Библия » Пераклад П. Татарыновіча
Евреям 12 глава
1 Таму вось і мы, маючы навокал сябе гэткую хмару сьветкаў, скіньма з сябе ўсякі цяжар і грэх, што так лёгка нас абмотвае, ды сьпяшэм вытрывала на прызначаную нам арэну змагання.
2 І ўзіраймася на Езуса, галаву і дасканалючага завяршальніка веры, які маючы прад сабою радасьць, узяў крыж, ня гледзячы на зьняважлівую пагарду і засеў праваруч Божага пасаду.
3 Тож падумайце тады шчыра аб тым, каторы гэтулькі перацярпеў проці сябе дзікаварожых супраціваў ад грэшнікаў, каб не слабелі духам.
4 Выж яшчэ не проціставіліся да крыві проці граху,
5 а (мо) забыліся аб пацяшанні вас, як сыноў: «Сыне мой, ня будзь абыякавым да напамінаў Госпадавых, ані не падай духам, як цябе карае,
6 Госпад бо таго карае, да каго міласьць мае, не шчадзіць удараў таму, каго за сына ўважае» (Прып. 3:11).
7 трывайце ў карнасьці. Бог зьвяртаецца да вас, як да сыноў, а дзеж ёсьць сын, якога б не караў бацька?
8 Каліж астаецеся без дысцыпліны, выхаванкамі якое ёсьць усе, дык знача не зьяўляецеся сынамі, але дзецьмі няпраўнымі.
9 А зрэштай, калі нашые цялесные айцы каралі нас, а шанавалі мы іх, дык ціж ня з большай адданасьцю Айцуу духаў павінны мы жыць?
10 Тамтые, як самы зналі так нас дысцыплінавалі, праз кароткі час, а Гэты — каб зрабіць нас удзейнікамі Ягонай сьвятасьці.
11 Праўда, сур’ёзная дысцыпліна, то абыдна сьпярша пасумны, заміж пагоднага, наводзіць настрой, затое пазьней тым, што дазналі яе на сабе, прыносіць цэнны плод праведнасьці.
12 Выпрастуйце тады вашы ашляглыя рукі й стомленыя калені
13 ды прастуйце сьцежкі вашые, каб кульгавые ня зьбіваліся з дарогі, а лепш выдужалі.
14 Старайцеся шчыра трымаць з усімі супакой-згоду ды дбайце аб сьвятасьці, безь якое ніхто ня ўбачыць Госпада.
15 Пільнуйце, каб ніхто не застаўся без ласкі Божай, каб які горкі корэнь, пусьціўшы парасткі ўгору, не нарабіў закалоту, заражаючы многіх;
16 каб не знайшоўся які распусьнік, або профан (паганец) як той Эзаў, што за адну страву прадаў сваё першародзтва.
17 Хібаж ведаеце, што потым, як ён хацеў атрымаць багаслаўленства, дык быў адкінуты, бо ня мог асягнуць зьмены (бацькавай пастановы), хоць зы сьлязьмі прасіў.
18 Вы-ж бо ня прыступалі да гары, да якое можна было рукою дакрануцца, ані да вагню палкага, ані занураліся ў хмарную цемру нвальнічную;
19 ані ўслухаліся ў гук сурмы і голас мовы, ад слухання якое (людзі) адпрашваліся;
20 не маглі бо зьнесьці наказу: «навет і жывёліна, каліб да гары дакранулася, будзе ўкамянаваная» (Выйсь. 19:13).
21 І так жахлівая была гэная зьява, што Майжэш сказаў: «Я цэлы ад страху дрыжу» (Паўт. Пр. 9:19).
22 Але вы паступілі да гары Сыёну, да места Бога жывога, нябеснага Ерузаліму, да мірыядаў Анёлаў,
23 на соленную скупу-збор вялізны радасны эклезіі першародных рэгістраваных у небе і да Бога, судзьдзі ўсіх, да духаў людзей справядлівых, асягнуўшых дасканальнасьць;
24 да Езуса пасярэдніка Новага Запавету (Тэстамэнту) і да крыві ачышчэння, што прамаўляе лепш, чым Аблява.
25 Глядзеце, не адвяртайцеся ад Таго, хто прамаўляе; калі бо тамтых, што зракліся прамаўляўшага да іх на зямлі, ня мінула кара, далёка горэй будзе з намі, каліб адвярнуліся ад Яго, прамаўляючага цяпер да нас зь неба.
26 Голас ягоны тады ўзварухнуў землю, а і цяпер запавяшчае, кажучы: «Яшчэ раз устрасану ня толькі землю, але й неба» (Агг. 2:7).
27 Гэтае «яшчэ раз» абазначае перамену рэчаў падпалых пад зьмяняльны рух, тады як яны створаны, каб аставаліся непахіснымі, ненарушнымі.
28 Таму вось мы прыняўшы валадарства непахіснасьці ўдзячна карыстайма з ласкі, стараючыся Богу ўспадобным культам і богабоязьзю служыць.
29 Бог бо наш — агонь, што травіць (Другзак. 4:24).
Евреям 12 глава в переводах