Библия » Пераклад П. Татарыновіча
2 Петра 1 глава
1 Сымон Пётр, слуга й апостал Езуса Хрыстуса — тым, што прынялі роўнацэнную з намі веру праз апраўданне Бога нашага й Збавіцеля Езуса Хрыстуса.*
2 Прасьвяда вам і супакой хай прымножыцца праз пазнанне Бога і Хрыстуса Езуса Ўсеспадара нашага.
3 Як сіла ягоная абдарыла нас усім тым, што патрэбнае да пабожнага жыцьця, даючы пазнаць таго, каторы нас паклікаў собскай славай і цнотай
4 якія нас абагацілі велічнымі абяцаннямі стацца празь іх удзельнікамі Божай натуры, ухінуўшыся ад похатнага сапсуцьця ў сьвеце,*
5 то і вы, не шкадуйце ўсякіх старанняў грунтаваць вашу веру на цноце, цноту на развазе,
6 развагу на паўстрымнасьці, паўстрымнасьць на цярплівасьці, цярплівасьць на пабожнасьці,
7 пабожнасьць на браталюбсьцьве, браталюбства на любасьці (Бога).
8 Вось гэта ўсё калі ў вас ёсьць і-то паддастаткам, дык вы не астанецеся бязьдзейнымі й бескарыснымі ў пазанні Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса;
9 а ў каго няма гэтага, той сьляпы, недабачваючы забыўся аб ачышчэнні старых сваіх грахоў.
10 Дзеля гэтага старайцеся, браткі, добрымі ўчынкамі што-раз болей апэўніваць пакліканне й выбранне вашае; гэтак паступаючы, ніколі ня згрэшыце.*
11 Гэткім чынам ушчодрыцца вам уваход у вечнае Валадарства Ўсеспадара нашага й Збавіцеля Езуса Хрыстуса.
12 Таму-то я ніколі не перастану аб гэтым напамінаць вам, хоць вы й ведаеце гэта ды уцьверджаны ў гэтай праўдзе.
13 Лічу маім абавязкам — пакуль знаходжуся ў гэтай будыніне (цела)* — пабуджаць вас напамінам,
14 будучы пэўным, што хутка пакіну маю будыніну, як і Госпад наш Езус Хрыстус выявіў мне (Ян. 21:18−19).*
15 Але буду старацца, каб вы і пасьля майго адыходу маглі заўсёды прыпамінаць сабе гэтыя рэчы.
16 Мы бо вам спавясьцілі моц і прыйсьцё Ўсеспадара нашага Езуса Хрыстуса не з хітравыдуманых басьняў, а з аглядання собскімі вачыма ягонай велічы.
17 Бо-ж як ён атрымоўваў ад Бога Айца чэсьць і хвалу ў зыйходзячым на яго з чароўнай (воблачнай) глёрыі голасе: «Гэты ёсьць Сын мой улюблёны, ў якім мая мілаўпадоба, яго слухайце» (Мг. 17:5),
18 дык мы той голас зь неба чулі, будучы на сьвятой гары.*
19 Дый маем мацнейшу мову прароцкую і вы добра робіце, што зьвяртаецеся да яе як да сьветача, зіяючага ў цёмным месцы, пакуль не разаднее ды ня ўзойдзе зараніца ў сэрцах вашых;
20 толькіж памятайце перш-за-ўсё аб тым, што ніякага прароцтва ў Пісанні ня можна выкладаць самавольна.
21 Бо ня людзкою воляю прароцтва было калісь спавяшчана, але Духам Святым натхнёныя мужы Божыя яго пераказвалі.*
2 Петра 1 глава в переводах