Читай и изучай

Библия » Пераклад Сабілы і Малахава

От Марка 12 глава

1 І пачаў гаварыць да іх у прыпавесьцях: чалавек насадзіў вінаграднік і абгарадзіў яго і выкапаў таўчэльню і пабудаваў вежу, і даручыў яго вінаградарам, і адлучыўся ў другую краіну.
2 І паслаў да вінаградараў у (свой) час раба, каб (той) у вінаградараў узяў пладоў зь вінаградніку.
3 Але яны, схапіўшы яго зьбілі і адаслалі ні з чым.
4 Тады (ён) ізноў паслаў да іх другога раба: і таго, зьбіўшы камянямі, разьбілі галаву і адаслалі зьняважыўшы.
5 І ізноў другога паслаў: і таго забілі. І многіх іншых: адных зьбівалі, другіх забівалі.
6 І маючы аднаго свайго любага сына, урэшце яшчэ і яго паслаў да іх, кажучы: паўстыдаюцца сына майго.
7 Але гэныя вінаградары сказалі адзін воднаму: гэты ёсьць спадкаемец; пойдзем, заб’ем яго, і спадчына будзе нашая.
8 І, схапіўшы яго, забілі і выкінулі прэч зь вінаградніку.
9 Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Прыйдзе ды пазабівае вінаградараў, і аддасьць вінаграднік другім.
10 Няўжо (вы) ня чыталі гэтага ў Пісаньні?: «Камень, Які адкінулі будаўнічыя, Ён стаўся Галавою вугла.
11 Ад Госпада сталася гэта і (гэта) дзіўна ў вачах нашых». (Пс. 118:22−23)
12 І памыкаліся схапіць Яго, але збаяліся народу; бо ўразумелі, што пра іх сказаў прыповесьць; і пакінуўшы Яго, адыйшлі.
13 І падсылаюць да Яго нікаторых хварысэяў і гірадзіянаў, каб падлавілі Яго на слове.
14 І яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўнік! (мы) ведаем, што Ты справядлівы, і ня дагаджаеш нікому, бо ня глядзіш на аблічча людзей, але па праўдзе шляху Божаму вучыш. Ці дазваляецца даваць падатак кесару ці не?
15 Даваць ці ня даваць? Ён жа, ведаючы іх крывадушнасьць, сказаў ім: што спакушаеце Мяне? Прынясіце Мне дынар, каб (Я) убачыў (яго).
16 І яны прыне́сьлі. І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс? І яны сказалі Яму: кесаравыя.
17 І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: аддавайце кесаравае кесару, а Божае Богу. І зьдзівіліся зь Яго.
18 І прыходзяць да Яго саддукеі, якія кажуць, (што) уваскрасеньня няма, і запыталі Яго, кажучы:
19 Настаўнік! Масей напісаў нам, што калі чый-небудзь брат памрэ, і пакіне жонку, а дзяцей ня пакіне, дык каб брат ягоны ўзяў жонку ягоную і адрадзіў семя брату свайму.
20 Сем братоў было: і першы ўзяў жонку і, паміраючы, ня пакінуў дзяцей;
21 і другі ўзяў яе і памёр, і ён ня пакінуў насеньня, гэтаксама і трэйці.
22 І бралі яе сямёра, і ня пакінулі семяні. Пасьля ўсіх памерла і жонка.
23 Дык вось, пры ўваскрасэньні, калі ўваскрэснуць, каторага зь іх будзе яна жонкаю, бо сямёра мелі яе за жонку?
24 І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: ці ня з-за таго вы памыляецеся, ня ведаючы Пісаньня, ні сілы Бога?
25 Бо калі ўваскрэснуць ізь мёртвых, (то ўжо) ня жэняцца, ня выходзяць замуж, але прабываюць, як Ангелы на Нябёсах.
26 А пра мёртвых, што яны ўваскрашаемы, хíба (вы) ня чыталі ў кнізе Масея, калі Бог сказаў яму каля цярнёвага кусту, кажучы: Я Бог Абрагамаў і Бог Ісагакаў, і Бог Якубаў?
27 Ён ёсьць ня Бог мёртвых, але Бог жывых. Пагэтаму вы дужа памыляецеся.
28 І падыйшоўшы адзін із кніжнікаў, пачуўшы іхныя спрэчкі, уразумеўшы, што Ісус правільна ім адказаў, спытаўся ў Яго: якое першае з усіх прыказаньняў?
29 Ісус жа адказаў яму: першае з усіх прыказаньняў: слухай Ізраэль! Госпад, Бог наш, ёсьць Госпад адзіны;
30 і палюбі Госпада, Бога твайго, ад усяго сэрца твайго і ад усёй душы тваёй, і ад усяго розума твайго, і ад усёй сілы тваёй. Гэта першае прыказаньне.
31 І другое падобнае яму: палюбі бліжняга твайго, як самога сябе. Больш за гэтыя другога прыказаньня няма.
32 І сказаў Яму кніжнік: добра, Настаўнік! Праўду сказаў Ты, што адзін ёсьць Бог і няма другога, акрамя Яго,
33 і любіць Яго ад усяго сэрца, і ад усяго разуменьня, і ад усёй душы, і ад усёй сілы, і любіць бліжняга, як само́га сябе — больш за ўсіх усеспаленьняў і ахвяраў.
34 І Ісус бачучы, што ён разумна адказаў, сказаў яму: нядалёка ты ад Валадарства Бога. І ніхто ўжо ня адважваўся задаваць Яму пытаньні.
35 І пачаўшы гаварыць Ісус казаў, навучаючы ў Сьвятыні: на якой падставе кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсьць Сын Давідавы?
36 Бо сам Давід сказаў у Духу Сьвятым: сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх падножжам Ног Тваіх?
37 Дык сам Давід называе Яго Госпадам. І як жа Ён Сын яму? І мноства народу слухала Яго з асалодаю.
38 І казаў ім у вучэньні Сваім: асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх вопратках і (прынімаць) вітаньні на народных сходах,
39 і першыя мейсцы ў сынагогах, і ляжаць на першых мейсцах на гасьцінах,
40 якія пажыраюць дамы ўдоваў і напаказ доўга моляцца: яны атрымаюць большую асу́ду.
41 І, сеўшы насупраць скарбніцы, Ісус назіраў, як народ кíдае медзякí ў скарбніцу. І многія багатыя кíдалі шмат.
42 І падыйшоўшы адна бедная ўдава кінула дзьве лепты, што ёсьць кадрант.
43 І паклікаўшы вучняў Сваіх (Ісус) кажа ім: Праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх тых, што кінулі ў скарбніцу.
44 Бо ўсе кінулі ад лішкаў сваіх, а яна ад нястачы сваёй усё, што мела: увесь пражытак свой.

От Марка 12 глава в переводах

RU BY UA EN DE LAT

Обратите внимание. Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов. Попробуйте, возможно, вы будете приятно удивлены.