Библия » Пераклад П. Татарыновіча
2 Коринфянам 12 глава
1 Калі выпадае хваліцца (ды яно й некарысна), перайду да візыяў ды аб’яваў Госпада.
2 Знаю чалавека ў Хрыстусе, які перад чатырнаццацю гадамі (ці ў целе — ня ведаю, ці па-за целам — ня ведаю: Бог ведае), захоплены быў да трэцяга неба.
3 І ведаю, што чалавек той (у целе, ці па-за целам, ня ведаю: Бог ведае),
4 перажыў райскую візыю і чуў таёмныя словы, якіх чалавеку нельга перасказаць.
5 Гэтым хваліцца магу, сабоюж не пахвалюся, хіба толькі слабасьцямі маімі.
6 Каліб навет захацеў хваліцца, дык не без розуму, бо сказаўбы праўду; але я стрымоўваюся, каб хто не падумаў аба мне болей, чым у-ва мне бачыць, або ад мяне я ня чуе.
7 А каб я занадта ня выносіўся дзеля велічы аб’яваў, дадзены мне бадыль у цела, анел шатана, каб дрочыў мяне, каб я ня вывышаўся.
8 Тройчы маліў я Ўсеспадара, каб яго аддаліў ад мяне;
9 але Ён адказаў мне: «Хопіць табе ласкі Мае, моц бо давяршаецца ў слабасьці». Таму вось ахватней буду хваліцца сваімі слабасьцямі, каб увайшла ў мяне сіла Хрыстусава.
10 І таму я пагоднай душы і ў слабасьцях, у пагардзе, у нястачах, у прасьледах, у прыгнобах за Хрыстуса: бо калі я немачны, тады дужы.
11 Хвалячыся, я выдаўся нетактоўным: вы мяне да гэтага прымусілі; бо-ж вы павінны былі мяне хваліць, я бо ў нічым ня быў горшы за гэных вялікіх апосталаў, хоць я й нішто.
12 Доказы майго апастольства я выказаў вам вытрываласьцю ў цярпеннях, знакамі, цудамі, чынамі.
13 Што бо у вас, чым вы горшыя за другія эклезіі? Хіба тым толькі, што сам я ня быў вам цяжарам? Даруйце мнегэту крыўду!
14 Вось трэці раз я гатовы прыйсьці да вас і ня буду вам цяжарам, я бо шукаю не таго, што вашае, але — вас; бо-ж ня дзеці павінны багаціць бацькоў, але бацькі дзяцей.
15 Я вельмі ахвотна буду вытрачвацца із свайго і навет сябе самога выдам за вашыя душы; хоць, чым-болей люблю вас, тым менш вы любіце мяне.
16 Але хай сабе — сам я вас не абцяжваў, алеж...як хітрун, моў подступам з вас цягнуў...
17 Выкарыстваў мо вас праз каго з тых, што пасылаў к вам?
18 Прасіў я Тытуса і паслаў зь ім аднаго з братоў. Ці Тытус выкарыстаў вас у чым? Ціж не ў вадным духу й ня тыміж сьлядамі мы паступалі?
19 Зноў мо думаеце, што мы апраўдваемся перад вамі? Перад Богам у Хрыстусе мы гаворым і ўсё для вашага, найдаражэйшыя, павучэння.
20 Баюся бо, каб, зноў прыйшоўшы, не знайсьці вас такімі, якіх не жадаўбы, дый вы, каб не спаткалі мяне такім, якім не хацеліб: каб не знайсьці ў вас калатні, зайздрасьці, гневу, спрэчак, абгавораў і нагавораў, пыхі ды бязладзьдзя;
21 каб, як ізноў прыйду, не панізіў мяне Бог мой у вас ды не аплакваў я многіх із тых, што раней зграшылі, а не пакаяліся за нячыстасьць, блудадзейства і бясстыдзтва, якіх дапусьціліся.
2 Коринфянам 12 глава в переводах