Читай и изучай

Библия » Пераклад П. Татарыновіча

Евреям 9 глава

1 Праўду кажучы, то і першы запавет (сьвятарства) быў не без уставаў адносна багаслужбы й сьвятыні зямное,
2 першатвор у палатцы (tabernakulum) шчэ на пустыні, і ў ім ужо быў сьвечнік і стол і хлябы пакладные: гэта звалася «Святое».
3 А за другою заслонаю — ўласьцівае tabernakulum Святое Святых,
4 меўшае залатую кадзільніцу і арку (кораб) запавету, з усіх бакоў абложаны золатам, а ў ім шчыразалатая судзіна з маннаю ды паліцай Аарона, што калісь была расьцьвіла, а такжа табліцы запавету.
5 Над аркаю-ж Хэрубіны хвалы з разгорнутымі крыльлямі ацянялі благальню, аб чым цяпер няма патрэбы дакладней гаварыць.
6 І калі ось гэтак было ўладжана ў першае месца Святое ўваходзілі абыдна сьвятары выконваючые службу Божую.
7 А да Святога Святых увайходзіў толькі адзін раз у год архісьвятар, і то не без крыві, якую ахвяроўваў за свае і людзкіе пахібы.
8 Праз тое бо, зазначаў Дух Святы, пакуль стаіць першае tabernakulum, дарога да сьвятасьці яшчэ не адкрыта.
9 А было гэта падабенства да нашых часаў, паказваючае, што дары й ахвяры, якія ахвяроўваюцца, ня могуць зрабіць дасканалым ў сумленні таго, хто выконвае службу Божую.
10 Што гэта ёсьць загады цялесные датычна страваў і напіткаў ды розных абмыванняў, устаноўленых да пары адмены іх.
11 Але Хрыстус стаўся Усесьветарам дабра будучага праз вышэйшае й дасканалейшае taberbakulum, ня рукою ўтворанае, г.зн. сьвятыняй ня з гэтага сьвету,
12 ды не праз кроў казлоў і цялят, але праз уласную кроў увайшоў раз назаўсёды ў сьвятыню, даканаўшы вечнае адкупленне.
13 Бо калі кроў валоў і казлоў ды попел з ялавіцы пакрапіўшые нячыстых ачышчалі і усьвячвалі,
14 то на колькіж болей кроў Хрыстуса, які Духам вечным прынёс сябе самога Богу прачыстым, ачысьціць наша сумленне ад мяртвых дзел, каб служылі Богу жывому!
15 Дзеля гэтагаж ён і ёсьць пасярэднікам Новага Запавету, каб праз ахвяраваную сьмерць для адкуплення праступстваў, дакананых за Першага Запавету, выбраные атрымалі абяцанае спадкаемства вечнае.
16 Бо дзе ёсьць тэстамэнт, там мусіць наступіць сьмерць тэстатара,
17 тэстамэнт бо ўходзіць у сілу з хвілінаю сьмерці, інакш ня мае значэння, пакуль жыве тэстатар.
18 Таму і першы не без крыві быў замацаваны.
19 Бо і Майжэш, па аглашэнні цэламу народу ўсіх сваіх уставаў Законам, узяў кроў цялят і казьлят зьмяшаную з вадою, шкарлятнай воўнай і гіззопам ды, пакрапіўшы самую кнігу, пакрапіў і ўвесь народ,
20 кажучы: «Гэта ёсьць кроў Запавету, які паслаў вам Бог» (Выйсьць. 24:8).
21 такжасама акрапіў і tabernakulum (намёт сьвятыні) і ўсё служэбнае судзьдзё.
22 І амаль усё водле Права ачышчаецца крывёю, а без праліцьця крыві няма адпушчэння.
23 Калі восьжа трэба гэткім чынам ачышчаць тое, што было толькі сымбалем нябеснага, дык самае нябеснае вымагала без параўнання вышэйшых ахвяр.
24 Бо Хрыстус не ўвайшоў да тае сьвятыні, збудаванае рукамі, быўшай толькі вобразам праўдзівай, але да самага неба, каб ставіцца за нас прад абліччам Ьожым.
25 Не ўвайшоў тож, каб ня раз меў ахвяроўваць самога сябе, як архісьвятар, што раз-у-год увайходзіць у Святое-Святых з крывёю не сваёю.
26 Інакш бо мусеўбы ён сукротна цярпець ад пачатку сьвету. Але ён цяпер, на канцы вякоў, зьявіўся раз для паканання граху праз ахвяраванне сябе.
27 А як людзям пастаноўлена раз умерці, а потым суд,
28 гэтак і Хрыстус: раз прынёсшы сябе ў ахвяру, каб панесьці грахі многіх, другі раз без граху ўкажацца тым, што чакаюць яго для збаўлення.
Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.