзявоцкасьці твае.
22 Затым, Аголіва, гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я падыйму каханкаў тваіх супроці цябе, каторымі зьбезахоцілася душа твая, і прывяду іх з адусюль навокал супроці цябе:
23 Сыноў Бабілёну а ўсіх Хальдэяў, Пекоду а Шоа а Коа, усіх Асыран ізь імі, усі яны жаданыя маладзёны, вайводцы а дзяржаўцы, усі князі й славутыя, усі яны езьдзяць коньмі.
24 І прыйдуць на цябе із снасьцяй, з коньнікам і колам і з грамадою людзёў, і абступяць цябе навокал у панцырах, шчытох а шоламах; і дам ім суд, і будуць судзіць цябе подле судоў сваіх.
25 І ськірую гнеў Свой на цябе, і яны абыйдуцца з табою ў палкім гневе: скрывяць нос твой а вушы твае, а засталыя твае падуць ад мяча; яны возьмуць у цябе сыноў тваіх і дачкі твае, а засталыя твае будуць пажэрты цяплом.
26 І зьдзяруць ізь цябе адзецьці твае, і адбяруць прыборы пазорнасьці твае.
27 Гэтак Я зраблю канец распусьце Тваёй і бязулству твайму ізь зямлі Ягіпецкае, дык ты не падыймеш аччу сваіх да іх і ўжо ня ўспомніш Ягіпту".
28 Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я аддам цябе ў руку тых, каторых ты ненавідзіш, у руку тых, каторымі зьбезахоцілася душа твая.
29 І абыйдуцца з табою ненавідна, і адбяруць усі працы твае, і пакінуць цябе непакрытаю а голаю, і голасьць бязулства твайго будзе адкрыта, і распуста твая а бязулства твае.
30 Гэта будзе зроблена табе за тое, што ты бязуліла з народам й сплюгавілася балванамі іхнымі.
31 Па дарозе сястры свае хадзіла ты, за тое Я дам чару ейную ў руку тваю".
32 Гэтак кажа Спадар Бог: "Чару сястры свае ты будзеш піць, глыбокую а шырокую, будзеш пасьмехам а шкелямі, бо яна зьмяшчае шмат.
33 П’янчаньням а смуткам будзеш напоўнена, чараю зуменьня а спустошаньня, чараю сястры свае Самары.
34 Ты вып’еш яе і высьсеш яе, і чарапкі яе абліжаш, і грудзі свае разарвеш; бо Я казаў", — агалашае Спадар СПАДАР.
35 Затым гэтак казаў Спадар СПАДАР: "За тое, што ты забылася Мяне й адкінула мяне за плечы свае, дык і ты мусіш цярпець за распусту сваю а бязулства сваё"».
36 І сказаў імне СПАДАР: «Сыну людзкі! ці будзеш судзіць Аголу а Аголіву? дык азнаймі ім агіды іхныя;
37 Бо яны чужаложылі, і кроў на руках іхных, і з балванамі сваімі чужаложылі, і таксама сыноў сваіх, каторых яны радзілі Імне, праводзілі ім, каб пажэрлі.
38 Яшчэ гэта яны рабілі Імне: сплюгавілі сьвятыню Маю таго самага дня, і збудзенілі сыботы Мае;
39 Бо яны рэзалі дзеці свае балваном сваім і прыходзілі да сьвятыні Мае таго самага дня будзеніць яе; і гля, гэтак яны рабілі пасярод дому Майго.
40 І звыш тога, яны пасылалі да людзёў, каб прыходзілі здалеку, паслоў пасылалі да іх; і гля, яны прыходзілі; дзеля іх ты ўмывалася, сініла вочы свае і прыбіралася прыборамі.
41 І садзілася на пачэсны ложак, і стол прыгатаваны перад ім, і кадзіла Мае а алей Мой ты пастанавіла на ім.
42 Гом нядбайнага груду зь ёй, і да людзёў вялікага груду прывялі Савеяў з пустыні, каторым узлажылі бружлеты на рукі іхныя й пазорныя вянкі на галавы іхныя.
43 Тады Я сказаў застарэлай у чужалостве: "Ці яны будуць бязуліць ізь ёю, і яна зь імі?"
44 Прыступілі, адылі, яны да яе; як прыступаюць да жонкі-бязулі, так падышлі яны да Аголы а Аголівы, распусных жанок.
45 Але мужы справядлівыя засудзяць іх судам чужаложніцаў і судам разьліваючых кроў; бо яны чужаложніцы, і кроў на руках у іх;
46 Бо гэтак казаў Спадар СПАДАР: "Я прывяду грамаду на іх і аддам іх на дрыжэньне а глабаньне.
47 І грамада ўкамянуе іх, і патнець іх мячамі сваімі, і сыноў іхных і дачкі іхныя заб’юць, і дамы іхныя спаляць цяплом.
48 Гэтак спыню распусту на зямлі, каб усі жанкі мелі навуку не рабіць подле распусты вашае.
49 І абернуць распусту вашу на вас, і вы пацерпіце за грахі з балванамі сваімі, і даведаецеся, што Я — СПАДАР Бог"».
Иезекииль 23 глава в переводах
- Пераклад Антонія Бокуна
- Пераклад Васіля Сёмухі
- Пераклад Чарняўскага 2017
- Пераклад Яна Станкевіча