Библия » Пераклад Яна Станкевіча
От Марка 11 глава
1 Як дабліжыліся да Ерузаліму, да Віффаґі а Віфані, да гары Аліўнае, пасылае двух із вучанікаў Сваіх
2 І кажа ім: «Ідзіце ў селішча, што супроці вас, і зараз, як увыйдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асьлянё, на каторае ніхто яшчэ не садзіўся, адвяжыце яго й прывядзіце.
3 І калі хто скажа вам: "Нашто вы гэта робіце?" скажыце, што Спадар патрабуе яго, і ён зараз пашлець яго сюды».
4 І яны пайшлі, і знайшлі асьлянё вонках, прывязанае ля варот на ростанях дзьвюх дарогаў, і адвязалі яго.
5 А некатрыя з тых, што стаялі там, сказалі ім: «Што вы робіце, адвязуеце асьлянё?»
6 І сказалі ім, як Ісус ім расказаў; і тыя адпусьцілі іх.
7 І прывялі асьлянё Ісусу, і накінулі свае адзецьце на яго; і Ён сеў на ім.
8 І шмат хто адзецьце свае слаў на дарозе; а іншыя сьціналі галузкі зь дзерваў і ўсьцілалі імі дарогу.
9 І йдучыя сьпераду і йдучыя адзаду гукалі, кажучы: «Госанна! Дабраславёны йдучы ў імя Спадарова!
10 Дабраславёнае гаспадарства айца нашага Давіда, што йдзець у імя Спадарова! Госанна на вышыні!»
11 І Ісус увыйшоў у Ерузалім а ў сьвятыню; і агледзеўшы ўсе навокал, як ужо быў позны час, вышаў да Віфані з двананцацьма.
12 І назаўтрае, як яны вышлі зь Віфані, запрагнуў.
13 І, бачачы здалеку фіґу зь лісьцём, падышоў, ці ня знойдзе магчыма чаго на ёй; і, як прышоў да яе, не знайшоў нічога, апрача лісьця, бо не пара была на фіґі.
14 І Ісус, адказуючы, сказаў ёй: «Наперад ніхто зь цябе ня будзе есьці плоду на векі!» І вучанікі Ягоныя чулі.
15 прышлі да Ерузаліму. І Ісус, увыйшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у сьвятыні; і сталы пенязяменаў абярнуў, і ўслоны прадаўнікоў галубоў;
16 І не дазваляў, каб хто пранёс перазь сьвятыню якуюлень судзіну.
17 І навучаў, кажучы ім: «Ці не напісана: "Дом Мой домам малітвы будзе названы ў вусіх народаў?" а вы зрабілі яго пячораю разбойнікаў».
18 А кніжнікі а найвышшыя сьвятары чулі й шукалі, як бы маглі загубіць Яго; бо баяліся Яго, бо ўсі людзі зумяваліся з навукі Ягонае.
19 І, як настаў вечар, Ён вышаў зь места.
20 І нараніцы, праходзячы, абачылі, ажно фіґа ссохла ад карэньня.
21 І, успомнеўшы, Пётра кажа Яму: «Раббі! глянь, фіґа, каторую Ты пракляў, ссохла».
22 І, Ісус, адказуючы, кажа ім: «Майце веру Божую.
23 Бо запраўды кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: "Скраніся а кінься ў мора", і ня суміцца ў сэрцу сваім, але будзе верыць, што станецца, што ён сказаў, станецца яму, штолень кажа.
24 Дык Я кажу вам, што ўсе, чаго жадаеце, як моліцеся, верце, што адзяржыце, — і будзе вам.
25 І як стаіце на малітве, даруйце, калі маеце штось на каго, каб і Айцец ваш нябёсны дараваў вам выступы вашыя.
26 А калі не даруеце, то й Айцец ваш нябёсны не даруе вам выступаў вашых».
27 І прышлі ізноў да Ерузаліму. І, як Ён хадзіў у сьвятыні, падышлі да Яго найвышшыя сьвятары а кніжнікі а старцы.
28 І кажуць Яму: «Якой уладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта?»
29 І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Папытаюся й Я ў вас адно; адкажаце Імне, скажу й Я вам, якой уладаю гэта раблю.
30 Хрэст Яанаў зь неба быў ці ад людзёў? Адкажыце Імне».
31 Яны ж разважалі мяжсобку, кажучы: «Калі скажам: "Зь неба", Ён скажа: "Дык чаму вы не паверылі яму?"
32 Але калі скажам: "Ад людзёў"», — баяліся груду, бо ўсі мелі Яана за запраўднага прароку.
33 І, адказуючы, сказалі Ісусу: «Ня ведаем». І Ісус, адказуючы, сказаў ім: «І Я таксама не скажу вам, якой уладаю гэта раблю».
От Марка 11 глава в переводах