Библия » Пераклад Сабілы і Малахава
От Луки 16 глава
1 Казаў жа і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты, каторы меў аканома, але на яго данесьлі яму, што растрачвае маёмасьць ягоную.
2 І, паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта (я) чую пра цябе? дай справаздачу пра аканомства тваё: бо (ты) больш ня можаш гаспадарыць.
3 Тады аканом сказаў сам сабе: што (мне) рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне аканомства? капаць ня магу, жабраваць саро́млюся;
4 ведаю, што зраблю, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі буду адхілены ад аканомства.
5 І, паклікаўшы даўжнікоў гаспадара свайго кожнага паасобку, казаў першаму: сколькі (ты) вінен гаспадару майму?
6 Ён жа сказаў: сто мер алею. І сказаў яму: вазьмі тваю распіску і, сеўшы, хутчэй напішы: пяцьдзясят.
7 Потым сказаў другому: а ты колькі вінен? Ён жа сказаў: сто мер пшаніцы. І кажа яму: вазьмі тваю распіску і напішы: восемдзясят.
8 І пахваліў гаспадар няправеднага аканома, што (той) дагадліва ўчыніў, бо сыны веку гэтага дагадлівей за сыноў сьвятла ў родзе сваім.
9 І Я кажу вам: здабывайце сабе сяброў багацьцем няправедным, каб калі кончыце (жыцьцё), (яны) прынялі вас у вечныя сялібы.
10 Верны ў найменшым і ў многім верны, а няверны ў найменшым і ў многім няверны.
11 Дык вось калі (вы) у няправедным багацьці ня былі верныя, хто вам даверыць сапраўднае?
12 І калі ў чужым (вы) ня былі верныя, хто вам дасьць вашае?
13 Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе нянавідзець, а другога любіць, ці аднаму будзе рупліва служыць, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне.
14 Чулі ж гэта ўсё і хварысэі, якія былі срэбралюбівымі, і сьмяялісь зь Яго.
15 Але Ён сказаў ім: вы паказваеце сябе праведнымі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя, бо што ў людзей высокае, тое агіда перад Богам.
16 Закон і Прарокі — да Яана; з таго часу Каралеўства Бога дабравесьціцца, і кожны сілаю ўваходзіць у яго.
17 Лягчэй жа небу і зямлі зьнікнуць, чым зьнікнуць (хоць) адной рысачцы з Закону.
18 Усякі, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і жэніцца з другой, той пералюбадзейнічае; і ўсякі, хто бярэ ў жоны разьведзеную з мужам, пералюбадзейнічае.
19 Адзін чалавек быў багаты і апранаўся ў парфіру і бісон і кожны дзень раскошна банкетаваў.
20 І быў адзін убогі, імем Лазар, які ляжаў ля варот ягоных, пакрыты струпамі.
21 І прагнуў наесьціся крошак, што падалі са стала багацея; прытым і сабакі, прыходзячы, лізалі струпы ягоныя.
22 І сталася: памёр убогі, і быў аднесены Ангеламі на лано́ Абрагамавае; памёр і багацей, і пахавалі яго;
23 і ў пекле, будучы ў муках, узьняўшы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на лоне ягоным.
24 І ён, загаласіўшы, сказаў: тата Абрагаме! зьлітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб (ён) абмачыў канец пальца свайго ў вадзе і астудзіў язык мой, бо (я) мучуся ў полымі гэтым.
25 Сказаў жа Абрагам: дзіця! прыпомні, што ты (ужо) атрымаў добрае тваё ў жыцьці тваім, а Лазар гэтак жа благое; цяпер жа тут (ён) суцяшаецца, а ты пакутуеш;
26 ды да таго ўсяго між намі і вамі ўстаноўлена вялікая прорва, так што, хто хоча перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, таксама і адтуль да нас ня пераходзяць.
27 (Ён) жа сказаў: дык прашу цябе, тата, каб (ты) паслаў яго ў дом бацькі майго.
28 Бо ў мяне пяць братоў: хай (ён) засьведчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае мейсца мучэньня.
29 Кажа яму Абрагам: у іх ёсьць Масей і Прарокі, няхай слухаюць іх.
30 Ён жа сказаў: не, тата Абрагаме, але калі хто з умершых прыйдзе да іх, пакаюцца.
31 Тады (Абрагам) сказаў яму: калі Масея і Прарокаў ня слухаюць, нават калі б хто (і) з умершых уваскрос, ня павераць.
От Луки 16 глава в переводах